Намесьнік міністра моладзі і спорту Ўкраіны Андрэй Часнакоў заявіў аб намеры ўкраінcкай дзяржавы ідэнтыфікаваць усіх беларускіх і расейскіх спартоўцаў, якія атрымліваюць заробкі ў міністэрствах абароны Беларусі і Расеі або ў фэдэрацыях, створаных сілавымі структурамі.
«Працэс вельмі працяглы і патрабуе пэўнай пільнай працы праваахоўных органаў, у тым ліку і органаў бясьпекі, таму, каб узмацніць працу нашых спартовых фэдэрацый у супрацьдзеяньні расейскім і беларускім фэдэрацыям у вяртаньні спартоўцаў да міжнародных спартовых спаборніцтваў, было прынята рашэньня пачаць публікацыю такіх зьвестак», — паведаміў Андрэй Часнакоў у эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом 19 красавіка.
Паводле яго, такую ініцыятыву вырашылі рэалізаваць пасьля таго, як Міжнародны алімпійскі камітэт па выніках пасяджэньня выканкаму 28 сакавіка ў Лязане (Швайцарыя) выдаў заяву, у якой рэкамэндаваў міжнародным фэдэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расейцам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. Аднак агаварыўся, што канчатковае рашэньне застаецца за самімі фэдэрацыямі.
«У той жа час Міжнародны алімпійскі камітэт у сваіх рэкамэндацыях дакладна адзначыў, што тыя атлеты з Расеі і Беларусі, якія атрымліваюць заробкі ад міністэрстваў абароны і праваахоўных органаў, або якія зьяўляюцца сябрамі спартовых клюбаў, створаных гэтымі арганізацыямі, у тым ліку ЦСКА і „Дынама“, аўтаматычна лічацца такімі, якія падтрымліваюць вайну, і таму ня могуць браць удзелу ў спартовых спаборніцтвах», — сказаў Андрэй Часнакоў.
Менавіта таму, дадаў ён, цяпер галоўная задача — ідэнтыфікаваць усіх такіх спартоўцаў і паінфармаваць аб гэтым усе міжнародныя спартовыя фэдэрацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства спорту Ўкраіны апублікавала сьпіс беларусаў і расейцаў, якіх лічаць датычнымі да падтрымкі дыктатуры і вайны17 красавіка стала вядома, што Міністэрства моладзі і спорту Ўкраіны апублікавала сьпіс спартоўцаў і спартовых функцыянэраў зь Беларусі і Расеі, якіх лічаць датычнымі да падтрымкі дыктатарскіх рэжымаў і вайны. У ім пакуль 23 прозьвішчы, зь іх 11 — беларусы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Украіны ўхваліў рашэньне аб забароне ўкраінскім спартоўцам выступаць на адных пляцоўках з атлетамі зь Беларусі і РасеіКабінэт міністраў Украіны 5 красавіка ўхваліў рашэньне аб забароне ўдзельнічаць украінскім спартоўцам у спаборніцтвах на адной пляцоўцы з расейскімі і беларускімі атлетамі.
Пазьней Міністэрства моладзі і спорту Ўкраіны ўдакладніла, як гэтая забарона будзе рэалізоўвацца. У прыватнасьці, міністэрства загадала дэпартамэнтам спорту забясьпечыць адкліканьне са службовых выпраў афіцыйных дэлегацый у выпадку ўдзелу ў адпаведных спаборніцтвах спартоўцаў Расеі ці Беларусі. Калі такія факты выявяць, павінна быць арганізавана вяртаньне ўдзельнікаў гэтых афіцыйных дэлегацый на тэрыторыю Ўкраіны або ў месцы, адкуль яны былі выпраўлены.
Апроч таго, міністэрства рэкамэндавала ўкраінскім спартовым фэдэрацыям ажыцьцяўляць маніторынг магчымага ўдзелу спартоўцаў зь Беларусі і РФ у міжнародных спаборніцтвах і своечасова інфармаваць аб гэтым міністэрства. У выпадку парушэньня норм загаду, спартовы фэдэрацыі будуць пазбаўляцца статусу нацыянальных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве патлумачылі, як будзе дзейнічаць забарона ўкраінскім спартоўцам удзельнічаць у спаборніцтвах з расейцамі і беларусаміСанкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне
Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.
Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».
26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.
28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.
Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.
У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.
Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.
Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.
5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.
6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».
8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».
Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.
Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.
Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.
Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.
9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.
22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.
28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.
20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.