Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьявіліся новыя дэталі дывэрсіі на чыгунцы на Браншчыне: было тры выбухі; беларусы, што кіравалі цягніком, не пацярпелі


Скрыншот зь месца аварыі, які разышоўся па сацыяльных сетках. Пушчаны пад ахон грузавы цягнік, Бранская вобласьць Расеі, 1 траўня 2023
Скрыншот зь месца аварыі, які разышоўся па сацыяльных сетках. Пушчаны пад ахон грузавы цягнік, Бранская вобласьць Расеі, 1 траўня 2023

Губэрнатар Бранскай вобласьці Расеі Аляксандар Багамаз паведаміў дэталі здарэньня з цягніком, якім кіравала беларуская брыгады.

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко і губэрнатар Бранскай вобласьці Аляксандр Багамаз па тэлефоне абмеркавалі падрабязнасьці здарэньня на чыгуначным перагоне Унеча — Расуха, паведамляе тэлеграм-канал «Гомельшчына афіцыйна».

Па словах Аляксандра Багамаза, супрацоўнікі брыгады не пацярпелі і цяпер у поўным парадку. Пасьля ўсіх сьледчых мерапрыемстваў — зусім хутка — гомельскі экіпаж вернецца дадому.

У сваю чаргу Іван Крупко запэўніў губэрнатара Бранскай вобласьці, што гатовы аказаць любую дапамогу, якая патрэбна для расьсьледаваньня здарэньня.

Першага траўня ў Бранскай вобласьці Расеі ад выбуху сышоў з рэек цягнік з 78 вагонамі, які перавозіў нафтапрадукты і піламатэрыялы. Пазьней высьветлілася, што цягніком кіравалі кіравалі беларускія машыністы. Улады Бранскай вобласьці заявілі, што прычынай сыходу цягніка з рэек стала «ўмяшаньне староньніх асобаў».

На месцы аварыі — пажар, працуюць экстраныя службы. Рух на ўчастку прыпынены. Кіраўніцтва расейскай чыгункі назвала здарэньне «ўмяшаньнем староньніх асобаў».

Новыя дэталі выбуху на чыгунцы на Браншчыне

Агулам было тры выбухі, магутнасць асноўнага склала 10 кг у тратылавым эквіваленце. Два іншыя прыкладна па 200 грам. Выбухам разбурана частка рэйкі каля 6 мэтраў і 4 бэтонныя шпалы. Утварылася варонка каля 2,5 м глыбінёй і каля 1,5 м у дыямэтры, піша Baza. Цеплавоз і 4 вагоны згарэлі. З бакаў выцекла 12 тон дызэльнага паліва.

Спэцслужбы зрабілі фотаробат падазраванага. Да чыгункі ён нібыта прыехаў на ровары з чорным заплечнікам. Учора расейскія тэлеграм-каналы паведамлялі пра двух падазраваных.

Меркаваная дывэрсія за 50 кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю

Інцыдэнт здарыўся на адлегласьці каля 50 кілямэтраў ад беларускай мяжы.

Супольнасьць беларускіх чыгуначнікаў паведаміла, што цеплавоз, падарваны на 136 кілямэтры перагону Унеча — Расуха, прыпісаны да ТЧ-8 Гомель Беларускай чыгункі, участак Гомель — Бранск абслугоўваецца сумесна лякаматывамі і лякаматыўнымі брыгадамі як расейскага, так і беларускага бакоў.

Пазьней Міністэрства транспарту Беларусі пацьвердзіла, што цягнік, які пусьцілі пад адхон у Расеі, быў сфармаваны ў Беларусі.

Паводле Мінтрансу, выбухоўка спрацавала за 50 м ад цягніка №2528, які накіроўваўся са станцыі Гомель на станцыю Бранск. У выніку выбуху сышлі з рэек 8 вагонаў. Лякаматыўная брыгада не пацярпела, гаворыцца ў паведамленьні Мінтрансу.

Аднак адмыслоўцы, аналізуючы фота зь месца здарэньня, выказваюць асьцярогі наконт стану здароўя лякаматыўнай брыгады.

«Улічваючы пашкоджаньні цеплавоза, атрыманыя ў выніку выбуху, а таксама поўную адсутнасьць у кабіне машыніста якіх-небудзь траўмавыключальных тэхнічных рашэньняў, можна падвергнуць сумневу заявы расейскіх прадстаўнікоў улады аб адсутнасьці пацярпелых у выніку гэтага інцыдэнту», — паведамляе Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі.

  • Бранская вобласьць мяжуе з Украінай, ад горада Унеча да ўкраінскай мяжы прыкладна 50 кілямэтраў. Пасьля пачатку паўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну летась некалькі разоў паведамлялася аб выбуховых прыладах, якія спрацавалі на чыгуначных шляхах у вобласьці.
  • У прыватнасьці, у кастрычніку летась выбух здарыўся на перагоне паміж станцыямі Навазыбкаў і Злынка. Пацярпелых не было, Украіна афіцыйна ня брала на сябе адказнасьць за здарэньні, якія адбываюцца і ў іншых прымежных рэгіёнах Расеі. Адказнасьць за частку зь іх бяруць групы, якія называюць сябе партызанамі, іх удзельнікі выступаюць супраць вайны.
  • Расейскія спэцслужбы пасьля пачатку вайны неаднаразова абвяшчалі пра затрыманьне падазраваных у падрыхтоўцы дывэрсій на чыгунках. У паведамленьнях ФСБ рэгулярна фігуруюць нібыта «ўкраінскія куратары», на заданьне якіх падазраваныя нібыта рыхтавалі выбухі на чыгунках.
  • У сярэдзіне красавіка «Медиазона» падлічыла, што ў справах аб дывэрсіях на чыгунках у Расеі затрымалі больш за 65 чалавек, кожны трэці зь іх — непаўналетні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG