Міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch абнародавала новую справаздачу, якая зьмяшчаем дадатковыя доказы ваенных злачынстваў расейскіх вайскоў у часе акупацыі ўкраінскага горада Херсону.
Праваабаронцы задакумэнтавалі факты незаконных затрыманьняў, выкраданьняў і катаваньняў украінцаў у пэрыяд з сакавіка па лістапад 2022 году.
Пацярпелыя і чальцы іх сем’яў паведамілі праваабаронцам, што ў Херсоне расейцы стварылі пяць катоўняў — у двух сьледчых ізалятарах, у будынку мясцовай адміністрацыі, а таксама ў школе і аэрапорце.
Грамадзяне, зь якімі праваабаронцы запісалі інтэрвію, паведамілі, што іх у часе зьняволеньня білі палкамі і гумовымі дубінкамі, катавалі электрычным токам, пагражалі сьмерцю і калецтвам. Пры гэтым мэдычнай дапамогі затрыманыя не атрымлівалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маніторынгавая місія ААН зафіксавала ва Ўкраіне 133 ахвяры сэксуальнага гвалту, зьвязанага з вайной«Расейскія войскі ў Херсоне агрэсіўна абшуквалі будынкі, а потым затрымлівалі аднаго або некалькіх людзей з тых, хто там пражываў, па розных абвінавачваньнях. Некалькі затрыманых паведамілі, што расейскія вайскоўцы білі іх і пагражалі ім ці іхным сваякам, у тым ліку старым людзям. Потым расейскія салдаты закрывалі шапкай або торбай вочы або галаву затрыманых, прымушалі іх сесьці ў машыну, і тады адвозілі ў адно зь месцаў утрыманьня», — адзначаецца ў справаздачы Human Rights Watch.
«Было пяць чалавек. Усіх пабілі. Быў адзін, якому прастрэлілі нагу, яшчэ аднаму зламалі рабро. Мы ўвесь дзень і ноч чулі крыкі [людзей, якіх білі]. Людзі крычалі і а трэцяй гадзіны ночы, і ўвечары. ...Мэдычнай дапамогі нікому не аказвалі», — прыводзяцца ў справаздачы словы аднаго з пацярпелых украінцаў.
Іншыя пацярпелыя ад расейскіх вайскоўцаў расказалі, што расейцы прыніжалі затрыманых, прымушалі іх пад пагрозай біцьця выкрыкваць прарасейскія лёзунгі, слухаць і сьпяваць гімн Расеі і расейскія патрыятычныя песьні, а таксама аплядаваць тым, хто сьпяваў.
Паводле апытаных, расейцы найбольш шукалі грамадзян, якія займаліся валянтэрскай дзейнасьцю або ваявалі ў складзе Ўзброеных сіл Украіны на Данбасе з 2014 году.
Адна жанчына паведаміла, што расейцы затрымалі яе, бо не маглі знайсьці яе мужа, і трымалі ў закладніках, пакуль ён ня здаўся на наступны дзень.
Калі ўкраінскія вайскоўцы вярнулі Херсон у лістападзе 2022 году, расейцы ўзялі з сабой частку затрыманых мірных жыхароў. Мяркуецца, што іх незаконна перавезьлі ў акупаваны Расеяй Крым. Пры гэтым расейцы не паведамлялі сваякам аб месцы знаходжаньня затрыманых і пазбаўлялі магчымасьці наняць адваката.
Паводле прадстаўніка Херсонскай пракуратуры, у часе расейскай акупацыі незаконна былі затрыманыя ад 4000 да 5000 мірных грамадзян, але іх рэальная колькасьць можа быць значна большай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне назвалі апошнія лічбы ахвяраў расейскай акупацыі часткі Кіеўскай вобласьці ў 2022 годзеВаенным злачынствам зьяўляецца наўмыснае жорсткае абыходжаньне, катаваньне або забойства цывільных асобаў або палонных удзельнікаў баявых дзеяньняў, якія знаходзяцца ў зьняволеньні, наўмыснае прычыненьне моцных пакут або сурʼёзных цялесных пашкоджаньняў і незаконныя дэпартацыя і перамяшчэньне затрыманых грамадзян.
Паводле Офісу генэральнага пракурора Ўкраіны, з пачатку расейскага ваеннага ўварваньня сьледчыя задакумэнтавалі 80 198 ваенных злачынстваў расейскіх вайскоўцаў, некаторым зь іх ужо абвясьцілі выракі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: CNN: на апублікаваных відэазапісах імаверна расейцы адразаюць галаву ўкраінскаму вайскоўцу. У Кіеве адрэагаваліВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.