Пра гэта і пра іншае на Ютуб-канале «Гісторыя на Свабодзе» мы гаворым з навуковым супрацоўнікам чэскай Акадэміі навук, лінгвістам, доктарам габілітаваным Мірославам Янковякам, аўтарам кнігі пра беларускія дыялекты Літвы.
1:20 — што сабой сёньня ўяўляе тэрыторыя Віленшчыны ў дыялектным сэнсе
3:39 — што сабой уяўляюць беларускія гаворкі Віленшчыны
15:10 — ці ёсьць на Віленшчыне польскія дыялекты
17:14 — ці ёсьць на сучаснай Віленшчыне дыялекты літоўскай мовы
19:39 — як сёньня Віленшчына выглядае ў нацыянальным сэнсе? Хто там сёньня жыве?
21:23 — як людзі на Віленшчыне адрозьніваюць нацыю і нацыянальнасьць
23:39 — экзатычныя варыянты ідэнтычнасьці людзей памежжа
26:42 — як доўга могуць праіснаваць беларускія гаворкі Віленшчыны
Фрагмэнт размовы вядоўцы Сяргея Абламейкі зь Мірославам Янковякам:
— Пытаньне да вас не як да лінгвіста, а проста як да навукоўца, доктара навук. Што сабой сёньня ўяўляе Віленшчына ў нацыянальным сэнсе? Хто там жыве сёньня?
— Вельмі добрае пытаньне. Я буду адбівацца ад сваіх дасьледаваньняў, бо афіцыйную статыстыку мы можам паглядзець у інтэрнэце — гэта адно, а жыцьцё часам ідзе інакш.
Калі ідзецца пра каталіцкае насельніцтва, то каля 90% рэспандэнтаў адказалі, што яны палякі. Прычым яны звычайна дзьвюхмоўныя. Яны карыстаюцца і беларускай гаворкай, і мясцовым варыянтам польскай мовы. І гэта залежыць ад сытуацыі. Калі я прыеду на машыне з польскімі нумарамі, то, зразумела, ніхто не захоча размаўляць са мной па-беларуску. Бо ж прыехаў паляк з Варшавы.
Але па нацыянальнасьці большасьць дэкляруе польскае паходжаньне. Я маю на ўвазе большасьць каталіцкага насельніцтва. Гэта эфэкт гістарычна-грамадзкіх умоваў. Гэта і міжваенны пэрыяд, калі гэтая тэрыторыя ўваходзіла ў склад другое Рэчы Паспалітае. Там былі польская адміністрацыя, польская адукацыя, польская навука. Усё гэта адлюстроўваецца і сёньня, калі людзі адказваюць на пытаньне, хто яны па нацыянальнасьці.
І тут яшчэ ёсьць розьніца. Мы можам спытацца ў чалавека, якой ён нацыянальнасьці — і якой ён нацыі. На пытаньне пра нацыянальнасьць можна пачуць адказы: паляк, беларус, літовец або расеец, латыш, у выпадку латыскага памежжа. Калі ж мы спытаемся пра нацыю, то даволі часта можам пачуць адказ: «Я католік» або «Я праваслаўны».
Напрыклад, калі я праводзіў дасьледаваньні на тэрыторыі Латвіі, то адказам на пытаньне пра нацыю ў большасьці маіх рэспандэнтаў было веравызнаньне чалавека.
А беларуска-літоўскае памежжа больш складанае. Там накладаецца шмат лінгвістычных элемэнтаў, культурных, гістарычных. Частка асоб кажуць, што яны беларусы. І вось яшчэ што цікава. На пытаньне, на якой мове вы размаўляеце, даволі часта можна пачуць, што я размаўляю «па-просту», «па-простаму» ці «па-прастому». І вельмі рэдка «па-тутэйшаму».
І тут ёсьць варыянты. Таму што тое, што кажа чалавек — гэта адно, а тое, што думае навуковец — гэта зусім іншае. Часта, калі я пытаўся, на якой мове вы размаўляеце, чалавек адказваў: па-просту. А я як лінгвіст бачу на аснове фанэтычна-граматычных элемэнтаў, што гэта беларуская гаворка.
А іншым разам пад азначэньнем «па-просту» хаваецца мясцовы варыянт польскай мовы.
Ну, і яшчэ можна сказаць, што гэтую «простамову» можна аднесьці да старабеларускай мовы часоў Вялікага Княства Літоўскага. Але гэта ўжо пісьменны варыянт беларускай мовы.
Так што гэтая тэрыторыя вельмі складаная. Яе трэба дасьледаваць. Там нельга пакласьці канкрэтнага чалавека і яго адказы ў шуфлядку «беларус» ці шуфлядку «паляк». Бо прыкладаў вельмі шмат.
Памятаю, я праводзіў дасьледаваньне ў паўднёва-ўсходняй Латвіі, у Латгаліі, мая знаёмая з польскай Акадэміі навук пісала дысэртацыю пра польскую мову Латгаліі. Ёй рэспандэнты казалі, што яны палякі. Я паехаў туды запісваць беларускую мову, і тыя ж людзі казалі мне, што яны беларусы. Пазьней мы сустракаемся з той калегай на каву, і яна кажа: «Мірослаў, дык гэта ж яна полька. Я ж яе запісвала сёлета». Я кажу ў адказ: «Мне яна сказала, што яна беларуска».
Так што пытаньне тоеснасьці таксама вельмі складанае. Бывае, прыходзіць у вёску нейкі дасьледчык і пытаецца, хто вы, і чуе адказ: я полька. А часам бывае, што твой суразмоўца задумваецца і пачынае шукаць адказы на гэтае пытаньне, бо раней пра гэта ня думаў. Гэтая такая накладка. Тут можа быць каталік-паляк, праваслаўны-рускі ці беларус. Але калі паразмаўляць з бабуляй больш дакладна, яна пачынае разам з пытаньнямі адкрываць сваю тоеснасьць.
Бывае і так, што чалавек празь некалькі дзён прыходзіць да іншых высноваў. «Ведаеце, Мірослаў, я тут думала пра вашыя пытаньні...» І пачынае зусім іншую размову.
— І што яна сказала, хто яна?
— Яна сказала, што полька, хоць раней казала, што беларуска. Але тут мы бачым уплыў гістарычных умоваў. Ёсьць чыньнікі аб’ектыўныя і суб’ектыўныя. Аб’ектыўныя — гэта як адміністрацыя запіша чалавека. А суб’ектыўныя — гэта тое, што думае чалавек, чаму ён лічыць сябе палякам, беларусам.
Напрыклад, у Латвіі адна жанчына мне сказала, што яна полька, бо я пра гэта пытаўся. Пазьней у размове кажа: «А як нам, беларусам, дрэнна жыць...» Тады я пытаюся: дык вы беларуска ці полька? «Я полька» — кажа яна ў адказ. Расказала мне нават верш пра Пілсудзкага, які ў міжваенны пэрыяд вывучыла. А далей расказвае нешта і зноў кажа: «А мы, беларусы...» Тады я зноў пытаюся: «Дык у рэшце рэшт хто вы?»
У адказ яна кажа: «Вы ведаеце, да 1939 году я была полькай. Пазьней прыйшлі саветы, запісалі мяне беларускай. Ну, але там пашпартоў яшчэ не было. А калі пераехала ў 1950-я гады ў Латвію, то тады ўжо атрымала пашпарт». Калі яна прыехала з БССР, далі пашпарт, што беларуска.
І такія ж сытуацыі ёсьць і ў Літве. А пасьля 1991 году зноў новая сытуацыя адміністрацыйная, і так вось новыя адміністрацыйныя межы ўплываюць на чалавека. І гэта натуральны працэс.
Ужо даказана, што захаваньне мова магчымае больш-менш да трох пакаленьняў, калі мова ідзе пра тэрыторыю па-за межамі дзяржавы, дзе тая або іншая мова зьяўляецца дзяржаўнай. Так што беларуская мова ці ў Польшчы, ці ў Літве, ці ў Латвіі, калі ня будзе падтрымкі, ня мае вялікіх шанцаў доўгатэрмінова функцыянаваць. Таму вельмі важная падтрымка, каб існавалі СМІ і навучаньне на гэтай мове.
— Я таксама хацеў бы дадаць да вашых словаў, што этнічнае і нацыянальнае — ня тое самае. Гісторыя складаецца па-рознаму і часта малюе нацыянальныя межы зусім не ў адпаведнасьці з дыялектнымі мапамі. І нацыянальная сьвядомасьць таксама не заўсёды залежыць ад роднай мовы чалавека і бывае зусім адрознаю ад яе. Размовы ў сацыяльных сетках пра нейкія беларускія прэтэнзіі на Віленшчыну беспадстаўныя і правакацыйныя. Эўропа даўно пакінула ззаду той час, калі адбываўся перадзел межаў. Менавіта таму і існуе сёньня такая адзіная эўрапейская кааліцыя супраць сучаснай спробы перарабіць межы на ўсходзе Эўропы.
Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на ўсіх папулярных падкаст-плятформах:
Your browser doesn’t support HTML5
«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць
Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».
Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.