Мы размаўляем пра дакумэнтальнае кіно ў Беларусі як працу «для адважных» у цяперашнія часы, пра вандроўкі ў Каліфорніі і будучыя пляны, пра тое, як нараджэньне дачкі «ўратавала» Кацярыну ў 2021 годзе ў Беларусі.
Як «палявала на дзівосы»
Кацярыне Маркавец 36 гадоў, апошнія 15 гадоў яна займаецца дакумэнтальным кіно як аўтарка дакумэнтальных фільмаў і дакумэнтальных тэлевізійных праграмаў. Пасьля заканчэньня журфаку БДУ скарыстоўвала самыя розныя магчымасьці для навучаньня і ўдасканаленьня ў прафэсіі.
— Я ўдзельнічала ў шматлікіх міжнародных клясах па рэжысуры. Адзін зь іх — на кінафэстывалі «Лістапад», дзе была міжнародная панэль і запрашаліся маладыя рэжысэры з праектамі, прыяжджалі т’ютары, якія вучылі прэзэнтоўваць свае праекты. І я брала ўдзел у такіх ды іншых воркшопах і майстар-клясах.
У 2012 годзе Кацярына Маркавец у складзе дэлегацыі беларускіх рэжысёраў-дакумэнталістаў, лідэраў у сваёй галіне, прыняла ўдзел у дзелавой паездцы ў ЗША па абмену вопытам – “International Visitor Leadership Program”.
— Апынуцца ў кампаніі вядомых беларускіх рэжысэраў для мяне тады было вялікім дасягненьнем, памятаю, што была самая маладая з групы. Гэтая вандроўка стала таксама буйным крокам у маім разьвіцьці як рэжысэркі дакумэнтальных праэктаў. Мы шмат вандравалі і былі ў 4 гарадах 4 розных штатаў: Вашынгтоне, Лос-Анджэлесе, Портландзе, Нью-Йорку. Падчас гэтай праграмы мы прымалі ўдзел у шматлікіх экскурсііях па амэрыканскіх кінастудыях, глядзелі фільмы на мясцовых кінафэстах ды шмат камунікавалі са сваімі амэрыканскімі калегамі. Вопыт камунікацыі з замежнікамі моцна на мяне паўплываў – я не баялася ўдзельнічаць у буйных міжнародных праектах, заяўляць пра сябе, і прыдумляць з нуля тэлевізыйныя праекты з удзелам іншаземцаў.
Напачатку асноўным досьведам працы для Кацярыны быў тэлеканал «Белсат» і першая аўтарская праграма на тэлеканале «Паляваньне на дзівосы».
— Патрэбны быў вакацыйны лёгкі праект, каб людзі маглі адпачыць ад палітыкі. Ідэю распрацоўвалі разам са знакамітым Зьмітром Саўкам, які і прапанаваў такую назву. На журфаку нам раілі кніжку «Ўнівэрсальны журналіст», бо журналісту трэба ўмець рабіць усё... У «Паляваньні на дзівосы» быў першы досьвед, калі я рабіла ўсё — элемэнты прадусарства, адміністратарства, дамаўлялася, шукала начлегі, пісала сцэнар, была вядоўцай, рэжысэркай, кіроўцам. Былі толькі апэратар, гукарэжысэр і мантажор. Гэта быў вельмі круты вопыт старту ў прафэсіі. Мы вандравалі па ўсёй Беларусі, наведвалі незвычайныя месцы. Праект доўжыўся тры гады. У выніку я стамілася, і мы вырашылі яго спыніць.
Далей былі першыя дакумэнтальныя фільмы на «Белсаце» — пра тое, як людзі бяз пашпарта жывуць у Сьвята-Елізавецінскім падворʼі, а таксама фільм пра ахову правоў жывёлаў.
Праца з Максімам Шведам і легендарнае «Чыстае мастацтва»
Далей Кацярына Маркавец працавала на «Белсаце» разам зь вядомым беларускім рэжысэрам Максімам Шведам над новым праектам «Welcome у Беларусь».
— Тады ўлады Беларусі ўвялі бязьвіз. Мяне цікавіла, як сюды замежнікі прыяжджаюць, што робяць, як вандруюць. Беларусь я вельмі люблю, і захацела на сваю краіну паглядзець трошкі інакш. Са Шведам падзялілі выпускі — частку ён рабіў, частку — я. Потым у Максіма зьявіўся буйны праект «Чыстае мастацтва», на які ён атрымаў сродкі ад польскага Інстытуту кіно. Я далучылася да праекту на этапе, калі яшчэ не было герояў, і прапанавала на галоўнага героя мастака Захара Кудзіна (мы зь ім разам вучыліся ў мастацкай дзіцячай школе). Фільм стаў легендарным для мастацтва Беларусі. Потым Захар пайшоў з жыцьця. Кудзіна няма, а праз гэты ўжо гістарычны фільм можна згадаць пра ягоную творчасьць.
Пратэсты і трылёгія для Guardian
Далей была мірная рэвалюцыя 2020 году і сумесная праца ізноў са Шведам і яшчэ адной зоркай беларускай дакумэнталістыкі Андрэем Куцілам.
— Калі шмат працуеш, зьяўляюцца рэжысэрскія калябарацыі. Калі ў іх уступаеш, то пра цябе пачынаюць ведаць у іншых краінах. Для мяне было вялікім гонарам працаваць разам з Андрэем Куцілам. Мы ўтрох зрабілі трылёгію аб пратэстах у Беларусі, якую апублікавала брытанскае выданьне The Guardian. Кожны над сваёй часткай працаваў самастойна. На самым пачатку пратэстаў Максіма Шведа затрымалі. Пасьля таго як ён выйшаў зь СІЗА ў Жодзіне, да нас зьвярнуліся з Guardian і прапанавалі расказаць праз маленькія гісторыі, што адбываецца ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусь 23.34». Расказваем пра новы фільм беларускай рэжысэркі Тацяны Сьвірэпы
«Мяне ўратавала, што я зацяжарала»
Пытаюся ў Кацярыны Маркавец, калі яна ўсьвядоміла, што ў Беларусі больш немагчыма рабіць дакумэнтальнае кіно.
— Гэта быў 2021 год. Я люблю авантуры, мне падабацца здымаць людзей, цікавыя падзеі. Простых здымкаў не бывае. Гэтая прафэсія не для пасіўных людзей. Здымкі — гэта заўсёды форс-мажор, але тут зьявілася 100-працэнтная рызыка. Было страшна. Наступны фільм пасьля трылёгіі для Guardian я ўжо рабіла пад псэўданімам і пакуль пра яго не магу расказаць.
Мяне ўратавала, што я зацяжарала. Вельмі доўга пра гэта марыла. Пачала быць адказнай за маленькага чалавека, які ўва мне зарадзіўся, і перастала здымаць. Мая дачка мяне ўратавала насамрэч. Цяпер ёй паўтара годзіка. Добра, што ў жанчыны гэта ўсё гарманальна працуе такім чынам, што ня хочацца ісьці на здымкі, а хочацца дома сядзець, гняздо віць.Але ведаеце на які дзень пасьля родаў я ўвязалася ў новыя здымкі? Двух нядзель яшчэ не прайшло, я прыдумала клясную сцэну, дзе галоўнай гераіняй была мая нованароджаная дачка і запрасіла апэратара прыйсьці гэта зьняць. Усе было прафэсійна – са сьвятлом, 2 камэрамі. А я тады нават хадзіць не магла… У мяне быў строгі пасьцельны рэжым. Памятаю, якіх высілкаў мне гэта каштавала фізычна, я ледзь рухалася, але колькі радасьці было, бо мы зьнялі прыгожы момант, які больш ніколі не паўтарыцца. І на год я дачцэ я змантавала дакумэнтальны фільм, спадзяюся, я гэта калісьці ацэніць. Безумоўна, я фанат сваёй прафэсіі.
Пасьля нараджэньня дачкі Кацярына стала думаць, што магчыма зрабіць у сваёй прафэсіі далей.
— Здымаць у Беларусі? Не магу. Пераехаць? Займае час. І мне стала цікава паспрабаваць пісаць пра кіно. І я напісала рэцэнзію на навінку Netflix — сэрыял «Ненавіджу Раство» — у расейскамоўны Forbes Woman. Гэта быў для мяне новы досьвед — пісаць для рэдакцыі, дзе вельмі высокія стандарты.
«Гэтая прафэсія для адважных»
Як цяпер рабіць кіно пра Беларусь, ня маючы магчымасьці здымаць яго ў Беларусі? У Кацярыны наступны адказ.
— Выжывуць наймацнейшыя рэжысэры-дакумэнталісты. Герояў можна здымаць у хатах, а не на вуліцах у цэнтры гораду. Амаль усе дакумэнталісты, каго я ведаю, зьехалі зь Беларусі. Новае пакаленьне будзе шукаць выйсьця. Здымаць там, дзе ня зловяць. Гэтая прафэсія — для адважных. Я ўпэўненая, што адважныя будуць працягваць працаваць. Новыя рэжысэры будуць здымаць. Празь некалькі гадоў пабачым на кінафэстывалях працы, якія здымаліся цяпер. Дзякуючы вялізарнай эміграцыі колькі цікавых фільмаў можна зьняць цяпер у дыяспарах! Як беларусы падтрымліваюць адзін аднога, як будуюць новае жыцьцё ў новых краінах, сустракаюць каханьне, нараджаюць дзяцей – здымаць не пераздымаць. Гэта ўнікальны час для беларускага грамадзтва, калі шмат цікавых працэсаў адбываецца па-за межамі Радзімы, але ад гэтага мы не перастаем быць беларусамі, наадварот, выехаўшы, вельмі хочацца захаваць сваю ідэнтычнасьць.
Іншая праблема, што беларускім рэжысэрам цяпер вельмі складана трапіць на міжнародныя кінафэстывалі, адзначае Кацярына.
— Беларускае кіно, як і расейскае, праз санкцыі не прымаюць да ўдзелу ў конкурсах. Рэжысэры кладуць сваё жыцьцё, здымаюць фільм шмат гадоў практычна бяз грошай (дакумэнтальныя праекты — складаны працэс), а потым вельмі цяжка гэтае кіно прасунуць праз кінафэстывалі, бо беларускае кіно проста не бяруць, бо мы з краіны-агрэсара. Трэба пісаць, аргумэнтаваць. Беларуская рэжысэрская супольнасьць цяпер адстойвае свае інтарэсы і спрабуе патлумачыць, што гэта фільмы незалежных рэжысэраў, якія не атрымлівалі грошы ад дзяржавы. Мы ўсе супраць вайны. Калі вайна пачалася, усе рэжысэры ў сваіх сацсетках пісалі, што яны супраць вайны. У выніку гэтых праблемаў зьявілая Беларуская незалежная кінаакадэмія (BIFA), пра якую было абвешчана на «Бэрлінале».
Гендэрная роўнасьць у дакумэнтальным кіно
Паводле рэжысэркі, у дакумэнтальным кіно большая гендэрная роўнасьць, чым у мастацкім. Як прыклад Кацярына згадвае сваю калегу, беларускую рэжысэрку Любоў Зямцову, якая разьбілася ў аўтакатастрофе, калі ехала са здымак.
— Для мяне яе працы — увасабленьне прыгожай жаночай дакумэнталістыкі. Люба адчувала кадар, рабіла неверагоднае кіно і была для мяне маячком сапраўднай дакумэнталістыкі. Яна магла паехаць «у іншую галяктыку» з адным мікрафончыкам і зьняць шэдэўр, дзе ў адным кавалку відэа будзе столькі любові, шчасьця, цікавых узаемаадносінаў паміж героямі. Я ганарылася, што я яе ведаю. Мы часта размаўлялі пра кіно. Гендэрная рознасьць у дакумэнталістцы больш мажлівая. У Беларусі шмат таленавітых рэжысэрак у дакумэнтальным кіно, ня менш, чым мужчынаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 4 фільмы аўтараў «Невядомай Беларусі». І адзін, завершаны пасьмяротнаПраца ў журы на кінафэстывалі ў Лос-Анджэлесе і на «Нефільтраваным кіно»
Тады ж Кацярына Маркавец паставіла яшчэ адну мэту — паспрабаваць папрацаваць у журы, паглядзець на кантэнт з другога боку.
— Так я трапіла ў журы кінафэстывалю «Пад зорным небам», які праходзіць у Лос-Анджэлесе і ўваходзіць у Топ-100 лепшых фэстываляў сьвету паводле вэрсіі кінематаграфічнай плятформы Filmfreeway. У Лос-Анджэлесе шмат фэстываляў, і гэта адзін з улюблёных тут. У мяне атрымалася ўвайсьці ў склад журы і паглядзець мясцовую вытворчасьць. Я знаходзілася ў Беларусі ў той час. Было шэрае беларускае надвор’е, а я гляджу фільмы, якія здымаліся ў каліфарнійскай пустыні. Чамусьці тут усе кліпы здымаюцца ў пустыні, тады як у Беларусі кліпы здымаюць звычайна ля возера. У ЗША вельмі высокі ўзровень кінавытворчасьці і майстэрства.
Таксама Кацярына Маркавец — сябра журы фэстывалю «Нефільтраванае кіно». Ён меўся адбыцца ў Беларусі, але ў выніку яго перанесьлі на 3 траўня ў Вільню.
— Між іншым, у складзе праграмы забароненага ў Менску кінафэстывалю «Нефільтраванае кіно» была адмысловая сэкцыя «Жанчыны ў кіно». Гэта пазаконкурсная праграма фільмаў на сацыяльную тэматыку, зьнятых менавіта рэжысэркамі. То бок і ў Беларусі былі выдатныя ініцыятывы і пляцоўкі, на якіх можна было паразважаць пра гендэрныя пытаньні.
Кацярына цяпер падарожнічае па Каліфорніі. Спрабуе тут рэалізаваць сябе, у тым ліку ў новых фарматах.
— У Лос-Анджэлесе жыве шмат таленавітых беларусаў. Дыяспара вельмі жывая, адбываецца шмат цікавых мерапрыемстваў. Кшталту, на мінулым тыдні гэта быў бясплатны вакальны майстар-клас, дзе беларуска вучыла нас сьпяваць купальскія песьні, гэта было вельмі моцна. Падчас сваіх вандровак тут я сустрэла шмат экстраардынарных беларусаў, якія дасягнулі посьпеху ў Лос-Анджэлесу. І я задумала ўжо зьняць пра іх шэраг рэпартажаў для Белсату. Мне падаецца, што нам усім цяпер патрэбна натхненьне і надзея.
Я мару здымаць кліпы. Калі гэта ажыцьцявіцца, будзе вельмі крута. Чамусьці ў Беларусі я не змагла рэалізаваць гэтую мару. Добра аказацца ў Каліфорніі, дзе вытворчасьць кліпаў вельмі разьвітая. Хочацца новага глытка паветра.