З 1 чэрвеня 2023 году ўладальнікі беларускіх транспартных сродкаў пры ўезьдзе на тэрыторыю Эўразьвязу павінны будуць купляць страхоўкі кампаній гэтых краін.
Асацыяцыя міжнародных аўтамабільных перавозьнікаў папярэдзіла аб зьменах у дзеяньні «зялёных картаў» з Эўразьвязам.
Летась Нацыянальнае бюро дзяржаў Эўрапэйскай эканамічнай зоны паведаміла беларускаму боку аб скасаваньні пагадненьняў аб супрацоўніцтве. Раней аформленыя страхоўкі будуць лічыцца скасаванымі з 31 траўня 2023 году.
Што гэта азначае?
- Гэта значыць, што дамовы страхаваньня «Зялёная карта», заключаныя для транспартных сродкаў, зарэгістраваных у Беларусі з тэрыторыяй дзеяньня эўрапейскіх дзяржаў, будуць лічыцца дзейнымі толькі па 31 траўня 2023 году і спыняць сваё дзеяньне аўтаматычна ў 23:59 гэтага дня;
- дамовы страхаваньня «Зялёная карта», заключаныя для транспартных сродкаў, зарэгістраваных у эўрапэйскіх дзяржавах з тэрыторыяй дзеяньня Рэспублікі Беларусь, таксама будуць лічыцца дзейнымі толькі па 31 траўня 2023 году і спыняць сваё дзеяньне аўтаматычна ў 23:59 гэтага дня.
- З 1 чэрвеня 2023 г уладальнікі беларускіх транспартных сродкаў пры ўезьдзе на тэрыторыю краін Эўразьвязу павінны будуць купляць страхоўкі кампаній гэтых краін. Таксама ўладальнікі транспартных сродкаў, зарэгістраваных у краінах Эўразьвязу, мусяць купляць страхоўкі ў Беларусі.
- Пры гэтым дамовы страхаваньня «Зялёная карта» з тэрыторыяй дзеяньня іншых дзяржаў – чальцоў сыстэмы «Зялёная карта» (Азэрбайджан, Альбанія, Андора, Босьнія і Герцагавіна, Іран, Марока, Малдова, Расея, Паўночная Македонія, Сэрбія, Туніс, Турэччына, Чарнагорыя) могуць заключацца, як і раней.