Падольская акруговая пракуратура Кіева паведаміла падазрэньне грамадзяніну Беларусі Сяргею Краўчанку, які кіраваў кампаніяй «Сервіс Ойл», вялікім даччыным прадпрыемствам «Беларуснафты», якое ва Ўкраіне аказвала паслугі ў сфэры здабычы нафты і прыроднага газу.
Сьледчыя падазраюць беларуса ў наўмысным пазьбяганьні выплаты падаткаў, у выніку чаго дзяржаўны бюджэт Украіны недаатрымаў 60 мільёнаў грыўняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі суд зьняў арышт з рахункаў беларускай кампаніі «Сервіс Ойл» у трох банках УкраіныПракуроры кваліфікавалі правапарушэньні Краўчанкі паводле ч. 3 артыкулу 212 і ч. 1 артыкулу 366 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны («Пазьбяганьне сплаты падаткаў», караецца штрафам ад 255 тыс. да 425 тыс. грыўняў, ці ад 7 тыс. да 11,6 тыс. даляраў у эквіваленце, і «Службовая падробка афіцыйных дакумэнтаў», штраф ад 34 тыс. да 68 тыс. грыўняў, ці ад 1 тыс. да 1,8 тыс. даляраў) або абмежаваньне волі на тэрмін да 3 гадоў з пазбаўленьнем права на 3 гады займаць адказныя пасады ці займацца адпаведнай дзейнасьцю).
Пазьней, калі ў Дзяржаўным рэестры судовых рашэньняў Украіны апублікавалі пастанову аб фінансавым закладзе для Сяргея Краўчанкі, стала вядома, што яму інкрымінуюць яшчэ і фінансаваньне дзеяньняў, учыненых для гвалтоўнай зьмены ці зьвяржэньня канстытуцыйнага ладу або захопу ўлады. Гэтае злачынства караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 5 да 7 гадоў з пазбаўленьнем права займаць адказныя пасады і займацца пэўнай дзейнасьцю на тэрмін ад 2 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці. Вядома, што Сяргей Краўчанка нарадзіўся ў горадзе Сьветлагорску Гомельскай вобласьці. Цяпер ён жыве ў Палтаўскай вобласьці. Кампанія «Сервіс Ойл» таксама зарэгістравана ў Палтаўскай вобласьці.
Паводле сьледзтва, з 2017-га да 2020 году кампанія «Сервіс Ойл» пералічыла на рахункі «Беларуснафты» больш за 400 мільёнаў грыўняў за арэнду абсталяваньня, дакладна ведаючы, што з гэтых сродкаў мусілі сплаціць яшчэ і 15% падатку на прыбытак замежных юрыдычных асобаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ да вайны вывелі актывы і прадалі тэхніку. Падрабязнасьці крымінальных спраў супраць беларускіх прадпрыемстваў ва ЎкраінеЯк паведамілі Свабодзе ў пракуратуры Кіева, сьледчыя зьвярнуліся ў суд, каб для Сяргея Краўчанкі прызначылі меру папярэдняга стрыманьня ў выглядзе закладу ў памеры нанесенай шкоды, то бок 60 мільёнаў грыўняў (прыкладна 1,6 мільёна даляраў у эквіваленце).
Аднак суд зьменшыў памер закладу да 214 720 грыўняў (5,8 тысячы даляраў у эквіваленце). Пракуратура заявіла, што будзе абскарджваць гэтае рашэньне.
Летась Падольская акруговая пракуратура Кіева арыштавала карпаратыўныя правы кампаніі «Сервіс Ойл» на суму амаль 4 мільярды грыўняў (110 мільёнаў даляраў ЗША). Статутны капітал прадпрыемства складае амаль 1 мільярд грыўняў (26 мільёнаў даляраў).
Сьледчыя арыштавалі ўсю маёмасьць кампаніі, у тым ліку грузавыя аўтамабілі, сховішчы і спэцыяльную аўтамабільную і цяжкую тэхніку для распрацоўкі радовішчаў і здабычы нафты і газу ва Ўкраіне. Кошт арыштаванай тэхнікі — тры мільярды грыўняў (прыблізна 90 мільёнаў даляраў).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне арыштавалі актывы яшчэ адной беларускай нафтавай кампаніі за «фінансаваньне агрэсіі Расеі»Арыштаваныя актывы і карпаратыўныя правы перададзеныя ў орган, які кіруе арыштаванай і канфіскаванай маёмасьцю, ва Ўпраўленьне Нацыянальнага агенцтва Ўкраіны ў пытаньнях знаходжаньня, вышуку і кіраваньня актывамі, атрыманымі ад карупцыйных і іншых злачынстваў (АРМА).
Арышт карпаратыўных правоў і маёмасьці адбыўся ў межах расьсьледаваньня крымінальнай справы аб «фінансаваньні дзеяньняў, учыненых з мэтай гвалтоўнай зьмены або зьвяржэньня канстытуцыйнага ладу, захопу дзяржаўнай улады, зьмены межаў тэрыторыі або дзяржаўнай мяжы Ўкраіны» (караецца зьняволеньнем ад 5 да 7 гадоў з пазбаўленьнем права займацца пэўнай дзейнасьцю цягам 2 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці), а таксама за «злоўжываньне паўнамоцтвамі юрыдычнай асобы» (караецца штрафам да 102 тысяч грыўняў, арыштам да 6 месяцаў або пазбаўленьнем волі да 6 гадоў).
Што вядома пра кампанію
Таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Сервіс Ойл» зарэгістравана ва Ўкраіне 27 сьнежня 2012 году. Яго ўласьнікам была дзяржаўная кампанія «Беларуснафта», але пасьля ўвядзеньня супраць яе ў 2021 годзе міжнародных санкцый «Сервіс Ойл» была перарэгістраваная на ААТ «Пухавічынафтапрадукт».
У канцы 2021 і пачатку 2022 году «Сервіс Ойл» выйграў два тэндэры дзяржаўнай кампаніі «Укргазвидобування» на рамонт сьвідравін на газавых радовішчах Украіны агулам на 2,08 мільярда грыўняў (звыш 60 мільёнаў даляраў).
Вялося аб рамонце сьвідравін у Палтаўскай, Харкаўскай і Львоўскай абласьцях. Згодна з умовамі тэндэру, работы мусілі быць завершаныя да канца 2025 году.
«Сервіс Ойл» з 2016 да 2021 году аказаў украінскай кампаніі паслуг амаль на 40 мільёнаў даляраў.
Акцыянэрам ААТ «Пухавічынафтапрадукт» таксама зьяўляецца падсанкцыйная кампанія «Беларуснафта».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З пачатку вайны кампаніі зь Беларусі і Расеі сталі выканаўцамі дзяржзакупак ва Ўкраіне на 2,2 млн даляраў