Ціханоўская прыбыла зь візытам у Бэрлін, сустрэнецца з прадстаўнікамі нямецкага ўраду і выступіць з «Прамовай за свабоду»

Сьвятлана Ціханоўская. Архіўнае фота

Сьвятлана Ціханоўская 24 і 25 красавіка знаходзіцца зь візытам у Бэрліне на запрашэньне Фонду свабоды імя Фрыдрыха Наўмана.

Сьвятлана Ціханоўская правядзе ў Бэрліне сустрэчы зь міністрам фінансаў Крыстыянам Лінднэрам, дзяржсакратаром Андрэасам Міхаэлісам, сябрамі парлямэнцкіх камітэтаў замежных справаў і справаў Эўразьвязу.

Як паведамляе BPN, яна ўжо сустрэлася з удзельнікамі новай парлямэнцкай групы «За дэмакратычную Беларусь», якая зьявілася ў Бундэстагу. Ціханоўская папрасіла нямецкіх дэпутатаў павялічыць дапамогу беларусам і ўзмацніць ціск на рэжым Лукашэнкі.

Паводле яе, падтрымка нямецкіх парлямэнтароў «цяпер патрэбна як ніколі». Яна адзначыла, што ў Беларусі штодня затрымліваюць у сярэднім па 17 чалавек, рэпрэсіі сталі «яшчэ больш жорсткімі, чым на піку пратэстаў у 2020 годзе».

«Большасьць затрымліваюць за салідарнасьць з Украінай і нязгоду з уварваньнем Пуціна ва Ўкраіну, — сказала яна. — Многіх людзей перасьледуюць за тое, што яны зрабілі ў 2020 годзе: нехта браў удзел у пратэстах, хтосьці „абражаў“ улады ў сацыяльных сетках, хтосьці проста дзяліўся навінамі зь незалежных СМІ ў Telegram. КДБ пранікае ў онлайн-суполкі, спрабуючы высачыць і пакараць усіх іншадумцаў».

Ціханоўская адзначыла, што праваабаронцы прызналі палітвязьнямі каля паўтары тысячы чалавек, але «рэальная колькасьць можа даходзіць да пяці тысяч». Многіх зьняволеных палітыкаў і грамадзкіх актывістаў «трымаюць у своеасаблівым рэжыме ізаляцыі ад вонкавага сьвету, вельмі цяжка высьветліць, што зь імі адбываецца».

«Вось ужо тры тыдні я нічога ня чую ад свайго мужа Сяргея Ціханоўскага, ягонаму новаму адвакату не дазваляюць бачыцца зь ім, — сказала дэмакратычны лідэр. — Здаецца, рэжым узяў на ўзбраеньне новую практыку: катаваць палітвязьняў, трымаючы іх у інфармацыйным вакуўме. Яшчэ адзін від рэпрэсій, якую рэжым пачаў практыкаваць, — пасадкі адвакатаў. Тыя, хто абараняе палітвязьняў, часта самі трапляюць у турму. У Менску, напрыклад, ужо немагчыма знайсьці адваката».

У той жа час, паводле яе, «у інфармацыйнай прасторы пачалі дамінаваць прапагандысцкія мэдыя». Яны «распаўсюджваюць антызаходнія і антыўкраінскія наратывы, апраўдваючы вайну ва Ўкраіне і спрабуючы пераканаць беларусаў у тым, што расейская ядзерная зброя — добра для краіны».

«Абсалютная большасьць беларусаў катэгарычна супраць гэтага. Мы павінны зьвярнуць асаблівую ўвагу на гэтую тэму: разьмяшчэньне ядзернай зброі ў Беларусі створыць немінучую пагрозу для ўсіх суседзяў і нанясе вялізны ўдар па сувэрэнітэце Беларусі», — пераканана Ціханоўская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы цяпер — голас 9 мільёнаў беларусаў». У Вільні пачалася Канфэрэнцыя беларусаў сьвету

Яна запэўніла суразмоўцаў, што санкцыі супраць уладаў у Менску «сапраўды працуюць», але яны «маглі б быць значна больш балючымі для рэжыму, калі б не шчыліны». Паводле яе, зараз рэжым Лукашэнкі «лёгка абыходзіць іх бокам». «Нам не хапае сыстэматычнага маніторынгу і прымяненьня санкцый», — падкрэсьліла Ціханоўская.

«Пасьля выдачы ордэра на арышт Пуціна тое ж самае неабходна зрабіць і з Лукашэнкам. За ім цягнецца доўгі сьпіс злачынстваў: злачынствы супраць чалавечнасьці, захоп самалёта, арганізацыя міграцыйнага крызісу, агрэсія і саўдзел у ваенных злачынствах. Тут, у Нямеччыне, больш за дзесяць справаў аб унівэрсальнай юрысдыкцыі зайшлі ў тупік», — сказала Ціханоўская.

Беларусам за мяжой, зьвярнула ўвагу яна, неабходна падтрымка. «На жаль, праз вайну беларусы зь цяжкасьцю атрымліваюць дакумэнты, візы і адкрываюць банкаўскія рахункі, — растлумачыла яна. — Гэта ўдарыла ў першую чаргу па тых беларусах, якія працуюць на дэмакратычныя перамены і падтрымліваюць Украіну. На жаль, нас часта ставяць у адзін шэраг з расіянамі, хаця сытуацыя зусім іншая. Апытаньні паказваюць, што 86% беларусаў выступаюць супраць удзелу Беларусі ў вайне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская: Расьце адлегласьць паміж беларусамі ўнутры Беларусі і дыяспарай