Сусьветная фэдэрацыя бадмінтону адхіліла беларусаў і расейцаў ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах пад сваёй эгідай

Ілюстрацыйнае фота, расейская зьмешаная пара на Алімпіядзе 2012 году ў Лёндане.

Рашэньнем Рады Сусьветнай фэдэрацыі бадмінтону (BWF) дыскваліфікацыя беларускіх і расейскіх спартоўцаў і афіцыйных асобаў працягнута на нявызначаны тэрмін, паведамляе прэс-служба арганізацыі.

«Прынятае ў сакавіку мінулага году рашэньне аб падтрымцы адзінага падыходу спартыўнага руху аб нядопуску прадстаўнікоў Беларусі і Расеі да ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах з прычыны асьцярог з нагоды бясьпекі ўдзельнікаў зьяўляецца пазыцыяй, якую да гэтага часу ў значнай ступені адстойваюць многія фэдэрацыі», — гаворыцца ў рэлізе.

BWF прызнае нядаўна прапанаваны Міжнародным алімпійскім камітэтам мэханізм вяртаньня беларусаў і расейцаў на міжнародную арэну, аднак з улікам рызыкаў для гульцоў і падзей, якія могуць узьнікнуць у выніку аднаўленьня іх удзелу, «ня ўпэўнена, што цяпер ёсьць здавальняючыя падставы для адмены дыскваліфікацыі расійскіх і беларускіх гульцоў і афіцыйных асоб».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МАК патлумачыў альгарытм допуску беларусаў і расейцаў да Адімпіяды ў нэўтральным статусе

22 сакавіка Міжнародная фэдэрацыя хакею (ІІХФ) адхіліла зборныя Беларусі і Расеі ад удзелу ў чэмпіянаце сьвету 2024 году.

23 сакавіка Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных фэдэрацый (ІААФ) працягнула адхіленьне расійскіх і беларускіх спартоўцаў ад міжнародных спаборніцтваў.

28 сакавіка па выніках пасяджэньня выканкаму МАК выпусьціў заяву, у якой рэкамэндаваў міжнародным фэдэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расейцам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. Пры гэтым атлеты могуць спаборнічаць «у якасьці індывідуальных нэўтральных спартоўцаў» (без выкарыстаньня сьцяга, гімну і сымболікі сваіх дзяржаў) і толькі ў тым выпадку, калі яны «актыўна не займаліся падтрымкай баявых дзеяньняў» і ня маюць дзейных кантрактаў зь сілавымі і вайсковымі ведамствамі сваіх краінаў.

Пра допуск расейскіх і беларускіх спартоўцаў заявілі пасьля рэкамэндацыі МАК Міжнародная фэдэрацыя настольнага тэнісу (ІТТФ), арганізатар Уімблдану — Усеангельскі клюб лаўн-тэнісу і кракету (AELTC), Сусьветная фэдэрацыя таэквандо.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне патлумачылі, навошта пачалі складаць сьпіс беларускіх і расейскіх спартоўцаў

Міжнародная фэдэрацыя коннага спорту (FEI) пацьвердзіла забарону на ўдзел у сваіх спаборніцтвах для спартоўцаў зь Беларусі і Расеі, а таксама афіцыйных асобаў з гэтых краінаў. Фэдэрацыя фэхтаваньня Польшчы адмяніла этап Кубка сьвету з прычыны рашэньня дапусьціць да спаборніцтваў спартовак зь Беларусі і РФ у знак салідарнасьці з украінскай фэдэрацыяй фэхтаваньня.

Тым часам стала вядома, што грамадзкія слуханьні па пытаньні адхіленьня спартоўцаў з Расеі і Беларусі ад удзелу ў Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульнях 2024 году ў Парыжы, арганізаваныя Парлямэнцкай асамблеяй Рады Эўропы, адбудуцца ў Страсбургу 25 красавіка.

У слуханьнях возьмуць удзел прадстаўнікі міжнародных спартыўных арганізацый, у тым ліку МАК, спартоўцы, экспэрты па правах чалавека і парлямэнтарыі, паведамілі BPN у прэс-службе ПАСЕ.

У лютым гэтага году краіны Балтыі і Польшча ў кааліцыі з 35 дзяржаў зьвярнуліся да міжнародных спартыўных фэдэрацый і МАК з заклікам забараніць расейскім і беларускім спартоўцам удзельнічаць у Алімпійскіх гульнях і іншых міжнародных спаборніцтвах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны саюз трыятлёну дапусьціў беларускіх і расейскіх спартоўцаў да спаборніцтваў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Найбуйнейшыя фракцыі Бундэстагу заклікалі МАК не адмяняць санкцый для беларускіх і расейскіх спартоўцаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт МАК выступіў за допуск беларускіх і расейскіх спартоўцаў да міжнародных спаборніцтваў у нэўтральным статусе

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.