У залі старажытнага будынка Нацыянальнай бібліятэкі сабралася некалькі дзясяткаў чалавек. Прадстаўніца беларускай нацыянальнай меншасьці пры ўрадзе Чэскай Рэспублікі, сябра Рады БНР Алена Коварава на пачатку імпрэзы зазначыла, што ў сучаснай Беларусі немагчыма публічным чынам ушанаваць памяць выдатнай паэткі, але можна зрабіць гэта ў Празе, у сталіцы Чэхіі, дзе Ларыса Геніюш пражыла крыху больш за дзесяць гадоў, насычаныя падзеямі і творчасьцю.
Пісьменьнік Уладзімер Арлоў наведваў Ларысу Геніюш у Зэльве — па яго словах, зь сябрамі паміж сабой яны называлі паэтку «бабуляй», у мэтах кансьпірацыі (Геніюш была пад пільным наглядам дзяржбясьпекі).
«Нязломная грамадзянка БНР і непахісны маральны аўтарытэт — такой яны была для нас, — прыгадвае Арлоў. — Кожная паездка да яе была важным крокам у асэнсаваньні і ўсьведамленьні Беларусі. „А што б зрабіла бабуля?“ — пытаўся я, дый ня толькі я, калі ўзьнікалі складаныя сытуацыі. Думаю, што сёньня шмат хто задае сабе такое пытаньне, бо лёс Геніюш — красамоўнае пацьверджаньне, што чалавек можа выстаяць у супрацьстаяньні з тыраніяй».
Кіраўнік аддзелу дасьледаваньняў Інстытуту таталітарызму, гісторык Пэтр Главачэк назваў Ларысу Геніюш «люстэркам ХХ стагодзьдзя»: «Яна паказала прыклад, як жыць у часы тыраніі, захоўваючы і хрысьціянскі, і грамадзянскі гонар».
Унук Ларысы Геніюш Міхась расказаў пра свае ўражаньні ад бабулі. Да пэўнага часу ён яе ўспрымаў менавіта як бабулю, да якой мог прыяжджаць у госьці з Польшчы раз на два гады (часьцей не дазвалялі савецкія ўлады).
«Калі мне стала вядома, колькі паважаных людзей называлі яе „бабуляй“, колькі прыйшло і прыехала на пахаваньне, я зразумеў, што яна ня проста мая бабуля», — кажа Міхась Геніюш. Праўда, праводзіць бабулю ў апошні шлях улады яму не дазволілі: на пахаваньне паехалі бацькі Міхася і ягоны малодшы брат: «Нам сказалі — досыць і траіх, чацьвёрты лішні».
Прыгадаў спадар Міхась і эпізод, які адбыўся падчас прэзэнтацыі зборніка дзіцячых вершаў Ларысы Геніюш «Унукам», які быў выдадзены ў 2018 годзе Глебам Лабадзенкам. У залі сядзеў мужчына, які папрасіў слова пад канец імпрэзы. Ён сказаў, што ў свой час працаваў у «органах» (відавочна, у КДБ) і мусіў сачыць за Янкам і Ларысай Геніюшамі. Аднойчы ён дапамог паэтцы данесьці вёдры з вадой, Геніюш запрасіла яго дахаты, пачаставала, падаравала кніжку. «Я зразумеў, што гэта зусім іншы чалавек — добры, высакародны. Гэтая сустрэча паўплывала на ўсё маё жыцьцё!» — сказаў былы супрацоўнік органаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Унук Ларысы Геніюш пра зьнікненьне помніка ў Зэльве: «Стаяў 20 гадоў, нікому не перашкаджаў»На вечарыне гучалі вершы Ларысы Геніюш у арыгінале і па-чэску, у перакладзе Макса Шчура, прысутныя маглі пазнаёміцца з экспазыцыяй, у якой былі сабраныя ў тым лікуе і прыжыцьцёвыя творы паэткі, а таксам набыць адно з апошніх выданьняў — кнігу, перакладзеную на чэскую мову Сьвятланай Вранавай.