Дзяржкантроль падазрае клініку «Новы зрок» у «шэрых» заробках

У клініцы «Новы зрок», архіўнае фота

На ўладальніка і чатырох супрацоўнікаў клінікі завялі крымінальную справу.

У Камітэце дзяржкантролю падазраюць кіраўніцтва афтальмалягічнай клінікі ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў. Сьледзтва сьцьвярджае, што «заробкі ў канвэртах» выплочвалі пяць гадоў кіраўніцтву і спэцыялістам цэнтру. Агулам нібыта каля 50 чалавек атрымлівалі заробак такім чынам, абыходзячы падаткі.

У КДК кажуць, што фінансавая шкода дзяржаве перавысіла 2,5 млн рублёў.

Асноўны падазраваны — уладальнік «Новага зроку» Алег Каўрыгін, які жыве ў Літве. На яго і чатырох супрацоўнікаў цэнтру завялі крымінальныя справы.

Афтальмалягічны цэнтар «Новы зрок» зьявіўся на арэндных пляцоўках паліклінікі МТЗ у Менску ў канцы 90-х. Затым зьявіліся клінікі ў іншых гарадах Беларусі, а таксама ў іншых краінах — Расеі, Латвіі, Эстоніі, Нарвэгіі, Вялікай Брытаніі. Таксама аддзяленьне клінікі заснавалі ў Літве, туды ў 2012-м пераехаў Алег Каўрыгін. Пазьней улады падазравалі яго ў кантрабандзе мэдычнага абсталяваньня, аднак справу закрылі.

17 красавіка Дзяржкантроль заявіў пра новую крымінальную справу за спэкуляцыю мэдыкамэнтамі. Там адзначылі, што ў справе фігуруюць пяць фірмаў, але іх назваў не раскрывалі. Сярод падазраваных — заснавальнікі і кіраўнікі кампаній. Двое чалавек, паводле афіцыйнай вэрсіі, імкнуліся ўцячы за мяжу, але іх затрымалі.

Рэакцыі ад самой клінікі на агучаныя абвінавачванні КДК пакуль няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камітэт дзяржкантролю Беларусі затрымаў кіраўнікоў пяці кампаній, якія пастаўляюць мэдычныя тавары і лекі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўская мытня затрымала двух беларусаў, якія несьлі 6 кг лекаў і вітамінаў «суайчыньнікам» у Літву