Міжнародны саюз трыятлёну дапусьціў беларускіх і расейскіх спартоўцаў да спаборніцтваў

Беларускія спартоўцы падчас пратэстаў у Менску. Архіўнае фота

Раней Міжнародны алімпійскі камітэт дазволіў беларусам і расейцам удзельнічаць у спаборніцтвах у нэўтральным статусе.

Беларускія і расейскія спартоўцы змогуць удзельнічаць у спаборніцтвах пад эгідай Міжнароднага саюзу трыятлёну. Такое рашэньне выканаўчы камітэт саюзу прыняў 13 красавіка.

Саюз тлумачыць сваё рашэньне рэкамэндацыямі Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК), які дазволіў беларусам і расейцам удзельнічаць у спаборніцтвах у нэўтральным статусе:

«Рашэньне было прынятае для таго, каб стварыць умовы для ўдзелу ў спорце незалежных нэўтральных спартоўцаў з расейскімі і беларускімі пашпартамі, а таксама афіцыйных асоб з абедзьвюх краін», — гаворыцца ў прэс-рэлізе Міжнароднага саюзу трыятлёну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МАК патлумачыў альгарытм допуску беларусаў і расейцаў да Адімпіяды ў нэўтральным статусе

Паслабленьні ў спартовых санкцыях у сувязі з уварваньнем Расеі ва Ўкраіну

28 сакавіка па выніках пасяджэньня выканкаму ў Лязане (Швайцарыя) МАК выдаў заяву, у якой рэкамэндаваў міжнародным фэдэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расейцам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. Аднак агаварыўся, што канчатковае рашэньне застаецца за самімі фэдэрацыямі.

Пры гэтым павінен быць выкананы шэраг умоў. Беларускія і расейскія атлеты змогуць спаборнічаць «у якасьці індывідуальных нэўтральных спартоўцаў» (без выкарыстаньня сьцяга, гімна і сымболікі сваіх дзяржаў) і толькі ў тым выпадку, калі яны «актыўна не займаліся падтрымкай баявых дзеяньняў» і ня маюць дзейных кантрактаў зь сілавымі і вайсковымі ведамствамі сваіх краін.

30 сакавіка Міжнародная фэдэрацыя настольнага тэнісу (ІТТФ) абвясьціла пра згоду дапусьціць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай беларускіх і расейскіх удзельнікаў пры захаваньні імі строгага нэўтралітэту.

Раней стала вядома, што ў тым самым нэўтральным статусе расейцаў і беларусаў дапусьцяць да Ўімблданскага турніру, аднаго з найбольш прэстыжных тэнісных спаборніцтваў у сьвеце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У сувязі з пазыцыяй па вайне ва Ўкраіне». Мінінфарм Беларусі пазбавіў ліцэнзіі два спартыўныя каналы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фэдэрацыя фэхтаваньня Польшчы адмяніла этап Кубка сьвету праз рашэньне дапусьціць да спаборніцтваў спартовак зь Беларусі і Расеі