— Сын за бацьку не адказвае. А бацька за сына? Ці ня варта спытацца ў бацькоў тых судзьдзяў, пракурораў, амапаўцаў, якія цынічна парушаюць закон, каго яны выхавалі?
— Думаю, што не адказвае ні сын за бацьку, ні бацька за свайго дарослага сына, які атрымаў уладу над іншымі. Сямейная пэдагогіка — сфэра маральная, а не юрыдычная ці палітычная.
Калі ж мы будзем патрабаваць адказнасьці бацькоў за дзяцей-ябацек, мы самі ператворымся ў гэтых ябацек, якія праводзяць пагромы ды арышты бацькоў выгнаных з краіны дзяцей. Ня мусіць быць ні сямейнай, ні калектыўнай адказнасьці за іншадумства. Кожны мусіць думаць тое, што ён думае, а несьці адказнасьць толькі за свае ўласныя канкрэтныя ўчынкі.
— А куды прапаў Раман Пратасевіч? Быў зоркай БТ, а цяпер?
— Як паведаміла Радыё Свабода, ён выйшаў з-пад хатняга арышту пасьля пагадненьня са сьледзтвам, а 16 лютага сёлета над ім і яго былымі калегамі пачаўся суд. У кожным разе ён застаецца ў палоне захопнікаў улады.
З аднаго боку зразумела, што Пратасевіч ратуе сваё жыцьцё і свабоду, з другога — ён публічна агаворвае сваіх былых калег, чаго паводле закону рабіць не абавязаны, але менавіта агавору патрабуюць ад яго захопнікі, якім «не да законаў». Атрымліваецца цынічны гандаль: свабода ў абмен на рэпутацыю. Чым завершыцца суд, даведаемся хіба праз паўгода. У справе нібыта больш за 100 тамоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Раману Пратасевічу прад’явілі больш жорсткае абвінавачаньне— За Ўкраіну гінуць беларусы, а ці ёсьць загінулыя расейцы?
— Інфармацыі вобмаль. Самі яны кажуць, што добраахвотнікаў расейцаў на ўкраінскім баку паўтысячы. У групе «Foreign volunteers in Ukraine» ў ФБ я налічыў пяць паведамленьняў пра загінулых. І вось на што зьвярнуў увагу. У ваяроў-расейцаў няма адназначнай матывацыі і ідэалёгіі.
Беларус ці грузін ваююць за наступныя перамены ў сваіх краінах. Француз ці брытанец — каб не пусьціць «СВО» далей у Эўропу і на ўвесь сьвет. Калі беларусы сваіх загінулых праводзяць словамі: «Слава Ўкраіне! Жыве Беларусь!», дык пра расейцаў каб гукалі: «Слава Ўкраіне! Слава Расеі!» — не сустракаў.
— Пра што кувалда ПВК «Вагнэр», як экспанат школьнага музэя ў Рэчыцы, можа расказаць дзецям?
— Напрыклад, пра тое, што каго хочаш можна забіць даступным кожнаму спосабам. І табе нічога ня будзе. Або пра тое, адкуль ідзе назва ПВК.
У СМІ пісалі пра нейкага расейскага найміта Уткіна, які стаяў ля вытокаў кампаніі і меў пазыўны «Вагнэр», бо захапляўся Трэцім Райхам. Гэта 2014 год. Або пра нямецкага кампазытара Рыхарда Вагнэра (1813-1883), які быў ідэйным натхняльнікам нацыянал-сацыялістаў Гітлера, бо вызнаваў агрэсіўны антысэмітызм і заклікаў габрэйскую нацыю «адрадзіцца праз крывавую барацьбу за самазьнішчэньне». Але найперш тая кувалда сьведчыць пра непераборлівасьць тых, каму даручылі выхаваньне дзяцей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Музэй Рэчыцкага вайскова-патрыятычнага цэнтру «Скіф» атрымаў кувалду ПВК «Вагнер»— Некаторыя кажуць, што былі ў Лукашэнкі і дасягненьні для Беларусі. Якія?
Усе дасягненьні былі або насуперак яму (беларуская культура) або ён спляжыў тое, што было пры ім дасягнута іншымі (ПВТ, дарогі за эўрапейскія грошы).
Ягоныя ўласныя здабыткі пачынаюцца са знаку «мінус». Мінус мільён насельнікаў Беларусі, мінус сялянства як сацыяльны стан, мінус беларуская ідэнтычнасьць, мова і школа. Мінус журналістыка як прафэсія. Мінус прававая дзяржава і законы. Мінус выбары і дэмакратыя. Мінус высокая кваліфікацыя і матывацыя работнікаў ва ўсіх сфэрах, апроч рэпрэсіўнай... На чарзе, мабыць, мінус спорт.
Сказаць, што ў Беларусі нешта дасягнута «дзякуючы Лукашэнку», не выпадае.
— Якая можа быць матывацыя ў звычайнага вайсковаабавязанага беларуса, каб зноў ісьці на ўсе гэтыя бясконцыя зборы?
— Ідэйнай матывацыі няма, бо армія паводле духу не беларуская, а расейска-савецкая. Яна ніяк не зьвязаная з натуральным жаданьнем бараніць сваю Беларусь, дом, сям’ю, свой уклад жыцьця і сваю культуру. Хіба што — ад тэрору губазіка.
Бараніць рэжым Лукашэнкі сёньня таксама ніхто ня будзе. Толькі тыя, для каго гэта бізнэс. Таму матывацыя тут, як у паездкі на рыбу ці паходу кампаніяй у лазьню: вырвацца з будзённасьці, адчуць рэлякс ці экстрым (як казалі калісьці ў рэкляме аграсядзібы), гарэлкі папіць...
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сыну абяцалі, што 1 траўня будзе дома». Як у Беларусі праходзіць раптоўная праверка баявой гатоўнасьці— Ці правільна, што мы перажываем за падзеі ва Ўкраіне, а праблемы сваёй краіны не рашаем?
— Сёньня рэжым у Беларусі нарошчвае праблемы, а не вырашае іх. Выбары — галоўны спосаб удзелу грамадзяніна ў жыцьці краіны — фактычна забароненыя. У астатнім беларусы, як ніколі, вырашаюць праблемы сваёй краіны. Гэта салідарнасьць у турмах, партызаны на чыгунцы, падпольныя сувязі, беларускія ваяры ва Ўкраіне, астраўкі Беларусі за межамі, дзе мацуюць ідэнтычнасьць, пашыраюць мову, разьвіваюць культуру, адукацыю і асьвету, навуку, грамадзянскую супольнасьць...
Беларусь цяпер жыве на ўсіх узроўнях, дзе ёй немагчыма забараніць жыць. У тым ліку ў палітыцы, дзе гэтыя праблемы бачаць, абмяркоўваюць і вырашаюць.
Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
❓Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Пра сілавы пераварот, чым Геніюш замінае «ябацькам» і хто вінаваты ў вайне — Пуцін ці народ Расеі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Пра народныя песьні, новую Беларусь і «генацыд беларускага народу» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Навошта падпісваць пэтыцыі, што нам дае памяць пра БНР і якое месца ў новай Беларусі зойме ГУБАЗіК ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Пра нацыянальны колер Беларусі, сваркі ў дэмакратычным асяродку і выцясьненьне з ужытку расейскай мовы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Пра інцыдэнт у Мачулішчах, стратэгію дэмакратычных сіл і паглынаньне Беларусі Расеяй ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Пра дэтэктар хлусьні для журналістаў, масавыя ўцёкі пасіянарыяў на Захад і «адмену» расейскай культуры ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Ці Лукашэнка трымаецца пры ўладзе дзякуючы русыфікацыі, куды лепш эміграваць і ці ёсьць нейкая карысьць у вайне ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Чаму Эўропа не плянуе ісьці на Маскву, як распазнаць агента КДБ і пра жыцьцё «па маскоўскім часе» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Ці бываюць беларусы імпэрцы, пра наступствы падзелу Расеі, зьнішчэньне беларускай мовы і шпіца на стале ў Лукашэнкі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Пра Новы год, «калектыўны Захад» і калі беларусы-уцекачы змогуць вярнуцца дадому ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Пра найбліжэйшы беларусам народ, тарашкевіцу/наркамаўку і кветкі на магілу Макея