У Эўразьвязе маюць намер лібэралізаваць правілы атрыманьня пастаяннага дазволу на жыхарства для іншаземцаў і іх перамяшчэньня з такімі дакумэнтамі паміж краінамі Зьвязу. Новаўвядзеньні могуць прыняць ужо ў наступным годзе, паведамляе тэлеканал Euronews.
Паводле цяперашніх законаў іншаземцы могуць атрымаць статус доўгатэрміновага рэзыдэнта (гэта значыць ПМЖ) у Эўразьвязе, калі легальна пражывалі ў краіне ЭЗ ня менш за пяць гадоў.
Аднак яны ня могуць выяжджаць з краіны больш як на шэсьць месяцаў запар цягам аднаго году і больш як на 10 месяцаў агулам за ўвесь час знаходжаньня ў выбранай краіне Эўразьвязу.
Акрамя таго, іншаземцам трэба даказаць наяўнасьць мэдыцынскай страхоўкі і стабільных і рэгулярных даходаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Турыстычныя, працоўныя, гуманітарныя. Візавы гід для беларусаўУ некаторых краінах таксама існуе патрабаваньне, каб асобы, якія падаюць заяву на атрыманьне ПМЖ, прадэманстравалі, што інтэграваліся ў мясцовае грамадзтва, напрыклад здалі тэсты на веданьне мовы ці культуры.
Пры гэтым у большасьці краін выдаюць толькі нацыянальны дазвол на доўгатэрміновае знаходжаньне, а не агульнаэўрапейскі, калі толькі іншаземец спэцыяльна не папросіць аб такім дакумэнце. Але для гэтага, хутчэй за ўсё, давядзецца прайсьці яшчэ больш дадатковых праверак.
Што прапануюць зьмяніць?
З новаўвядзеньняў, якія прапануюць дэпутаты Эўрапарлямэнту, тое, што іншаземцы змогуць падавацца на сталы від на жыхарства ўжо праз тры гады пражываньня ў Эўразьвязе замест пяці. Акрамя таго, будуць улічвацца і сумавацца пэрыяды пражываньня ва ўсіх краінах Эўразьвязу, уключаючы вучобу, сэзонную працу або часовую абарону.
Доўгатэрміновыя рэзыдэнты Эўразьвязу таксама змогуць пераехаць у іншую краіну Эўразьвязу безь якіх-небудзь дадатковых абмежаваньняў на працу або праверак на інтэграцыю. Такі ж статус атрымаюць іхныя дзеці.
Але гэтае паслабленьне ня будзе тычыцца іншаземцаў, якія атрымалі дазвол на жыхарства ў краіне Эўразьвязу па «залатой візе», удакладнілі дэпутаты Эўрапарлямэнту.