Прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі хакею (IIHF) Люк Тардыф заявіў, што хакейныя каманды Беларусі і Расеі змогуць вярнуцца да спаборніцтваў пад эгідай фэдэрацыі толькі пасьля канца вайны. І ён спадзяецца, што гэта адбудзецца хутка:
«Па-першае, я спадзяюся, што Расея і Беларусь вельмі хутка вернуцца ў IIHF таму што гэта будзе азначаць, што вайна скончылася», — заявіў ён у Канадзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародная фэдэрацыя хакею адхіліла апэляцыі Беларусі і Расеі на адмову дапусьціць каманды да спаборніцтваўТардыф дадаў, што рашэньне аб удзеле камандаў у адборачным турніры да зімовых Алімпійскіх гульняў у Міляне 2026 году будзе прымацца ў 2024 годзе:
«Але мы прымем канчатковае рашэньне аб гэтых краінах для Міляна ў сакавіку 2024 году, таму што неўзабаве пасьля гэтага мы пачнем алімпійскую кваліфікацыю, і Беларусь павінна будзе ў гэтым удзельнічаць», — сказаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МАК патлумачыў альгарытм допуску беларусаў і расейцаў да Адімпіяды ў нэўтральным статусе- У 2021 годзе Міжнародная фэдэрацыя хакею пазбавіла Менск права правядзеньня чэмпіянату сьвету ў хакеі 2021 году. У заяве арганізацыі гаварылася, што прычына такога рашэньня — немагчымасьць гарантаваць бясьпеку пры правядзеньні турніру. Такое рашэньне прынялі пасьля выбараў прэзыдэнта і пратэстаў і рэпрэсій у дачыненьні да грамадзян, якія выходзілі на мірныя мітынгі.
- У лютым 2022 году Хакейная ліга чэмпіёнаў вырашыла не запрашаць каманды зь Беларусі да ўдзелу ў сэзоне 2022/2023 году.
- 27 траўня 2022 году з прычыны вайны ва Ўкраіне зборным Беларусі і Расеі забаранілі ўдзельнічаць у чэмпіянаце сьвету 2023 году.