Віртуальная Радаўніца. Як ушанаваць памяць памерлых, калі немагчыма прыехаць да іх магілы

Тут і ніжэй на фота Бэрнардынскія могілкі ў Вільні

Тысячы беларусаў аказаліся раскіданымі па ўсім сьвеце пасьля падзей 2020 году. Празь небясьпеку людзі ня могуць прыехаць ні на пахаваньне блізкіх, ні наведаць магілы продкаў.

У размове са Свабодай чатыры беларускі расказваюць, як яны адзначаюць Радаўніцу за мяжой.

«Паеду ў царкву, буду маліцца за сваіх памерлых блізкіх»

Кацярына (імя зьмененае. — РС) вымушаная жыць у Грузіі. На Радзіму яна пакуль ня можа вярнуцца. Жанчына сумуе па тых часах, калі на Радаўніцу ў родную вёску зьбіралася ўся вялікая сям’я. Прыбраць магілы да гэтага сьвята было важна.

«Некаторыя сваякі прыяжджалі загадзя і ня толькі прыбіралі „свае“ магілы, але і інспэктавалі іншыя, рабілі заўвагі, калі бачылі непрыбраныя пахаваньні», — успамінае Кацярына.

Для яе Радаўніца была важным днём, сустрэчай са сваякамі. «Бо як цяпер зьбіраюцца сваякі? На вясельлі, пахаваньні, на Радаўніцу. Цяпер мы тут, у Грузіі, адарваныя ад сваіх каранёў», — лічыць беларуска.

Суразмоўца дадае, што ў Грузіі не знайшла «сваіх» магілаў, таму ў гэты дзень заказвае адмысловую малітву ў мясцовай праваслаўнай царкве. У Беларусі ў жанчыны засталася радня, яны прыбіраюць усе могілкі да Радаўніцы.

Кацярына расказвае пра адчуваньне, што памерлых людзей папросту няма на могілках.

«Ёсьць крыжы, помнікі, але ж іх душ там няма. Яшчэ да году пасьля сьмерці чалавека ёсьць адчуваньне, што ён там, пасьля ж у мяне асабіста такое, што іх там няма. Я за іх малюся, але гэта можна рабіць паўсюль», — кажа беларуска.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нябесная Беларусь. На 13 тысячах могілак спачывае 30 мільёнаў беларусаў

У Грузіі яна знайшла праваслаўны храм на адной з гор, дзе ня толькі добра пачуваецца сама, але і адчувае прысутнасьць Бога. «Пра такія месцы кажуць, што яны намоленыя. Там маленькая царква, прыгожыя краявіды. Едзеш на тую гару і таксама шчыра молісься, бо там вялікі абрыў і рэальна страшна», — сьмяецца Кацярына.

Яна дадае, што ў Грузіі шмат праваслаўных храмаў, таму няма праблемы заказаць службу ці малітву, наведаць царкву на Радаўніцу.

Нядаўна Кацярына страціла тату, ён памёр у Беларусі. Да гэтага ў іх былі праблемы ў камунікацыі, бо бацька жанчыны ў ваенным канфлікце на тэрыторыі Ўкраіны быў за Расею.

«Было цяжка зь ім размаўляць, таму мы спынілі камунікацыю. І вось ён памёр. Мне перажыць гэта дапамагла псыхоляг. Яна зладзіла такую сэсію разьвітаньня з татам. Я прыгадала з дапамогай псыхоляга тыя крыўды, якія мела да яго. Таксама прагаварыла тое, за што я ўдзячная тату. Мне гэта вельмі дапамагло», — кажа Кацярына.

Паводле беларускі, псыхоляг папрасіла яе адказаць: куды яна «адправіць» свайго тату?

«Ён быў мараком. Таму я „адправіла“ яго ў мора, якое ён любіў. Думаю, яму там будзе добра. Потым мы зь дзіцем пайшлі на бераг мора, бачылі там караблі. І я падумала, што ён знойдзе там супакой», — дадала Кацярына.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Радаўніца ў Магілёве ва ўмовах пандэміі: на могілкі ў масках. ФОТА

«Хрысьціянам гэта прасьцей перажыць — можна маліцца, заказаць службу»

Вольга Івашына, жонка зьняволенага журналіста Дзяніса Івашына, часова жыве ў Польшчы. Яна не змагла паехаць на пахаваньне свайго таты. Прызнаецца, што было складана не прысутнічаць на пахаваньні фізычным чынам, не правесьці чалавека ў апошні шлях. Ня зможа Вольга пакуль наведваць і магілы блізкіх.

«Я лічу гэта яшчэ адным злачынствам рэжыму, які падзяліў ня толькі сем’і жывых, але і памерлых. Я ня маю магчымасьці правесьці блізкага чалавека ў апошні шлях, наведаць магілы продкаў. Добра, што пакуль у многіх беларусаў ёсьць сваякі, якія даглядаюць магілы. Але праз пэўны час можа скласьціся так, што ня будзе і каму магілы прыбіраць», — лічыць беларуска.

Яна памятае Радаўніцу як дзень, калі ня толькі прыбіралі магілы і ўшаноўвалі памяць продкаў, але таксама як нагоду сабрацца вялікімі сем’ямі, зладзіць супольны абед ці вячэру. У польскім горадзе, дзе зараз жыве Вольга, яна хадзіла на магілы ўкраінцаў разам зь вернікамі грэка-каталіцкай парафіі, да якой належыць.

Сёлета на Радаўніцу жанчына плянуе пашукаць беларусаў, пахаваных у ейным цяперашнім горадзе, каб ушаноўваць іх памяць на Дзяды, 1-2 лістапада.

«Хрысьціянам, я лічу, прасьцей — яны могуць маліцца, заказаць службу па блізкіх людзях. Можна пайсьці на могілкі і прыбраць магілу іншага чалавека, зрабіць такім чынам добрую справу. Можа, нехта дапаможа і ў Беларусі прыбраць іншыя магілы», — лічыць Вольга.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Варшаве ўшанавалі памяць пахаваных там беларусаў

«Мы ж, беларусы, забабонныя і трохі паганцы, таму нам балюча не бываць на Радаўніцу дома»


Вера (імя зьмененае, — РС) ужо зь дзясятак гадоў жыве ў Польшчы. Раней на Радаўніцу яна і сама езьдзіла на магілы продкаў у Беларусь, і вазіла сваіх дзяцей. «Езьдзілі на нашых родных мясьцінах зь дзецьмі. Каб яны бачылі, ведалі, каб прычасьціліся зямлі сваіх продкаў. Цяпер, на жаль, мы ня можам паехаць», — кажа Вера. Ёй сумна, што малодшая дачка адлучаная ад гэтай традыцыі.

Каб не згубіць памяць, Вера ходзіць пасьля праваслаўнага Вялікадня ў капліцу, дзе можна замовіць памінальны малебен, атрымаць традыцыйны для гэтага пэрыяду хлеб артас.

«Асобны боль беларусаў — калі яны ня могуць паехаць на пахаваньні самых блізкіх людзей. Яны ў роспачы. Гэта адкладзеная траўма. Яны ня могуць перажыць гэты момант — разьвітаньня. Бо мы ж, беларусы, забабонныя, трохі паганцы, нам важна бываць на пахаваньні, на Радаўніцу на магілах», — кажа Вера.

У яе нядаўна памерла бабуля ў Беларусі, але жанчына не змагла прыехаць на пахаваньне. Вера зьбірае сваякоў і дзяцей разам на Дзяды. Каб паглядзець фатаздымкі, расказаць аб продках, апавесьці іх гісторыі. Некалькі гадоў таму Вера высьветліла, што яе прадзед загінуў на тэрыторыі Польшчы, раней сваякі ня ведалі дакладнага месца пахаваньня. Жанчына зьбіраецца паехаць на магілу прадзеда, аддаць яму даніну памяці, пашану, проста пабыць там.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за тысячу мусульман сабраліся на сьвята Ўраза-Байрам у Менску. ФОТА

«Віртуальную сустрэчу са сваякамі я правесьці не магу, бо некаторыя пабойваюцца нас»

Вольга Павук жыве ў Вільні з восені 2020 году. За гэты час у Беларусі ў яе памерлі дзьве бабулі, зь якімі Вольга не змагла разьвітацца.

«Што сказаць? Вельмі сумна гэта. Калі я выяжджала, у мяне і думкі не было, што мы больш ніколі не пабачымся з бабулямі. Яны засталіся жывымі ў маёй галаве, бо я ж ня бачыла іх памерлымі, не была на пахаваньні. У размове з блізкімі цягне спытацца: „Як там бабуля?“. Самае цяжкае было, што бабулі хварэлі, а я ніяк не магла дапамагчы ім, паклапаціцца пра іх», — кажа Вольга.

Беларуска расказвае, што на Радаўніцу ў Гомельскай вобласьці звычайна пякуць паскі, як і на Вялікдзень, зьбіраюцца вялікімі кампаніямі сваякоў на абед.

«Выпечка пасак на Вялікдзень і Радаўніцу — гэта як нацыянальны спорт у вёсцы. Гэта было крута, я таксама пекла паскі. Потым людзі мераліся — у каго смачнейшыя, у каго вышэйшыя, хто больш напёк. Гэта было і сьмешна, і цікава. Цяпер я нічога гэтага не раблю — ані на Вялікдзень, ані на Радаўніцу. Бо тут няма сэнсу. Бо няма вялікай сям’і, мы тут адарваныя і самі сабе. Пад вялікай сям’ёй я маю на ўвазе бабак, цётак, дзядзькоў, стрыечных братоў і сясьцёр — усіх, хто зьбіраўся на Радаўніцу, прыяжджаў з гарадоў», — тлумачыць жанчына.

Вольга кажа, што цяпер ня робіць і віртуальных сустрэч зь «вялікай сям’ёй», якая зьбярэцца ў Беларусі на Радаўніцу.

«Бо некаторыя сваякі на баку ўлады і яны баяцца нас, адчуваюць дыскамфорт. Я ж ня буду некага перавучваць, выхоўваць», — прызнаецца жанчына.

На Дзяды Вольга наведвае могілкі ў Вільні, ставіць зьнічы да незнаёмых магілаў.

«Расказваю дзецям, што гэта за дзень, якія традыцыі гэтага дня. Сьвечкі, зьнічы стаўлю на тыя магілы, дзе менш іх ці ўвогуле няма», — дадала беларуска.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё часьцей замаўляюць маладым». Браты, што вырабілі помнікі сваякам Быкава — пра надмагільлі, якія выбіраюць беларусы