Чым часьцей Аляксандар Лукашэнка заяўляе, што «Расея ў гэтай вайне ня можа прайграць», чым мацней «заціскае гайкі», пашыраючы палітычныя рэпрэсіі на ўсё большае кола грамадзтва, чым больш патрабуе гарантый уласнай бясьпекі ад свайго адзінага гаспадара і спонсара, тым больш яўным становіцца ягоны асабісты страх перад падзеямі, якія няўмольна насоўваюцца. А тое, што яны ўжо блізка і што зыход іх можа быць зусім ня той, у якім запэўнівае ягоная прапаганда, сам Лукашэнка зь ягонай тонкай палітычнай інтуіцыяй, без сумневу, адчувае.
У чаканьні ўкраінскага контранаступу
Атачэньне беларускага дыктатара зь непакоем і трывогай чакае хуткага ўкраінскага контранаступу — непрадказальнага і бязьлітаснага, зь няпэўнымі фіналам і наступствамі, якія з высокай доляй верагоднасьці непасрэдна зачэпяць і менскі рэжым. Лукашэнка рыхтуецца да гэтага як можа: умацоўвае мяжу з Украінай; палохае Захад расейскай ядзернай зброяй; патрабуе дадатковых гарантый ад Расеі (а раптам наступ будзе настолькі ўдалым, што ўкраінцы ня толькі вернуць Данбас і Крым, але і ўспомняць пра тое, адкуль ішлі танкі на Кіеў у лютым 2022-га?). З гэтага ж шэрагу — масавыя выклікі на раптоўныя пазаплянавыя вайсковыя зборы рэзэрвістаў; заява сакратара Савету бясьпекі Вальфовіча пра магчымае вяртаньне практыкі абавязковага прызыву ў войска студэнтаў; агульная мілітарысцкая гістэрыя афіцыйнай прапаганды.
А галоўнае — бесьперапынны каток палітычных рэпрэсій.... Ён не спыняецца і ў блізкай будучыні ня спыніцца, бо гэта ці не адзіны даступны Лукашэнку спосаб дэманстрацыі краіне і сьвету сваёй жорсткасьці, рашучасьці і бескампраміснасьці.
Досьвед дыктатур сьведчыць: каб ня выклікаць ваганьняў у сваім атачэньні і трымаць грамадзтва ў поўным паслушэнстве, дыктатар нават перад пагрозай уласнага хуткага краху, да апошняга моманту павінен рабіць выгляд, што ўсё ў парадку, што сытуацыя пад ягоным жорсткім кантролем. Дзеля гэтага неабходна дэманстраваць актыўнасьць. Вось і ў Лукашэнкі: «дэструктыўныя ячэйкі» выяўляюцца, «экстрэмістаў» арыштоўваюць, суды выносяць жорсткія прысуды, «зачыстка» ахоплівае ўсё новыя рэгіёны...
У дыктатурах на апошніх стадыях іх існаваньня такое бывала часта. Напрыклад, у апошнія тыдні існаваньня Трэцяга Рэйху, увесну 1945-га, калі савецкая дальнабойная артылерыя ўжо ва ўсю моц абстрэльвала Бэрлін, а танкі прарываліся ў прыгарады нямецкай сталіцы, у сутарэньнях Рэйсхканцылярыі ўсё яшчэ вяліся допыты антыфашыстаў, СС і СД працягвалі выяўляць і арыштоўваць неляяльных рэжыму асобаў, а турмы былі перапоўненыя палітзьняволенымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прага ўлады як хвароба. Лукашэнка і прывід блізкага краху дыктатурыАпошняя надзея — «вундэрвафэ»
Калі 17 лютага 2022 года, за тыдзень да пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, Лукашэнка заявіў пра тое, што гатоў разьмясьціць на сваёй тэрыторыі ня толькі ядзерную, але і нейкую «звыш’ядзерную» зброю («Калі такія бесталковыя, дурныя крокі зробяць нашы праціўнік і супернікі»), многія толькі скептычна ўсьміхнуліся: маўляў, выхваляецца, агаварыўся, якая-такая «звыш’ядзерная» зброя?...
Хоць намёкі на «звышзброю» і спосаб шантажу ёю сваіх праціўнікаў — зусім не вынаходка Лукашэнкі. Недзе падобнае сьвет ужо чуў. У 1943 годзе гітлераўскі рэйхсміністар узбраеньняў Альбэрт Шпэер казаў: «Зацяжная вайна будзе выйграна з дапамогай цуда-зброі». Меліся на ўвазе менавіта ядзерныя дасьледаваньні, якія актыўна вяліся ў Райху і павінны былі кончыцца стварэньнем ядзернай бомбы.
Адметна, што сам тэрмін «вундэрвафэ» (цуда-зброя, ці звышзброя) прыдумалі зусім не інжынэры-збройнікі, а прапагандысты зь ведамства Гебэльса. Ёмісты і яркі вобраз павінен быў палохаць ворага, падтрымліваць баявы дух салдатаў і прыцішваць панічныя настроі сярод насельніцтва. Гітлеру тэрмін вельмі падабаўся. «Я ўпэўнена гляджу ў будучыню. „Зброя адплаты“, якой я валодаю, зьменіць абстаноўку на карысьць Трэцяга Райху», — заявіў ён 24 лютага 1945 года, за два месяцы да свайго ганебнага фіналу. Калі б ён сапраўды пасьпеў атрымаць у сваё распараджэньне ядзерную бомбу, зыход вайны мог быць зусім іншы. Прынамсі, сцэнар сэпаратных перамоў і замірэньня з Захадам выглядаў бы зусім не такім безнадзейным, як у выкананьні Далеса і Вольфа ў швайцарскім Бэрне ў сакавіку 1945 года. Гітлер сапраўды мог дамагчыся таго, каб напалоханы сьвет на нейкі час і на пэўных умовах пакінуў у спакоі ягоную дыктатуру.
«Калі б у нас была гэта зброя, з намі б цяпер па-іншаму размаўлялі», — шкадаваў Лукашэнка ў красавіку 2010 года, наракаючы на халаднаватае стаўленьне да свайго рэжыму з боку заходніх палітыкаў. Сёньня, калі даўняя мара Лукашэнкі вось-вось збудзецца і расейскія ядзерныя ракеты ня сёньня, дык заўтра падвесяць пад крылы беларускіх самалётаў, мэты беларускага дыктатара ў чымсьці нагадваюць патаемныя мэты Гітлера перад крахам Трэцяга Райху: «Толькі не чапайце маёй дыктатуры»....
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спачатку арыштоўваюць яны, потым прыйдуць па іх. Пра лёгіку лукашэнкаўскіх палітычных рэпрэсій«Атлянтычны вал»
Са спадарожнікаў відаць: расейскія войскі ва Ўкраіне актыўна рыхтуюцца да маштабнай абароны. Гэта відаць найперш у Крыме: адразу за адміністрацыйнай мяжой з Херсонскай вобласьцю, у раёне Армянску і Перакопскага валу зьявілася падвойная лінія акопаў, якія цягнуцца на дзясяткі кілямэтраў.
Падобныя інжынэрныя ўмацаваньні, супрацьтанкавыя надаўбні («зубы дракона») , шматкілямэтровыя траншэі перарэзваюць украінскія стэпы ў многіх мясьцінах Запароскай вобласьці... Фартыфікацыйныя збудаваньні зьяўляюцца і ў іншых мясьцінах на акупаванай расейцамі ўкраінскай тэрыторыі.
Безумоўна, штабы расейскага ўварваньня ва Ўкраіну несувымерныя з маштабамі Другой сусьветнай вайны, але некаторыя эпізоды і апэрацыі міжволі схіляюць да параўнаньняў. У гэтым сэнсе цяперашняе трывожнае нэрвовае чаканьне расейскага агрэсара можна параўнаць з атмасфэрай, якая панавала ў стане гітлераўцаў увесну 1944-га.
Вонкава справы ў Гітлера на франтах нібыта яшчэ зусім не такія благія. Войскі вэрмахту стаяць за сотні кілямэтраў ад межаў Райху — пад Полацкам і Воршай, у Парыжы і Амстэрдаме, Рыме і на Балканах. Але ўжо навісае над акупаванай Гітлерам Эўропай рэальная пагроза высадкі дэсанту саюзьнікаў і адкрыцьця Другога фронту. І са Злучаных Штатаў, і з Вялікай Брытаніі прыходзяць паведамленьні пра падрыхтоўку соцень дэсантных караблёў. Гэта сотні тысяч салдатаў, сучасная тэхніка і ўзбраеньне... І ўсё гэта зьявіцца неўзабаве недзе на ўзьбярэжжы Паўночнага мора ці Балтыкі. Дзе? Гэта ці не самы вялікі сакрэт саюзьнікаў.
Гітлер сутаргава фарсуе будаўніцтва і ўмацаваньне «Атлянтычнага валу» — вялізнай паласы прыбярэжных умацаваньняў, якая павінна працягнуцца на 5000 кілямэтраў — ад Біскайскай затокі на мяжы з Гішпаніяй да астравоў Даніі і ф’ёрдаў Нарвэгіі. Ва ўсіх кінатэатрах райху дэманструюцца прапагандысцкія фільмы пра гэты Атлянтычны вал, які паказваецца як непрыступны і непераадольны для ворага. Адну са стужак на гэту тэму зьняў нават славуты нямецкі рэжысэр таго часу Арнольд Фанк.
Гэтыя фільмы ў выглядзе трафэйных копій даходзяць і да саюзьнікаў. Некаторыя дасьледчыкі схільныя лічыць, што менавіта пераацэнка магчымасьцяў гэтага валу стала адной з прычын таго, што адкрыцьцё Другога фронту ўвесь час адкладвалася і пераносілася. Тады, вядома, палохаць лібэральны Захад было куды складаней, чым цяпер: інтэрнату, сацыяльных сетак, нават паўнавартаснай тэлевізіі не было. І ўсё ж нацысцкая прапаганда дасягала і Захаду — хоць бы ў выглядзе гістэрычных выступаў Гітлера і Гебэльса, якія няспынна трансьлявала «Райхс-Рундфунк», нацысцкае радыё.
У рэальнасьці ж Атлянтычны вал спадзяваньняў Гітлера ня спраўдзіў. Кантраляваць усе 5000 кілямэтраў узьбярэжжа нямецкі вэрмахт ня меў ніякай магчымасьці. І высадка 156 000 амэрыканскіх і брытанскіх салдатаў у Нармандыі, якая пачалася 6 чэрвеня 1944 года, у цэлым была пасьпяховай. Дарэчы, на ўзьбярэжжы Нармандыі разьмяшчаліся параўнальна слабыя нямецкія гарнізоны (па адной артылерыйскай батарэі на 20 кілямэтраў берагавой лініі). Супрацьстаяць магутнаму дэсанту саюзьнікаў яны не маглі. Другі фронт у Эўропе ў чэрвені 1944-га быў адкрыты. У многім дзякуючы менавіта гэтаму вызваленьне тэрыторыі Беларусі ўлетку 1944-га было такім імклівым і пасьпяховым.
Зразумела, тое, што ўзводзіцца сёньня на кірунках магчымага контранаступу украінскіх войскаў, — толькі бледная карыкатурная копія Атлянтычнага валу. Як пародыяй на магутную «другую армію ў сьвеце» выглядаюць калёны бранятэхнікі са старых савецкіх танкаў 60-70-х гадоў вытворчасьці. Многія зь іх, дарэчы, сабралі па старых савецкіх базах на тэрыторыі Беларусі, і рухацца на фронт яны здольныя хіба што на чыгуначных плятформах. Колькі такіх чыгуначных саставаў рушыла зь Беларусі ва ўсходнім кірунку за апошнія 14 месяцаў...
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лібэральных балбатуноў у лягеры, здраднікаў — да сьценкі». Пра калектыўную адказнасьць «бэчэбэшнікаў», як яе разумее ЛукашэнкаКуды падзеўся генэрал Вэнк?
Ва ўспамінах пра апошнія дні Гітлера і Трэцяга райху часта можна напаткаць імя генэрала Вальтэра Вэнка. У савецкай кінаэпапеі 70-х гадоў «Вызваленьне», створанай на падставе дакумэнтаў і сьведчаньняў атачэньня фюрэра, ахоплены гістэрыкай Гітлер у адзін з апошніх дзён красавіка 1945 году крычыць у сваім бункеры: «Армія генэрала Вэнка ідзе да Бэрліна! Яна адкіне рускіх! Гебэльс, неадкладна зьвяжыцеся з генэралам Вэнкам! Калі ж яго армія падыдзе да Бэрліна?! Калі?!»
Гэта было апошняе спадзяваньне Гітлера, у якім яго падмацоўвалі тыя генэралы, што да канца заставаліся яму вернымі, — Борман, Ёдль, Кейтэль. На захад ад Бэрліна, на Эльбе стаяла 12-я рэзэрвовая армія маладога генэрала Вэнка. І Гітлера пераканалі, што гэта апошні шанец: яна паверне на ўсход, разаб’е Жукава і Конева і дэблякуе Бэрлін...
Генэрал Вэнк на словах паабяцаў фэльдмаршалу Кейтэлю выканаць гітлераўскі загад. Але ў рэальнасьці, ня маючы істотных сілаў, каб супрацьстаяць савецкім арміям, галоўнай сваёй мэтай ставіў ня наступ на Бэрлін, а адступленьне за Эльбу: каб здацца ў палон амэрыканцам і вывесьці туды ж як мага болей нямецкіх уцекачоў зь ліку цывільнага насельніцтва. Чаго ўрэшце і дамогся, выратаваўшы ад савецкага палону прынамсі 250 000 чалавек. За што і сёньня многія ў Нямеччыне ўспамінаюць яго з удзячнасьцю. Сам генэрал Вэнк, здаўшыся ў палон амэрыканскім войскам, пазьбег незайздроснай долі многіх сваіх калегаў, якія апынуліся ў зоне савецкай акупацыі, а ўсьлед за гэтым — у сталінскіх лягерах. Ужо ў 1947 годзе Вальтэр Вэнк быў на волі, а ў далейшым стаў адным з самых пасьпяховых бізнэсоўцаў Заходняй Нямеччыны: узначальваў фірму Diehl у Нюрнбэргу, якая займалася вырабам вайсковай тэхнікі і ўзбраеньняў для бундэсвэру.
Ці ёсьць свой Вэнк у сёньняшнім атачэньні Лукашэнкі? Калі дыктатар праводзіць нарады з сілавікамі, за ягоным даўгім сталом — дзясяткі пажылых мужчын у генэральскіх мундзірах. Фактычна ўсе яны — так званыя «паркетныя генэралы», якія ня ўдзельнічалі ні ў адной бітве.
Свае залатыя пагоны і шматлікія ордэны здабылі не ў акопах і не ў баях, а дзякуючы спрыту на шматлікіх вайсковых парадах і ўменьню дагадзіць начальству на паказных манэўрах, якія маюць мала агульнага з рэальнай вайной. Так, большасьць зь іх прайшлі праз Акадэмію расейскага Генштаба, а некаторыя, магчыма, і дагэтуль дасылаюць даклады ці шыфроўкі ў ведамствы Шайгу ці Патрушава...
Але гэта зусім не азначае, што яны гараць жаданьнем павесьці свае войскі пад Бахмут ці Марыюпаль, каб уратаваць рэжымы Пуціна і Лукашэнкі, якія, як Гітлер у 1945-м, трасуцца ў сваіх бункерах, баючыся непазьбежнай адплаты за ўчыненае.
...Калі савецкая пяхота ўжо рухалася гарадзкімі вуліцамі, набліжаючыся да цэнтру Бэрліна, пад салдацкімі ботамі ўсё яшчэ валяліся сьвежааддрукаваныя ўлёткі з бадзёрымі заклікамі да немцаў: «Трымайцеся! Вэнк ідзе вам на дапамогу!». Гэта было заключнае прывітаньне ад гебэльсаўскай прапаганды, якая працягвала хлусіць да свайго самага апошняга імгненьня.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маленькі бронзавы Лукашэнка. Пра тое, што застанецца ў памяці, калі дыктатура ператворыцца ў руіны