Мы размаўляем пра тое, хто цяпер сапраўдныя фашысты, навошта ў Менску праводзяць так званы «антыфашысцкі» камуністычны форум з удзелам расейцаў, і як слушна называць зьверствы як расейскіх салдат у Бучы, так і гвалт беларускіх сілавікоў.
Глядзіце размову на відэа
Тут фрагмэнты гутаркі
«Як ні назаві Лукашэнку ці Пуціна, сутнасьць ня зьменіцца, гэта спадчына адміраючай таталітарнай мэнтальнасьці, якая працягвае атручваць жыцьцё сучаснага чалавецтва»
— Як вам здаецца, якія тэрміны, вызначэньні найбольш пасуюць, калі мы гаворым пра забойствы, катаваньні, разбурэньні, якія нясе расейскае войска ва Ўкраіне, і пра катаваньні, гвалт, зьдзекі з тысячаў людзей у Беларусі?
— Узьнік і шырока распаўсюдзіўся, асабліва пасьля ўварваньня ва Ўкраіну, тэрмін «рашызм» — кантамінацыя слова Russia (Расея, якая робіць усе гэтыя зьверствы) і фашызм. Рашызм асацыюецца цяпер з Бучай, Марыюпалем, Ірпянём, Ізюмам, зьверствамі на акупаваных тэрыторыях. Правамернасьць гэтага тэрміну я ня буду абмяркоўваць. Калі людзей катуюць, забіваюць і бамбяць, яны не пытаюцца парады ў носьбітаў мовы агрэсара, як ім лепей іх называць. Нехта кажа — оркі, нехта — рашызм.
— А ў Беларусі як было б правільна называць?
— Гэта таталітарнае, зьвязанае гістарычна з КДБ праўленьне людзей, якія прыціскаюць свабоды. Назваць можна мільёнамі розных спосабаў. Галоўнае не чапляцца за словы, а разумець сутнасьць. Што на адным баку стаяць людзі, якія цягнуць краіну ў мінулае, якія прадстаўляюць сабой анахранізм (акрамя фашызму, зьверстваў, жаху — антыканстытуцыйнае, наплявальніцкае ўяўленьне пра легальнасьць і законы), а з другога боку стаяць людзі, якія змагаюцца за сваю краіну, за тое, каб краіна стала на шлях сучаснасьці. Традыцыйна тыраны і дыктатары заўсёды прадстаўляюць праціўнікаў як антыпатрыётаў. І, натуральна, патрыётамі зьяўляюцца тыя людзі, якія хочуць свабоды, дабра, самавызначэньня сваёй краіне. Як ні назаві Лукашэнку ці Пуціна, сутнасьць ня зьменіцца ад гэтага. Галоўнае — разумець, што гэта спадчына сусьветнай адміраючай таталітарнай мэнтальнасьці, якая працягвае атручваць жыцьцё сучаснага чалавецтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы былі то ахвярамі, то героямі, цяпер зрабіліся памагатымі Пуціна». Размова з Бахарэвічам пра стэрэатыпы, небясьпеку кніг і шанец Беларусі«Я захапляюся тым, як вы змагаліся і як будзеце змагацца далей»
— Больш за год ідзе вайна Расеі супраць Украіны з выкарыстаньнем агрэсарам беларускай тэрыторыі і інфраструктуры. Хто ў Расеі і ў Беларусі нясе адказнасьць за вайну?
— Я чалавек культуры. Я прыватны чалавек, я не палітык, але я чалавек, які адчувае сваю адказнасьць за тое, што адбываецца, менавіта таму, што мая культура, мая краіна паходжаньня, зь якой я ніколі ня рвала, творыць такі жах. І я не магу зрабіць выгляд, што гэта да мяне ня мае ніякага дачыненьня. І калі пачынаюцца ўсе гэтыя размовы пра цудоўную расейскую культуру, літаратуру, гуманізм і ўсё астатняе, узьнікае пытаньне. Калі культура і літаратура, то гэта ўсё ціпа наша, а калі забіваюць у Бучы і бамбяць Кіеў — гэта яны?
Або ты прымаеш адказнасьць цалкам і спрабуеш нешта зрабіць, або ты цалкам дыстанцыюесься ад сваёй культуры паходжаньня (так таксама бывае, інтэграваньне ў іншае грамадзтва). Я не бяру на сябе сьмеласьць гаварыць за іншых людзей, тым больш за іншыя народы, за Беларусь. Беларусы так самааддана змагаліся на нашых вачах за сваю свабоду і незалежнасьць.
Гэта было захапляльна, прыгожа і неверагодна трагічна. І дагэтуль у мяне сьлёзы на вачах, калі згадваю, як людзі клалі газэткі на лавачкі, як іх хапалі, як іх зьбівалі, катавалі і працягваюць катаваць, і зь якой годнасьцю і як масава супраціўляліся.
Цяпер, калі я ў Італіі падыходжу да банкамата зьняць грошы, там высьвечваюцца сьцяжкі Расеі і Беларусі і абвестка, што грамадзяне гэтых краінаў маюць абмежаваньні, ня могуць здымаць валюту ці рабіць іншыя апэрацыі. І ў мне не за маю краіну паходжаньня, за Расею, а за Беларусь наварочваюцца сьлёзы на вочы. Менавіта таму, што я ведаю, як беларусы змагаліся за свабоду і як сьвет іх падтрымліваў у якасьці назіральніка, які спачувае.
Я з самага пачатку выказвала ўсяляк сваё спачуваньне і салідарнасьць. Я вельмі веру ў будучыню Беларусі і ня стаўлю коскі паміж імпэрыяй, якую ўяўляе сабой Расейская Фэдэрацыя, і Беларусьсю. Беларусь стане свабоднай дзяржавай нашмат хутчэй... Розьніца вялізарная. Спадзяюся, што яна будзе ўсё больш выразнай.
Я вельмі веру ў беларусаў. Вы цудоўная, прыгожая, свабодная нацыя. Анахраністычны морак зь іншага часу ня можа працягвацца доўга. Часам спадзяюся, а часам не спадзяюся засьпець распад імпэрыі РФ, але веру, што на працягу майго жыцьця я пабачу свабодную Беларусь і буду вельмі шчасьлівая за вас. А пакуль беражыце сябе. Усе катаваньні, усё, пра што мы чыталі, а гэта толькі невялікая частка таго, што адбываецца, — гэта пачварна. Я захапляюся тым, як вы змагаліся і як будзеце змагацца далей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Толькі ў Беларусі быць фашыстам — гэта такая прафэсія». Бахарэвіч — пра прымітыўнае Зло