Доступ да гэтых зьвестак атрымаў журналісцкі кансорцыюм, які раней расказаў пра аналягічныя дакумэнты па Беларусі і Малдове. У кансорцыюм уваходзяць цэнтар «Дасье», Delfi Eesti, Re: Baltica, LRT, Expressen, Süddeutsche Zeitung і іншыя выданьні.
Пра зьмест крамлёўскіх дакумэнтаў расказвае выданьне Delfi.
Для кожнай з трох краінаў Балтыі былі распрацаваныя асобныя стратэгіі, хоць частка мэтаў і задачаў супадаюць:
- аднаўленьне адносінаў паміж Расеяй і краінамі Балтыі;
- фармаваньне сеткі «мяккай сілы» з арганізацыяў, якія выступаюць за супрацоўніцтва з Расеяй;
- недапушчэньне мілітарызацыі краінаў і стварэньня новых базаў NATO на іх тэрыторыі;
- вярбоўка бізнэсоўцаў з дапамогай абяцаньняў адкрыць для іх расейскі рынак;
- захаваньне «агульнай гістарычнай памяці і савецкіх помнікаў»;
- выключэньне «дыскрымінацыі расейскамоўнага насельніцтва» і працяг адукацыі на расейскай мове.
«Найбольшая частка стратэгіі ў краінах Балтыі — гэта ўплыў у энэргетыцы і бізнэсе. Таму яны спрабуюць зрабіць усё магчымае, каб захаваць хаця б яго», — адзначае літоўскі экспэрт па бясьпецы Марыюс Лаўрынавічус.
Найбуйнейшай праблемай у рэгіёне адміністрацыя прэзыдэнта РФ лічыла выхад краінаў Балтыі з БРЭЛ — электрычнай сеткі Беларусі, Расеі, Эстоніі, Латвіі і Літвы. Пагадненьне аб сынхроннай працы энэргетычных сыстэмаў доўгі час было важным для РФ дзеля Калінінградзкай вобласьці, але яшчэ ў 2017 годзе балтыйскія дзяржавы анансавалі выхад з дамовы да 2025 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пуцінскі плян аднаўленьня імпэрыі быў відавочны зь ліпеня 2021 году», — палітоляг РудкоўскіУ адрозьненьне ад аналягічных стратэгічных дакумэнтаў па Беларусі і Малдове, у выпадку краінаў Балтыі чыноўнікі ў Крамлі не разьлічвалі на ўключэньне рэгіёну ў склад РФ або ператварэньне Латвіі, Літвы і Эстоніі ў паўнавартасных сатэлітаў. Асноўнай мэтай, лічаць журналісты і апытаныя імі экспэрты, было падвышэньне цікавасьці мясцовых жыхароў да крамлёўскай ідэалёгіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналісты знайшлі сакрэтны крамлёўскі дакумэнт аб захопе Малдовы і адкрыцьці другога фронту ў ПрыднястроўіЛітва: без вайсковых вучэньняў NATO і расейскіх апазыцыянэраў у Вільні
Да 2025 году, сказана ў дакумэнце, Масква зьбіралася «не дапусьціць разьмяшчэньня ў Літве сродкаў СПА/ПРА сярэдняй далёкасьці, інтэграваных у адзіную сыстэму СПА NATO», і «зьнізіць колькасьць і маштабы вайсковых вучэньняў NATO ў Літоўскай Рэспубліцы».
Незадаволенасьць у Маскве выклікала палітыка Літвы па наданьні прытулку расейскім апазыцыянэрам і актывістам. Ужо ў 2021 годзе Крэмль лічыў дзейнасьць антыпуцінскіх структураў у гэтай краіне палітычнай пагрозай.
«Літва — адзін з асноўных напрамкаў эміграцыі расейскіх апазыцыйных актывістаў. Некалькі соцень расіян атрымалі тут прытулак або іншыя ВНЖ і цяпер займаюцца журналістыкай і палітыкай. Сюды рэгулярна прыяжджаюць чальцы палітычных, грамадзкіх і журналісцкіх арганізацый, праводзяць тут свае мерапрыемствы», — паведамілі газэце Expressen у Дэпартамэнце дзяржбясьпекі Літвы.
Латвія: расейская мова — дзяржаўная да 2030 году
Стратэгія Крамля «на латвійскім напрамку» — самая аб’ёмная з трох. У Крамлі плянавалі пашыраць сетку прыхільнікаў з апорай на выхадцаў з цэнтрысцкіх партый, якая ўжо існавала на момант распрацоўкі дакумэнта. Падтрымліваць гэты працэс павінны былі афіліяваныя з Масквой некамэрцыйныя арганізацыі.
Да 2030 году, згодна з дакумэнтам, расейская мова павінная была стаць адной зь дзяржаўных у Латвіі, а сама краіна — удзельніцай «палітычных саюзаў» з Расеяй.
Эстонія: падтрымка эўраскептыкаў і барацьба з фіна-вугорскім «сэпаратызмам»
Адна з асноўных мэтаў АП у Эстоніі — «фармаваньне пазытыўнага вобразу РФ у мэтах паслабленьня русафобскіх настрояў і ўмацаваньня эўраскептычных поглядаў у Эстоніі». Паралельна Крэмль зьбіраўся супрацьдзейнічаць «намаганьням эстонскага боку» па «разьвіцьці сэпаратызму» сярод прадстаўнікоў фіна-вугорскіх народаў, якія пражываюць у розных рэгіёнах РФ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пракамэнтаваў інфармацыю пра пляны расейскага захопу Беларусі і заявіў, што «доўга размаўляў з Пуціным» 24 лютага