Ціханоўскай у Ірляндыі ўручылі адну з самых прэстыжных узнагарод у Эўропе за падтрымку міру

Сьвятлана Ціханоўская удзельчае ў акцыі «Чарнобыльскі шлях» у Вільні, 26 красавіка 2023

Міжнародная прэмія міру Тыпэрэры (Tipperary International Peace Award) з 1983 году ўручаецца штогод палітыкам і грамадзкім дзеячам, якія ўнесьлі значны ўклад у справу міру і заахвочваньня правоў чалавека.

Сярод іншых выдатных грамадзкіх дзеячаў, якія раней атрымлівалі ўзнагароду Tipperary за сваю працу ў духу міру і прымірэньня, — прэзыдэнт Паўднёвай Афрыкі Нэльсан Мандэла, былы генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун і былы прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан.

Марцін Куін, ганаровы сакратар Міжнароднай мірнай канвэнцыі Tipperary, пракамэнтаваў сёлетняе рашэньне:

«Катаваньні і жорсткае абыходжаньне з мужчынамі, жанчынамі і дзецьмі ў Беларусі, нараўне з сыстэмай несправядлівых і закрытых судовых працэсаў і турэмным зьняволеньнем тых, хто выступае супраць рэжыму, пра што гаварыла сп-ня Ціханоўская, высьвецілі жорсткасьць рэжыму Лукашэнкі і яго расправу з пратэстоўцамі і тымі, хто выступае супраць улады».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў Бэрліне выступіла з прамовай аб свабодзе: «Без свабоднай Украіны ня будзе свабоднай Беларусі»

2 траўня Сьвятлана Ціханоўская, завочна асуджаная да 15 гадоў пазбаўленьня волі, выступіла з прамовай з нагоды атрыманьня Міжнародная прэмія міру Тыпэрэры 2022 году. Сярод іншага, палітык падзякавала за ўзнагароду і адзначыла, што належыць яна ня толькі ёй, а таксама «мільёнам свабодалюбівых беларусаў».

«Я хачу прысьвяціць гэтую ўзнагароду ўсім тым, у каго забралі свабоду: майму мужу Сяргею Ціханоўскаму, пакаранаму 19,5 гадамі зьняволеньня, маёй сяброўцы Марыі Калесьнікавай, асуджанай да 11 гадоў пазбаўленьня волі, Віктару Бабарыцы — да 14 гадоў, Ігару Лосіку — да 15 гадоў, Міколу Статкевічу — да 14 гадоў, ляўрэату Нобэлеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму — да 10 гадоў зьняволеньня. Тысячам нашых палітычных зьняволеных і іх сем’ям.

Дзякуючы гэтай узнагародзе яны будуць ведаць, што яны не самотныя ў сваёй барацьбе, што Ірляндыя стаіць на іх баку.

На пратэстах у Беларусі мы скандавалі: „Верым, Можам, Пераможам“. Бачачы, якую падтрымку мы атрымліваем ад вас і ад людзей па ўсім сьвеце, я не сумняваюся ў нашай перамозе. Дзякуй вам за вашую салідарнасьць».

Сьвятлана Ціханоўская ў дзяцінстве правяла час у Тыпэрэры, дзе атрымала падтрымку ад дабрачынных арганізацый, якія дапамагалі людзям з раёнаў, пацярпелых ад ядзернай радыяцыі пасьля чарнобыльскай аварыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў гадавіну аварыі на ЧАЭС асудзіла пляны разьмясьціць у Беларусі ядзерную зброю: «74% беларусаў супраць»

Падчас візыту ў Ірляндыю з 2 па 4 траўня Ціханоўская плянуе сустрэцца з прэм’ер-міністрам краіны, сьпікерамі абедзьвюх палат парлямэнту, а таксама наведаць месцы, зьвязаныя з Chernobyl Children International, празь які тысячы беларускіх дзяцей наведалі Ірляндыю.

Сьвятлана Ціханоўская таксама закране пытаньні рэабілітацыі дзяцей рэпрэсаваных і палітвязьняў, вызваленых зь месцаў пазбаўленьня волі, паслабленьня візавага рэжыму для беларусаў і ўдзелу Ірляндыі ў міжнароднай кампаніі супраць разьмяшчэньня ядзернай зброі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў Палаце лордаў: «Без свабоднай Беларусі немагчыма пабудаваць новую архітэктуру бясьпекі Эўропы»