93% усіх запрашэньняў у Польшчу для айцішнікаў з постсавецкай прасторы атрымалі беларусы

Варшава

Да канца сакавіка 2023 году амаль 93% візавых запрашэньняў у рамках праграмы Poland.Business Harbour атрымалі па просьбе польскіх працадаўцаў спэцыялісты і прадпрыемствы зь Беларусі.

На дадзены момант 74 тысячы замежнікаў застаюцца ў Польшчы зь візай у рамках праграмы, якая дапамагае краіне стаць адным з сусьветных IT-цэнтраў, піша Польскае радыё.

«Польшча, асабліва пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, стала дамінуючым ІТ-цэнтрам у рэгіёне. Усё большая колькасьць спэцыялістаў, якія працуюць у Польшчы, толькі ўмацоўвае гэтую пазыцыю», — сказаў газэце Rzeczpospolita Конрад Вайскэ, віцэ-прэзыдэнт Арганізацыі працадаўцаў IT Services SoDA, камэнтуючы апошнія дадзеныя аб выніках праграмы Poland. Business Harbour.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускіх айцішнікаў, якія зьехалі за мяжу, выклікаюць у камісію па занятасьці

Запушчаная ўвосень 2020 года дзяржаўная праграма, закліканая заахвоціць спэцыялістаў і тэхналягічныя кампаніі з-за ўсходняй мяжы пераехаць у Польшчу, да канца сакавіка гэтага года прыцягнула больш за 74,2 тыс. ІТ-спэцыялістаў з сем’ямі.

Некаторыя заявы на візы гэтай праграмы былі таксама аформленыя ў рамках пераезду цэлых кампаній з Беларусі. Да канца сакавіка агенцтва займалася 122 такімі праектамі. Праграма Poland. Business Harbour і была першапачаткова адрасавана да беларусаў. Пазьней яна была пашырана на ўвесь сьвет.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тэхналягічнае разьвіцьцё Беларусі паставілі на паўзу». Эканамістка пра санкцыі і ад’езд спэцыялістаў