Лукашэнка падпісаў указ, які прадугледжвае стварэньне ў структуры ПВТ кіроўнай кампаніі

Парк высокіх тэхналёгій, Менск, 2017 год

Указ падрыхтавалі пасьля нарады аб разьвіцьці ІТ-сфэры ў Беларусі.

Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ «Аб разьвіцьці Парку высокіх тэхналёгій», падрыхтаваны па выніках праведзенай напярэдадні нарады аб разьвіцьці IT-галіны ў краіне.

Цяпер у структуры Парку створаць кіроўную кампанію, якая зоймецца «інтэнсіўным стратэгічным разьвіцьцём ПВТ». Менавіта яна будзе прэзэнтаваць ПВТ пры ўзаемадзеяньні з замежнымі партнэрамі, дапамагаць рэзыдэнтам у пашырэньні экспарту, выхадзе на новыя рынкі і прыцягненьні замежных інвэстыцый. А таксама ва ўмацаваньні дзелавой рэпутацыі рэзыдэнтаў ПВТ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прапанаваў замясьціць заходнія інвэстыцыі ў ІТ-сэктар Беларусі азіяцкімі

Усе ўмовы дзейнасьці ў парку — прававыя, падатковыя, фінансавыя — захаваюцца на ранейшым узроўні. Таксама ў поўным аб’ёме захаваюцца паўнамоцтвы Назіральнай рады ПВТ, для забесьпячэньня дзейнасьці якой створаць сакратарыят.

З 2020 году зь Беларусі праз рэпрэсіі пачаўся масавы адток спэцыялістаў ІТ-галіны. Шмат кампаній цалкам згарнулі свой бізнэс у краіне і пераехалі за мяжу. З IT-кампаній за мінулы год звольнілася больш за 29,5 тысячы спэцыялістаў — гэта на 74% больш, чым у 2021 годзе.

За студзень і люты 2023 году, паводле афіцыйнай статыстыкі, з кампаній сэктару «Інфармацыя і сувязь» звольніліся 3423 чалавекі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканская IT-кампанія Kyriba заявіла пра ліквідацыю сваёй юрыдычнай асобы ў Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь Беларусі сыходзяць яшчэ дзьве вядомыя IT-кампаніі