Ці ўдалося зьвесьці да мінімуму ўплыў заходніх санкцый на эканоміку Беларусі? Пра што сьведчыць тое, што ў Браслаўскім раёне кожнага дзясятага жыхара запісалі ў «дармаеды»? На гэтыя пытаньні на канале Свабода Premium адказала экспэртка дасьледчага цэнтру BEROC Анастасія Лузгіна.
Прапануем вашай увазе асноўныя тэзісы экспэрткі.
- Урад і Нацыянальны банк сапраўды намагаліся мінімізаваць наступствы ад санкцыяў для эканомікі Беларусі. Наступствы, вядома ж, ёсьць — значнае зьніжэньне ВУП, скарачэньне IT-сэктару, праблемы ў зьнешнім гандлі, зьніжэньне рэальных заробкаў беларусаў. Але калі б урад нічога не рабіў, гэтыя праблемы маглі б быць яшчэ большымі.
- Пра гэта сьведчаць папярэднія прагнозы міжнародных фінансавых арганізацый. Да прыкладу, Сусьветны банк яшчэ ў сярэдзіне 2022 году прагназаваў, што ВУП Беларусі можа ўпасьці на 6,5%. І фактычна ў 2022 годзе ВУП Беларусі зьнізіўся на 4,7%.
- Паводле афіцыйнага прагнозу, сёлета ВУП Беларусі павінен павялічыцца больш як на 3%. Пры гэтым рэйтынгавае агенцтва Fitch Ratings прагназуе спад на 1,3%. Варыянт ураду аптымістычны — з улікам росту інвэстыцый, які яны заклалі ў пляны. Але Сусьветны банк таксама прагназуе невялікае павелічэньне ВУП.
- У нейкай ступені эканоміка адаптуецца да санкцый. Ідзе пераарыентацыя на Расею, якая мае даволі ёмісты рынак параўнальна з памерамі Беларусі. Але трэба разумець, што Расея таксама можа супрацоўнічаць зь іншымі краінамі — з тым самым Кітаем — і беларускім вытворцам у некаторых сфэрах будзе цяжка канкураваць.
- Адбываецца моцны крэн у бок Расеі, каб мінімізаваць наступствы санкцый. Таксама адбываюцца спробы наладзіць адносіны з краінамі Азіі і Афрыкі. Але гэтыя краіны далёка ад Беларусі, таму ўзьнікаюць праблемы зь лягістыкай. Плюс у некаторых сфэрах адносіны даводзіцца будаваць з нуля.
- Будзе цяжка кампэнсаваць адʼезд зь Беларусі высокакваліфікаваных кадраў, тых самых айцішнікаў. А таксама будзе цяжка замяніць тыя тэхналёгіі, якія пастаўляліся з эўрапейскіх краін ці з ЗША. Тэхналягічнае разьвіцьцё Беларусі «паставілі на паўзу».
- Праект указу, які дазволіць мабільным апэратарам выдаваць пазыкі насельніцтву на суму да 7400 рублёў, — на маю думку, добрая ініцыятыва. Яна робіць фінансавы рынак больш разнастайным і ўзмацняе канкурэнцыю.
- Тое, што ў Браслаўскім раёне кожны дзясяты жыхар апынуўся ў «базе дармаедаў», не абавязкова адлюстроўвае тэндэнцыю па ўсёй Беларусі. Цягам 2022 году разьлікі паводле мэтадалёгіі Міжнароднай арганізацыі працы паказвалі, што беспрацоўе ў Беларусі ў сярэднім было каля 3,6% і ў чацьвёртым квартале нават зьнізілася да 3,4%.
- Гэта лёгка тлумачыцца — з аднаго боку, дэмаграфічная сытуацыя ў Беларусі ня вельмі добрая, а да таго ж людзі зьяжджаюць. Гэта відаць па колькасьці вакансій, якія пакуль што ня могуць запоўніць. А ў «базу дармаедаў» могуць трапляць і людзі, якія працуюць за мяжой.
- На жаль, апошнім часам робіцца менш даступнай статыстыка. Гэта пагаршае магчымасьці для яснага і ўсёахопнага аналізу. Гэта кепска для ўсіх. Што тычыцца якасьці статыстыкі, дык мы можам толькі давяраць ёй, бо ня маем альтэрнатыўных варыянтаў. І ўсе арганізацыі, якія будуюць прагнозы, грунтуюцца на афіцыйнай статыстыцы.