У Бранскай вобласьці Расеі зноў дывэрсія на чыгунцы

Ілюстрацыйнае фота. Скрыншот зь месца папярэдняй аварыі ў Бранскай вобласьці 1 траўня: грузавы цягнік, якім кіравала беларуская брыгада, пусьцілі пад адхон

У Бранскай вобласьці Расеі зноў падарвалі чыгуначныя шляхі, з рэек сышлі лякаматыў і грузавыя вагоны.

Пра гэта паведамляе РБК са спасылкай на крыніцы.

Mash піша, што інцыдэнт адбыўся каля станцыі Сьняжэцкая на выезьдзе з Фокінскага раёну. Тэлеграм-канал Baza сьцьвярджае, што ў момант праходжаньня грузавога цягніка адбыліся адразу тры выбухі.

У «Расейскіх чыгунках» пазьней пацьвердзілі падрыў шляхоў. Інцыдэнт адбыўся ў 19:47 на неэлектрыфікаваным аднашляховым перагоне Сьняжэцкая — Белыя Берагі ў Бранскай вобласьці. Паводле папярэдніх дадзеных, пацярпелых няма, адкрытага гарэньня няма. Рух на ўчастку прыпынены.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявіліся новыя дэталі дывэрсіі на чыгунцы на Браншчыне: было тры выбухі; беларусы, што кіравалі цягніком, не пацярпелі

Да сходу з рэек лякаматыву і вагонаў, як заявілі ў «Расейскіх чыгунках», прывяло «ўмяшаньне староньніх асобаў у працу чыгуначнага транспарту». Губэрнатар Бранскай вобласьці Аляксандар Багамаз заявіў, што «спрацавала неўстаноўленае выбуховае прыстасаваньне», пацярпелых няма.

Папярэдні падрыў чыгуначных шляхоў у Бранскай вобласьці адбыўся 1 траўня. Цеплавоз належаў Беларускай чыгунцы. У Мінтрансе Беларусі заявілі, што цягнік № 2528 рухаўся са станцыі Гомель у Бранск. У складзе цягніка было 78 вагонаў, ад выбуху сышлі з рэек 8 вагонаў. Лякаматыўная брыгада, як падкрэсьлілі ў Мінтрансе Беларусі, не пацярпела.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нападаць не зьбіраюцца, але дывэрсантаў засылаюць. Навошта Лукашэнку атмасфэра шпіёнаманіі