«Колькасьць расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі цяпер значна меншая, чым гэта было яшчэ некалькі месяцаў таму. Раней, па нашых дадзеных, іх там знаходзілася каля 10 000–11 000. На дадзены момант гэта каля 2800 вайскоўцаў, якія, як правіла, задзейнічаныя на палігонах для навучаньня», — заявіў Андрэй Дземчанка.
Ён адзначыў, што пасьля завяршэньня навучаньня на тэрыторыі Беларусі падразьдзяленьні расейскіх войскаў вяртаюцца на тэрыторыю Расеі і далей адпраўляюцца на ўсход Украіны.
Паводле Дземчанкі, сытуацыя застаецца цалкам кантраляванай. Украінская памежная служба, падкрэсьліў ён, не фіксуе, што ў Расеі ёсьць ударная групоўка, якая магла б зрабіць уварваньне на тэрыторыю Ўкраіны зь Беларусі.
Пры гэтым Андрэй Дземчанка патлумачыў, што Ўкраіна працягвае ўмацоўваць як лінію мяжы, так і памежных тэрыторый, каб быць гатовай да розных сцэнароў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявіліся новыя дэталі дывэрсіі на чыгунцы на Браншчыне: было тры выбухі; беларусы, што кіравалі цягніком, не пацярпеліДапамога ўладаў Беларусі ў расейскай вайне супраць Украіны
Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што Беларусь удзельнічае ў «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» ва Ўкраіне, усяляк падтрымліваючы Расею, але «нікога не забіваючы». Гэтым тэрмінам расейскае, а ўсьлед за ім і беларускае кіраўніцтва называе поўнамаштабную вайну супраць Украіны, якую Расея пачала 24 лютага 2022 году. Разам з тым Лукашэнка часам называе разьвязаны Расеяй канфлікт вайной.
Улады ў Менску адмаўляюць удзел беларускай арміі ў баявых дзеяньнях на баку Расеі, у той жа час тэрыторыя Беларусі з пачатку ўварваньня, а таксама ў асобныя пэрыяды пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскай арміяй для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне.
Таксама ёсьць сьведчаньні таго, што Беларусь дапамагае Расеі зброяй: танкі і іншую бранятэхніку разам з боепрыпасамі актыўна вывозяць у Расею, хоць Мінабароны Беларусі сьцьвярджае, што тэхніку вывозяць на мадэрнізацыю.
У верасьні 2022 году беларускія ўлады абвясьцілі, што ў краіне створаць сумесную з Расеяй групоўку войскаў, з прычыны «неабходнасьці супрацьстаяць агрэсіўным намерам NATO і забясьпечваць абароназдольнасьць». Неўзабаве пасьля гэтага ў Беларусь пачалі прыбываць эшалёны з расейскімі вайскоўцамі і тэхнікай, пераважна тэнтаванымі «КамАЗамі» для перавозкі салдат.
Паводле беларускага Міністэрства абароны, групоўка ўключае ў сябе да 9 тысяч расейскіх вайскоўцаў, а таксама да 170 танкаў, да 200 браняваных машын, да 100 гармат.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь Беларусі вывелі тры МіГ-31К; прапаганда абвінаваціла прыяцеля сына Абельскай і даносчыка. Галоўнае з расьсьледаваньня ByPol пра Мачулішчы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Мінабароны Расеі назвалі «мэту» ўдару па Ўкраіне, у якім загінулі сама меней 19 мірных жыхароў