Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мінабароны Расеі назвалі «мэту» ўдару па Ўкраіне, у якім загінулі сама меней 19 мірных жыхароў


У выніку расейскага ракетнага ўдару ў Умані Чаркаскай вобласьці часткова разбураны жылы шматпавярховы дом, паводле апошніх зьвестак, загінулі сама меней 19 чалавек
У выніку расейскага ракетнага ўдару ў Умані Чаркаскай вобласьці часткова разбураны жылы шматпавярховы дом, паводле апошніх зьвестак, загінулі сама меней 19 чалавек

Міністэрства абароны Расеі 28 красавіка заявіла, што мэтай масіраванага ўдару па ўкраінскіх гарадах 28 красавіка, у выніку якіх загінулі сама меней 19 мірных жыхароў, нібыта былі «пункты дысьлякацыі рэзэрваў Узброеных сіл Украіны».

«Вайскова-касьмічныя сілы Расеі нанесьлі групавы ракетны ўдар высокадакладнай зброяй па пунктах дысьлякацыі рэзэрваў УСУ, мэта ўдару дасягнута, іх высоўваньне ў раёны баявых дзеяньняў спыненае», — цытуюць заяву ведамства расейскія дзяржаўныя агенцтвы навінаў.

Раніцай 28 красавіка Расея нанесла чарговы масаваны ўдар па тэрыторыі Ўкраіны. Цяпер вядома пра сама меней 19 загінулых: 17 — у Умані, сярод іх трое дзяцей, і двое — у Дняпры. Яшчэ больш за дзесяць чалавек былі параненыя.

Расейскія ракеты трапілі ў жылыя дамы, дадзеных аб трапляньні ў вайсковыя аб’екты не было. Паводле зьвестак украінскіх Паветраных сіл, расейскія войскі атакавалі Ўкраіну з самалётаў стратэгічнай авіяцыі Ту-95 з раёну Касьпійскага мора, украінскія сілы зьбілі 21 з 23 крылатых ракет Х-101/Х-555 і два дроны апэратыўна-тактычнага ўзроўню.

  • Апошні масаваны ракетны ўдар Расея нанесла 9 сакавіка, выпусьціўшы па Ўкраіне 81 ракету, у тым ліку 6 «Кінжалаў» і 20 «Калібраў», а таксама зрабіўшы 8 ударных пускаў іранскіх дронаў Shahed-136/131. Тады былі трапляньні ў шэрагу рэгіёнаў — у Кіеве, Жытоміры, Адэскай і Харкаўскай, Днепрапятроўскай абласьцях. У Кіеве пацярпелі тры чалавекі. У Львоўскай вобласьці ад ракетнага ўдару загінулі пяць мірных жыхароў, у Днепрапятроўскай вобласьці адзін чалавек загінуў і двое былі параненыя.
  • Расея з самага пачатку вайны адмаўляе мэтанакіраваную атаку на мірных жыхароў, нягледзячы на наяўнасьць сьведчаньняў і доказаў гэтага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG