Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найбуйнейшыя фракцыі Бундэстагу заклікалі МАК не адмяняць санкцый для беларускіх і расейскіх спартоўцаў


Сьцягі ЭЗ, Украіны і Нямеччыны лунаюць перад будынкам Рэйхстагу ў Бэрліне, 17 сакавіка, 2023
Сьцягі ЭЗ, Украіны і Нямеччыны лунаюць перад будынкам Рэйхстагу ў Бэрліне, 17 сакавіка, 2023

Адхіленьне беларускіх і расейскіх спартоўцаў ад міжнародных спаборніцтваў нямецкія дэпутаты па-ранейшаму бачаць «адзіным слушным рашэньнем».

Неадкладна адмовіцца ад плянаў дазволіць беларускім і расейскім спартоўцам удзельнічаць у спаборніцтвах заклікалі Міжнародны алімпійскі камітэт найбуйнейшыя фракцыі парлямэнта Нямеччыны.

У сумеснай заяве сябры спартовага камітэту Бундэстагу ад Сацыял-дэмакратычнай партыі, Хрысьціянска-дэмакратычнага зьвязу, «Зялёных» і Свабоднай дэмакратычнай партыі (іх фракцыі займаюць 83% месцаў у парлямэнце) рашуча асуджаюць расейскую ваенную агрэсію супраць Украіны, выказваюць салідарнасьць з украінскім народам, у тым ліку са спартоўцамі гэтай краіны.

Адхіленьне расейскіх і беларускіх спартоўцаў і зборных ад міжнародных спаборніцтваў дэпутаты па-ранейшаму бачаць «адзіным слушным рашэньнем». На думку парлямэнтароў, для яго скасаваньня або зьмякчэньня няма падстаў, паколькі Расея, якую падтрымлівае Беларусь, працягвае весьці вайну «зь бязьлітаснай жорсткасьцю».

Парлямэнтарыі лічаць, што абсурдная сама ідэя суперніцтва ўкраінскіх спартоўцаў з расейскімі і беларускімі на фоне пакут украінскага спорту: некалькі сотняў атлетаў загінула, іншыя знаходзяцца ў палоне, разбураны аб’екты спартовай інфраструктуры.

«Ввялікая колькасьць расейскіх і беларускіх спартоўцаў зьяўляецца часткай дзяржаўнай сыстэмы, раскручваецца ёю і часта выкарыстоўваецца ў прапагандысцкіх мэтах. На гэтай падставе мы лічым няправільным удзел расейскіх і беларускіх атлетаў пад нібыта нэўтральным сьцягам. Ідэя аб нэўтральных атлетах нерэалістычная — і гэта ўжо паказала мінулае», — падкрэсьліваецца ў заяве.

Прадстаўнікі найбуйнейшых фракцый Бундэстагу заклікаюць Міжнародны алімпійскі камітэт, Міжнародны паралімпійскі камітэт і міжнародныя фэдэрацыі па відах спорту безумоўна захаваць санкцыі супраць спартоўцаў дзьвюх краін, а Саюз эўрапейскіх футбольных асацыяцый — адхіліць футбольную зборную Беларусі ад адборачнага турніру чэмпіянату Эўропы-2024.

Дэпутаты вітаюць «выразную пазыцыю» па гэтым пытаньні, якую раней выказаў Нямецкі алімпійскі зьвяз, і заклікаюць спартовыя фэдэрацыі краіны выступіць супраць скасаваньня санкцый. У той жа час парлямэнтарыі супраць байкоту Нямеччынай летніх Алімпійскіх гульняў 2024 года, калі расейскія і беларускія спартоўцы будуць туды ўсё ж дапушчаныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG