Зь Беларусі вывелі тры МіГ-31К; прапаганда абвінаваціла прыяцеля сына Абельскай і даносчыка. Галоўнае з расьсьледаваньня ByPol пра Мачулішчы

На youtube-канале аб’яднаньня былых сілавікоў «Байпол» выйшла расьсьледаваньне, прысьвечанае інцыдэнту ў Мачулішчах. Наша Ніва пераказала яго асноўныя моманты.

«Байпол» адзначае, што «поўныя падрабязнасьці гэтай апэрацыі ня будуць адкрытыя нават пасьля заканчэньня вайны ва Ўкраіне», і што ўсё, што можна было паведаміць пра падрыў расейскага вайсковага самалёта ў Мачулішчах, яны ўжо агучылі.

Пасьля выхаду фільма на АНТ, прысьвечанага дывэрсіі, кіраўнік «Байпола» Аляксандр Азараў вырашыў пракамэнтаваць і абвергнуць некаторыя моманты, пра якія гавораць прапагандысты.

Азараў сьцьвярджае, што пашкоджаньні самалёта былі значныя, хоць прапаганда гэта адмаўляе. Паводле яго слоў, пасьля экстранных аднаўленчых работ, зробленых на тэрыторыі Беларусі, самалёт з навігацыйным абсталяваньнем у непрацоўным стане атрымалася толькі перагнаць у Таганрог на няштатнай для яго выкарыстаньня вышыні для правядзеньня наступнага аднаўленчага рамонту.

«Гэты самалёт ужо паўтара месяца не выконвае свае задачы, і замены яму пакуль няма», — канстатуе Азараў. Ён кажа, што адсутнасьць гэтага самалёта ў Мачулішчах істотна абцяжарвае дзеяньні Расеі ў паўночных і цэнтральных рэгіёнах Украіны.

У сувязі з гэтым, па словах Азарава, 6 красавіка з тэрыторыі Беларусі былі выведзеныя тры расейскія вайсковыя самалёты МіГ-31К — носьбіты звышгукавой ракеты «Кінжал». Бо без радыёлякацыйнага самалёту іх магчымасці абмежаваныя.

Аляксандр Азараў сьцьвярджае, што агучаная ў прапагандысцкім фільме інфармацыя пра тое, што Швец працаваў ад імя СБУ пры ўдзеле ЦРУ і спэцслужбаў Польшчы, зьяўляецца хлусьнёй, паколькі прапагандысты ніякім чынам не змаглі пацьвердзіць гэтага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш як месяц пасьля выбуху ў Мачулішчах. Расейскі самалёт-радар дагэтуль не вярнуўся, людзей затрымлівалі да канца сакавіка

Кіраўнік «Байпола» заяўляе, што лукашысты затрымалі выпадковых людзей, якія кантактавалі са Швяцом.

«Ніводзін з фігурантаў прапагандысцкага фільма ня быў абазнаны ў плянах Швяца па падрыве самалёта. То-бок ніякага злачыннага намеру яны не мелі і членамі абʼяднанай злачыннай групоўкі, а тым больш здраднікамі Радзімы, не зьяўляюцца. Нават калі лічыць, што Швец зьдзейсьніў злачынства, а Лапаціну (перавозчыку) і Сычову (гаспадару дома) у выніку пра гэта стала вядома, то максымум, што ім можа пагражаць — гэта крымінальнае пакараньне за неданясеньне аб злачынстве або ўкрывальніцтве злачынца (да 2 гадоў пазбаўленьня волі).

У астатніх герояў фільма складу злачынства ўвогуле не маецца. Так што пагроза прымяненьня сьмяротнага пакараньня з боку КДБ абсалютна незаконная», — кажа Азараў.

Таксама «Байпол» заяўляе, што даведаўся, што адзін з фігурантаў справы — Дзяніс Сакалоў — быў знаёмы з сынам былой галоўнай лекаркі Лукашэнкі Ірыны Абельскай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сакрэтныя амэрыканскія дакумэнты сьведчаць пра датычнасьць Украіны да атакі на расейскі самалёт у Мачулішчах, — NBC

У фільме АНТ «Гаспар на сувязь не выйшаў» Дзяніс Сакалоў дае вельмі шмат паказаньняў. Часткова яны не стыкуюцца з паказаньнямі названага выканаўцы дывэрсіі, Мікалая Швяца. Быццам бы з адным з тых, хто плянаваў дывэрсію, Віталём Якуцікам, іх абʼяднала хобі — практычная стральба.

«Байпол» прааналізаваў асобу Сакалова і заявіў, што выявіў шэраг цікавых фактаў. Па-першае, ён асабіста знаёмы з Дзьмітрыем Абельскім — старэйшым сынам Ірыны Абельскай, галоўнай доктаркі Рэспубліканскага клінічнага медцэнтра Ўпраўленьня спраў Лукашэнкі. Разам яны выяжджалі за мяжу ў Літву ў 2017 годзе на асабістым аўто Дзьмітрыя Абельскага.

Як сьцьвярджаецца ў расьсьледаваньні, Дзяніс Сакалоў, згодна з базай «Кібэрпартызанаў», у 2020 годзе як мінімум адзін раз данёс на людзей, якія малявалі нацыянальныя сымбалі на вуліцах Менска. Гэты данос запісаны ў базе так: «У двары тры хлопцы размалёўваюць лаўкі ў бел-чырвона-белыя колеры». На падставе гэтых зьвестак «Байпол» схільны лічыць, што Дзяніс Сакалоў не датычны да беларускага падпольля.

Рэдакцыя ня можа атрымаць пацьверджаньня зробленых заяваў або незалежна праверыць іх.