«Так, кіруючая партыя прыйшла да высновы, што выхад Паўднёвай Афрыкі з МУС стане разважлівым крокам», — сказаў Рамафоса на сумеснай прэс-канфэрэнцыі з прэзыдэнтам Фінляндыі, які прыехаў у краіну зь візытам.
У мінулым месяцы Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Гэта азначала, што Прэторыя, якая сёлета прымае саміт BRICS (зьвяз пяці дзяржаў: Бразыліі, Расеі, Індыі, КНР, ПАР), мусіла б затрымаць Пуціна пасьля прыбыцьця на сустрэчу ў жніўні.
Паводле інфармацыі расейскага дзяржаўнага агенцтва ТАСС, пра рашэньне «Афрыканскага нацыянальнага кангрэсу» Рамафоса расказаў у кантэксьце сытуацыі з Пуціным, адзначыўшы, што ўлады краіны працягваюць вывучаць пытаньне. Прадстаўнік прэзыдэнта ПАР заўважыў у размове з ТАСС, што для выхаду зь Міжнароднага крымінальнага суду неабходна адпаведнае рашэньне нацыянальнага парлямэнту, а ў ніжняй палаце парлямэнту партыя мае большасьць.
Прэторыя мае шчыльныя стасункі з Масквой, гісторыя якіх налічвае дзесяцігодзьдзі. Крэмль у свой час падтрымліваў барацьбу «Афрыканскага нацыянальнага кангрэсу» супраць рэжыму апартэіду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блінкен заклікаў эўрапейскіх саюзьнікаў арыштаваць Пуціна ў выпадку ягонага ўезду на іх тэрыторыюПасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым летась ПАР публічна не асудзіла дзеяньні Масквы, заявіўшы, што хацела б захаваць нэўтралітэт і аддае перавагу дыялёгу з мэтай завяршэньня збройнага канфлікту. Па словах Рамафосы, ПАР заняла пазыцыю недалучэньня, каб гарантаваць сваю ролю пасярэдніка, і ён некалькі разоў размаўляў з Пуціным і настойваў на неабходнасьці перамоваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Армэніі паабяцалі не арыштоўваць Пуціна на запыт Міжнароднага крымінальнага судуОрдэр на арышт Уладзіміра Пуціна Міжнародны крымінальны суд выдаў пасьля абвінавачаньняў на адрас Крамля аб незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей. Генэральны сакратар кіруючай у ПАР партыі Фікіле Мбалула заяўляў, што «Пуцін можа прыехаць у краіну ў любы час». «МКС служыць інтарэсам ня ўсіх, а толькі нямногіх», — падкрэсьліваў Мбалула.
Адначасова СМІ адзначае, што Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка ўжо ня першы раз спрабуе выйсьці з МКС. У 2016 годзе спроба была зроблена пасьля спрэчкі годам раней, калі ПАР для ўдзелу ў саміце Афрыканскага Саюзу наведаў тагачасны прэзыдэнт Судану Амар аль-Башыр. Прэторыя адмовілася арыштоўваць аль-Башыра, ордэр на арышт якога выдаў Міжнародны крымінальны суд па абвінавачаньнях у ваенных злачынствах. Спрэчнае рашэньне аб выхадзе было адменена пасьля пастановы мясцовага суду, які пастанавіў, што такі крок стаў бы неканстытуцыйным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве адказалі на пытаньне, што было б, калі б да іх прыехаў ПуцінРасея не прызнае юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суду і ня ўдзельнічае ў яго працы. Масква не зьяўляецца ўдзельнікам Рымскага статута, які вызначае дзеяньні суду, з 2016 году.