У Астане скончыўся фінальны матч за тытул чэмпіёну сьвету ў шахматах. Кітаец Дынь Лірэн у матчы за тытул з агульным лікам за ўсе партыі 2.5-1.5 перамог прадстаўніка Расеі Яна Няпомняшчага.
30-гадовы Дынь Лірэн — самы малады чэмпіён Кітаю ў гісторыі, ён стаў ім у 2009 годзе, калі яму было толькі 17 гадоў. Цікава, што ў гэты раз у барацьбе прэтэндэнтаў за шахматную карону кітайца магло ня быць, але міжнародная фэдэрацыя (ФІДЭ) дыскваліфікавала і зьняла з усіх турніраў былога ўкраінца, а цяпер расейца Сяргея Каракіна за падтрымку вайны ва Ўкраіне. У выніку Лірэна дапусьцілі да спаборніцтваў замест Каракіна, ён прабіўся ў фінал, а там перамог.
Яшчэ адзін цікавы момант у тым, што перад пандэміяй каранавірусу кітаец займаў 5-е месца ў сусьветным рэйтынгу, але праз эпідэміялягічныя абмежаваньні яму не далі візу, і ён ня здолеў удзельнічаць у турніры прэтэндэнтаў, і наогул ня ўзяў удзелу ні ў адным спаборніцтве з чэрвеня 2021 году па красавік 2022 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На 101-м годзе жыцьця памёр найстарэйшы шахматны гросмайстар сьвету Юрый АвербахПадчас удзелу ў турніры прэтэндэнтаў у красавіку 2022 году пасьля паразы ў першым матчы супраць Няпомняшчага Дынь толькі ў апошнім туры вырваў другое месца ў турніры. Затым гэтая пазыцыя неспадзявана стала пропускам у фінальны матч, бо пяціразовы дзеючы чэмпіён нарвэжац Магнус Карлсэн вырашыў адмовіцца ад сваёй кароны. І ўжо ў фінале кітаец узяў у расейца рэванш.
Гэта першая шахматная карона для Кітаю ў мужчынскіх шахматах. У жанчын кітаянкі перамагалі 6 разоў.
Што тычыцца Яна Няпомняшчага, то 32-гадовы расеец другі раз удзельнічаў у фінале, і другі раз прагуляў. Раней, у 2021-м ён саступіў Магнусу Карлсэну. Няпомняшчы гуляў пад сьцягам ФІДЭ, бо расейская сымболіка трапіла пад забарону праз вайну Масквы супраць Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спорт па-за палітыкай? Гэтай фразай зручна прыкрываць сваю баязьлівасьць». Шчырае інтэрвію найлепшага шахматыста Беларусі