Стала вядома, у колькі абыдзецца сьвяткаваньне сёлетняга 9 траўня ў Менску беларускаму бюджэту. Адпаведную заяўку разьмясьцілі на сайце дзяржаўных закупак.
«Матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне сьвята» ў Менску 9 траўня будзе каштаваць 154 тысячы рублёў. Гэтая сума ўключае абсталяваньне сцэны ў парку Перамогі, а таксама ўсталяваньне «партызанскай пляцоўкі» і пляцоўкі «Лябірынт гісторыі».
З дакумэнтаў дзяржзакупкі вынікае, што на сьвяткаваньнях задзейнічаюць два асобныя павільёны са сваім пэрсаналам і тэхнікай, але што будзе адбывацца на «партызанскай пляцоўцы» і ў «лябірынце гісторыі», не паведамляецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці зьменшыліся выдаткі ўладаў на сьвяткаваньне Новага году?Таксама на 9 траўня ў Менску заплянаваны традыцыйны фаервэрк коштам 220 тысяч рублёў. Згодна з дакумэнтацыяй, фаервэрк адбудзецца ў 6 месцах:
- Пляцоўка ў парку Янкі Купалы
- Пляцоўка ў сквэры імя Паўлава
- Узьбярэжжа вадасховішча Дразды
- Парк Уга Чавэса
- Пляцоўка каля Чыжоўка-Арэны
- Пляцоўка каля Нацыянальнай бібліятэкі
Гама фаервэрку, згодна з закупкай, — колеры дзяржаўнага сьцяга Беларусі.
Летась салют у Менску каштаваў столькі ж — 220 тысяч рублёў, а ў 2021 годзе — 225 тысяч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На салют 9 траўня ў Менску ўлады плянуюць патраціць 220 тысяч рублёўШто будзе ў рэгіёнах?
Сьвяточны салют на 9 траўня плянуецца таксама ў Горадні, на яго зьбіраюцца патраціць 19 500 рублёў. Гэта ў 11 разоў таньней, чым у Менску. Таксама ў Горадні ўсталююць сцэну для канцэрту, агульны кошт усяго абсталяваньня і паслугаў — 39 тысяч рублёў.
Яшчэ адзін фаервэрк пройдзе каля мэмарыяльнага комплексу «Берасьцейская крэпасьць-герой». Каштаваць піратэхнічнае шоў будзе 25 тысяч рублёў, арганізатары абяцаюць «сэнсавыя піратэхнічныя карціны». Шоў будзе працягвацца 8 хвілін, у неба выпусьцяць агулам 354 зарады.
Будуць 9 траўня сьвяткаваць і ў меншых гарадах. Напрыклад, Любанскі раён закупляе рытуальныя кошыкі ад сельсаветаў на суму 1650 рублёў.
А што з парадам?
Апошні раз вайсковы парад на 9 траўня ў Менску праходзіў у 2020 годзе на фоне эпідэміі каранавірусу. Тады супраць параду выказаліся 7 тысяч чалавек, столькі грамадзян падпісаліся пад адпаведнай пэтыцыяй. У Расеі парад адмянілі і адмовіліся ўдзельнічаць у беларускім. Усясьветная арганізацыя здароўя таксама рэкамэндавала парад не праводзіць, але яго ўсё адно правялі раніцай 9 траўня. Гэта быў адзіны парад на постсавецкай прасторы ў траўні таго году.
У 2021 і 2022 гадах парад на 9 траўня ўжо не праводзілі. У 2021-м улады спаслаліся на тое, што «гэтая дата ня круглая». На Дзень незалежнасьці 3 ліпеня парады таксама не праводзіліся. Летась улады заявілі, што наступны пройдзе ў Беларусі ў 2024 годзе на Дзень незалежнасьці 3 ліпеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выхвальства Лукашэнкі насуперак пандэміі, выклік Пуціну, подкуп людзей — сусьветныя СМІ пра парад у МенскуКолькі патрацяць на сьвяткаваньне і ці шмат гэта
Калі скласьці асноўныя выдаткі на салюты ў Менску, Горадні і Берасьці, а таксама на сталічнае шоў, то сёлетняе сьвяткаваньне 9 траўня ў Беларусі будзе каштаваць дзяржбюджэту як мінімум 457 500 рублёў, або 155 тысяч даляраў. Гэта прыкладна
- 271 сярэдні заробак,
- 4 тысячы сярэдніх стыпэндый,
- 1318 мінімальных пэнсій па ўзросьце
- альбо 444 174 кіляграмы бульбы.