Маладыя людзі сьцьвярджалі, што баяцца за сваю бясьпеку. Яны папрасілі аб міжнароднай абароне, бо падазраюць, што ў Беларусі на іх завялі справу за данаты ў фонд «BySol». У Беларусі абаіх выклікалі ў ДФР.
Як перадае Белсат, юрыст, які дапамагае двум беларусам, расказаў, што маладыя людзі ўжо на тэрыторыі Польшчы. Цяпер ідзе працэс рэгістрацыі, пасьля ў камэндатуры Тарэспальскага аддзелу Памежнай аховы беларусы будуць афармляць заяўку на міжнародную ахову.
Выдварыць іх у Беларусь цяпер ня маюць права. Памежнікі абавязаныя прыняць у іх заяву на міжнародную абарону і цягам 48 гадзін перадаць справу начальніку Ўпраўленьня справаў іншаземцаў. Пасьля падачы заявы іх могуць або зьмясьціць пад варту (што малаімаверна — такое робяць звычайна з тымі, хто перайшоў мяжу нелегальна і здаўся), або прапанаваць ім пражываньне ў цэнтры ўцекачоў, або адпусьціць на волю, калі ёсьць іншы варыянт з жыльлём.
Юрыст паведаміў, што беларусы выберуць апошні варыянт, бо маюць знаёмых у Польшчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Польшча — прыклад таго, што можна зрабіць з краінай за 30 гадоў». Размова з кіраўніком варшаўскага «Беларускага дому» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ўхвалілі закон, які забараняе выезд за мяжу асоб, супраць якіх вядуць адміністрацыйны працэс