Аналітыкі ўкраінскага Бюро эканамічнай бясьпекі падчас аналізу больш чым 400 тысяч дзяржаўных закупак выявілі, што пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны шэраг прадпрыемстваў з бэнэфіцыярамі з Расеі або Беларусі ня толькі ўдзельнічалі ў закупках за дзяржаўныя сродкі, але і сталі іх выканаўцамі, гэта значыць прадавалі тавары ці паслугі. Сума такіх закупак склала каля 65 мільёнаў грыўняў.
Пра гэта падчас рэспубліканскага тэлемаратону паведаміў дырэктар Бюро эканамічнай бясьпекі Ўкраіны Вадзім Мельнік.
«Гэта недапушчальна, таму БЭБ будзе ініцыяваць разгляд у Кабінэце міністраў пытаньня аб поўнай забароне допуску кампаній з Расейскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусь да дзяржаўных закупак», — падкрэсьліў Вадзім Мельнік.