Зьезд маргіналаў і лузэраў пад назвай «антыфашысцкі форум»

21-22 красавіка ў Менску прайшло палітычнае мерапрыемства пад гучнай назвай «Антыфашысцкі форум». Зважаючы на тое, што ягонымі арганізатарамі сталі камуністычныя партыі Беларусі і Расеі, то сэнс гэтага мерапрыемства становіцца зразумелым і празрыстым.

Справа ў тым, што антыфашысцкая рыторыка і лёзунгі актыўна выкарыстоўваюцца Расеяй для абгрунтаваньня нападу на Ўкраіну. Аднак ў сьвеце гэтыя лёзунгі мала каго пераконваюць. У Генэральнай асамблеі ААН падчас галасаваньня РФ падтрымліваюць толькі шэсьць краін.

Апынуўшыся у міжнароднай ізаляцыі Масква і Менск імкнуцца знайсьці нейкае апірышча ў сьвеце. І праз год з пачатку вайны яны вырашылі паспрабаваць мабілізаваць у сваю падтрымку міжнародны камуністычны рух.

Ідэя з самага пачатку была тухлая. І таму, што пасьля краху СССР сусьветны камуністычны рух знаходзіцца ў маргінальным стане. І таму, што вайна Расеі супраць Украіны аказалася вельмі ўжо непапулярнай у сьвеце.

У выніку «антафашысцкі форум» у Менску ўяўляў сабой вартае жалю відовішча. Хоць афіцыйна заяўлена, што у мерапрыемстве ўдзельнічаюць прадстаўнікі звыш 50 краін, насамрэч большасьць зь іх падключыліся да форуму па відэасувязі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску праходзіць «антыфашысцкі форум», арганізаваны камуністамі Беларусі і Расеі

Рэальна ў Менск прыехалі прадстаўнікі кампартый 10 краін. Сярод іх не было дэлегацый з тых дзяржаў, дзе кампартыі знаходзяцца ва ўладзе: Кітаю, Віетнаму, Паўночнай Карэі, Кубы. Галоўнай фігурай быў лідэр КПРФ Генадзь Зюганаў. То бок на форум прыбыла дзесьці наўскідку каля двух дзясяткаў гасьцей. Для масавасьці на мерапрыемства мабілізавалі моладзь, каб заля не выглядала пустою.

Так што насамрэч форумам гэта назваць цяжка. Гэта быў нейкі зьезд маргіналаў, лузараў. Невыпадкова нават Лукашэнка не прыйшоў на яго, пасаромеўся. Толькі даслаў прывітаньне.

Калі палітыкам даводзіцца зьвяртацца па дапамогу да камуністаў, гэта дакладны паказьнік, што справы ў іх ідуць дрэнна. 78-гадовы вэтэран камуністычнага руху на постсавецкай прасторы Генадзь Зюганаў у якасьці палітычнага апірышча выглядае, мякка кажучы, зусім не пераканаўча.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.