«Амбасадар Кітаю паставіў пад сумнеў сувэрэнітэт 15 краінаў, у тым ліку Беларусі». Як Офіс Ціханоўскай адрэагаваў на скандальную заяву

Амбасадар Кітаю ў Парыжы Лу Шае, заяву якога асудзілі ў Офісе Ціханоўскай

У офісе дэмакратычнай лідэркі Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай адрэагавалі на выказваньне амбасадара Кітаю ў Парыжы Лу Шае, які заявіў пра адсутнасьць у краін былога СССР сувэрэнітэту ў міжнародным праве, замацаванага міжнароднымі пагадненьнямі.

«Амбасадар Кітаю паставіў пад сумнеў сувэрэнітэт 15 краінаў, у тым ліку Беларусі. Вядома, такія заявы амбасадара абсалютна не дапушчальныя», — пракамэнтавалі ў Офісе Ціханоўскай выказваньне кітайскага амбасадара.

У заяве Офісу падкрэсьліваецца, што міжнародная супольнасьць прызнала Беларусь сувэрэннай дзяржавай адразу пасьля аднаўленьня незалежнасьці ў 1991 годзе, і «КНР гэта зрабіла сярод першых», да таго ж сувэрэнітэт Беларусі замацаваны ў Канстытуцыі і рэалізуецца ў адпаведнасьці з прынцыпамі міжнароднага права.

У офісе Ціханоўскай адзначылі, што суседзі Беларусі — Літва, Латвія, Украіна — адразу ж асудзілі заявы кітайскага амбасадара, а вось МЗС Лукашэнкі «вырашыў адмаўчацца, нягледзячы на свае нібыта сяброўскія адносіны з Кітаем».

«Грэбаваньне незалежнасьцю і нацыянальнымі інтарэсамі нашай краіны — вынік заганнай палітыкі Лукашэнкі на працягу дзесяцігодзьдзяў. Менавіта таму нашая краіна знаходзіцца ў глыбокім палітычным і гуманітарным крызісе. Менавіта з-за гэтай палітыкі Беларусь сталі ўсё часьцей успрымаць усяго толькі прыдаткам або васалам Расеі», — заявілі ў Офісе Ціханоўскай.

Прадстаўнікі Офісу падкрэсьлілі, што дэмакратычныя сілы напрацоўваюць міжнародныя сувязі і кантакты і выбудоўваюць адносіны з суседзямі і партнэрамі, каб пасьля пераменаў у Беларусі «адбудаваць усё тое, што разбурыў рэжым»? і ў будучыні патрабаваць «павагі да незалежнасьці, цэласнасьці межаў, раўнапраўных і празрыстых адносінаў» у дачыненьні да Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Кітаю выказала павагу сувэрэнітэту краін былога СССР пасьля скандальнай заявы пасла ў Парыжы

Што сказаў кітайскі амбасадар і якая была рэакцыя на яго выступ

25 красавіка ў этэры францускага каналу навін La Chaîne Info тэлежурналіст Дарыюс Рашэбэн папрасіў амбасадара Кітаю ў Парыжы Лу Шае растлумачыць яго пазыцыю па Крыме, проста адказаўшы на пытаньне, ці належыць тэрыторыя паўвострава Ўкраіне.

«Гэта залежыць ад таго, як вы ўспрымаеце праблему», — адказаў кітайскі дыплямат і дадаў, што Крым быў «расейскім першапачаткова», пасьля чаго Мікіта Хрушчоў перадаў яго Ўкраіне.

На пярэчаньне журналіста, што міжнароднае права прызнае Крым як тэрыторыю Ўкраіны, Лу Шае заявіў, што дзяржавы з постсавецкай прасторы нібыта ня маюць статусу ў дзейным міжнародным праве, паколькі «няма міжнароднага пагадненьня, якое канкрэтызавала б іх статус як сувэрэнных краін».

Гэтая заява выклікала абурэньне ў міжнароднай супольнасьці. У прыватнасьці, улады Эстоніі, Латвіі і Літвы заявілі, што выклічуць кітайскіх дыпляматаў у сваіх сталіцах, каб тыя растлумачылі выказваньні Лу. Галоўны дыплямат ЭЗ Жузэп Бурэль назваў заяву «непрымальнай».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эўразьвязе задаволіліся тлумачэньнямі Кітаю наконт скандальных выказваньняў пасла ў Парыжы