Святлана Ціханоўская выступіла на Канфэрэнцыі беларусаў сьвету, дзе агучыла чатыры галоўныя прыярытэты працы Офісу і Аб’яднанага пераходнага кабінэту.
Паводле беларускай дэмакратучнай лідэркі, гэта суб’ектнасьць, уплыў дыяспары, адказнасьць рэжыму, палітвязьні.
Самае складанае, паводле Ціханоўскай, гэта захаваньне і адбудова беларускай суб’ектнасьці: «Гэта няпроста, таму што мы ва ўнікальнай сытуацыі: мы народ краіны, якая нам не належыць. Мы змагаліся за тое, каб беларусаў і рэжым падзялялі, і ў нас ёсьць посьпехі. Але цяпер перад намі яшчэ большы выклік. Менавіта для гэтага існуе Офіс, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада. Гэта структуры, якія ўзмацняюць палітычную суб’ектнасьць беларусаў», — сказала яна.
Таксама Ціханоўская ставіць за мэту павелічэньне ўплыву дыяспары на падзеі і працэсы ў Беларусі: «Я думаю, мы з вамі разумеем, што разрыў паміж беларусамі ўнутры краіны і звонку павялічваецца. Многія праекты, мэдыя, ініцыятывы паступова становяцца ўсё больш скіраваныя на абмеркаваньне і вырашэньне нашых мясцовых праблемаў, з прычыны чаго расьце гэтая адлегласьць. Але ў Беларусі ўсё так жа шмат людзей, якія хочуць пераменаў. Але ці лічаць гэтыя людзі, што мы з вамі прадстаўляем іх інтарэсы? Нашая з вамі праца — адказаць на гэтае пытаньне, даць беларусам у краіне пачуцьцё пляча, быць крыніцай веры ў будучыню, інфармаваць і дапамагаць».
Яшчэ адна прыярытэтная мэта Офісу і Кабінэту, гэта прыцягненьне рэжыму ў Беларусі да адказнасьці і ціск:
«Мы пакуль далёкія ад пачатку трыбуналу па Беларусі для Лукашэнкі і прадстаўнікоў ягонага рэжыму. Але рыхтуем да гэтага глебу ўжо сёньня. Бо сілавікі, судзьдзі, пракуроры, чыноўнікі пры ўладзе павінны адчуваць, што ў іх дзеяньняў будуць наступствы. Што кожны прысуд на гады нявінным людзям — гэта злачынства, за якое ў будучыні давядзецца адказаць. Перамовы пачнуцца толькі тады, калі гэтыя людзі адчуюць, што пагроза панесьці пакараньне, быць прыцягнутым да адказнасьці рэальная».
Чацьвёртым прыярытэтам свайго Офісу і Аб’яднанага пераходнага кабінэту дэмакратычная лідэрка Беларусі назвала палітвязьняў, іх вызваленьне і дапамога іх сем‘ям:
«Мы разумеем, што трэба шукаць спосабы вызваляць людзей ужо цяпер. Мы ўздымаем гэтае пытаньне кожны дзень. Нам трэба дабівацца паляпшэньня ўмоваў у турмах. Лабіяваць дапамогу для рэпрэсаваных і іх сем’яў. Шукаць спосабы вызваленьня цяжка хворых і ўразьлівых групаў».
- 22–23 красавіка ў сталіцы Літвы праходзіць ІІ Канфэрэнцыя беларусаў сьвету, якую ініцыявала Сьвятлана Ціханоўская, каб працягнуць арганізацыю ўзаемадзеяньня паміж беларускай дыяспарай і лідэрамі дэмакратычных сіл Беларусі.
- Яе асноўныя мэты: выпрацаваць прыярытэты і стратэгію разьвіцьця і падтрымкі беларускай дыяспары; палепшыць мэханізмы каардынацыі паміж дыяспарамі і палітычнымі цэнтрамі, распрацаваць праекты і плян працы на 2023-2024 гады.
- У Канфэрэнцыі бяруць удзел лідэры дэмакратычных сіл, уключаючы Аб’яднаны пераходны кабінэт, Каардынацыйную раду па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу ў Беларусі, «народныя амбасады» і іншыя структуры — агулам каля 150 удзельнікаў і ўдзельніц.