12 красавіка будзе прэзэнтаванае чарговае дасьледаваньне грамадзкай думкі ад Chatham House. Сярод іншага беларусам было зададзенае пытаньне пра стаўленьне да разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. Вынікі апытаньня будуць вядомыя толькі заўтра, а сёньня Юры Дракахруст на партале «Зеркало» распавёў, што пра ядзерны арсэнал ЗША думаюць жыхары краінаў Эўропы, у якіх ён разьмешчаны.
«Упершыню — большасьць за захаваньне ядзернай зброі», — публікацыя з такой назвай зьявілася ў чэрвені мінулага году на сайце Tagesschau — найстарэйшай і самай папулярнай праграмы тэленавін у Нямеччыне. У ёй адзначалася, што ў сувязі з вайной, якую Расея вядзе супраць Украіны, стаўленьне Нямеччыны да ядзернай зброі ЗША мяняецца. Аўтары публікацыі спаслаліся на апытаньне службы вывучэньня грамадзкай думкі infratest-dimap , праведзенае на замову часопіса «Панарама» нямецкага тэлеканала ARD.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ больш канфрантацыі, яшчэ меней бясьпекі. Беларусь ператвараецца ў ядзернага закладніка ПуцінаПадчас дасьледаваньня 52% рэспандэнтаў выказаліся за захаваньне амэрыканскай ядзернай зброі ў Нямеччыне. Паводле апытаньня, 40% лічаць, што цяперашняя сытуацыя з разьмяшчэньнем ядзернай зброі ЗША ў Нямеччыне павінна заставацца нязьменнай, а яшчэ 12% рэспандэнтаў выказаліся за мадэрнізацыю гэтай зброі і павелічэньне яе колькасьці. Пры гэтым 39% апытаных — за вывад амэрыканскай ядзернай зброі зь Нямеччыны.
«У папярэднія гады супастаўныя апытаньні часта паказвалі, што відавочная большасьць выказвалася на карысьць вываду ядзернай зброі ЗША», — адзначае Tagesschau.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым адрозьніваецца ядзерная палітыка ЗША і Расеі? Тлумачэньне амэрыканскага экспэртаПаводле дасьледаваньня, праведзенага ў Нямеччыне на запыт Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы, яшчэ ў сярэдзіне 2021 году толькі 14% рэспандэнтаў выказваліся за захаваньне ядзернай зброі ў краіне, а большасьць — 57% — хацелі яе вываду.
Апытаньне, праведзенае цэнтрам вывучэньня грамадзкай думкі YouGov у 2019 годзе на замову нямецкага інфармацыйнага агенцтва DPA, паказала, што тады 59% немцаў былі за вывад амэрыканскага ядзернага арсэналу зь іх краіны і 18% — за яго захаваньне.
Нарэшце, у апытаньні , праведзеным тым жа YouGov у 2018 годзе ў Нямеччыне, 70% рэспандэнтаў выказаліся за вывад амэрыканскай ядзернай зброі зь іх краіны (супраць — 16%).
Такім чынам, за чатыры гады доля прыхільнікаў вываду амэрыканскай ядзернай зброі зь Нямеччыны зьменшылася з 70% да 39%, а доля прыхільнікаў яе захаваньня ўзрасла больш як у тры разы — з 16% да 52%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хавайся ў бульбу, Рыгорыч!». Ці падпусьціць Пуцін Лукашэнку да ядзернай кнопкіАпроч Нямеччыны, амэрыканская тактычная ядзерная зброя таксама знаходзіцца ў Бэльгіі, Нідэрляндах, Італіі і Турэччыне ў рамках праграмы Nuclear Sharing.
Ужо згаданае дасьледаваньне YouGov 2018 праводзілася, акрамя Нямеччыны, у Бэльгіі, Нідэрляндах і Італіі.
У той час і ў гэтых краінах большасьць рэспандэнтаў выказвалася за вывад амэрыканскай ядзернай зброі з сваіх краін: у Нідэрляндах — 56% (супраць — 16%), у Бэльгіі — 57% (супраць — 21%), у Італіі — 65% (супраць — 18%).
Прынамсі па адной з гэтых трох краінаў ёсьць дадзеныя пра дынаміку стаўленьня да разьмешчанага ў іх ядзернага арсэналу ЗША.
Галяндзкі цэнтар вывучэньня грамадзкай думкі Kieskompas — Election Compass правёў дасьледаваньне , апытаўшы адны і тыя ж групы рэспандэнтаў у Нідэрляндах і Нямеччыне ў верасьні 2020 году і ў чэрвені 2022 году.
На пытаньне «Ці згодныя вы з тым, што ядзерная зброя ЗША павінна быць выведзена з вашай краіны безь якіх-небудзь папярэдніх умоў?» у Нідэрляндах 49% адказалі станоўча ў 2020 годзе і 37% у 2022 годзе. Сярод нямецкіх рэспандэнтаў 61% далі станоўчы адказ на тое ж пытаньне ў 2020 годзе і 32% у 2022 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка расказаў, пры якой умове папросіць Пуціна разьмяціць у Беларусі ядзерную зброюПра магчымасьць вяртаньня расейскай ядзернай зброі ў Беларусь Аляксандар Лукашэнка заявіў яшчэ ў лістападзе 2021 году ў інтэрвію расійскаму прапагандысту Дзьмітрыю Кісялёву. Беларускі палітык тады сказаў, што гэта можа быць зроблена ў адказ на магчымае перамяшчэньне амэрыканскай ядзернай зброі зь Нямеччыны ў Польшчу.
У Нямеччыне ў той час фармаваўся ўрад, і ў дыскусіях абмяркоўвалася магчымасьць вываду з краіны амэрыканскай ТЯЗ. Нямецкім палітыкам былі вядомыя вынікі прыведзеных вышэй апытаньняў, паводле якіх у 2018–2021 гадах большасьць немцаў падтрымалі б такое рашэньне. На фоне тых унутрынямецкіх дыскусій у NATO абмяркоўваліся варыянты, куды гэтую зброю можна перадысьлякаваць, калі гэтага запатрабуе Бэрлін. І Польшча разглядалася як адзін з магчымых варыянтаў.
У выніку новы ўрад вырашыў, што амэрыканскі ядзерны арсэнал усё ж трэба пакінуць у Нямеччыне. А потым пачалася вайна. І яна карэнным чынам зьмяніла грамадзкія настроі. Калі раней нямецкія палітыкі выступалі за захаваньне гэтай ядзернай зброі насуперак думцы большасьці насельніцтва, то цяпер — у адпаведнасьці зь ёю.
Амэрыканскі арсэнал так і не зьявіўся ў Польшчы. Але гэта не перашкодзіла Пуціну прыняць рашэньне аб разьмяшчэньні расейскай ТЯЗ у Беларусі, а Лукашэнку — пагадзіцца на гэта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што такое тактычная ядзерная зброя і ці могуць яе разьмясьціць у Беларусі. Пытаньні і адказыАле пытаньне разьмяшчэньня ядзернай зброі ЗША ў Польшчы мае пэўную актуальнасьць і не зьвязана зь лёсам гэтай зброі ў Нямеччыне. У кастрычніку мінулага году прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў , што Варшава вяла перамовы з Вашынгтонам наконт магчымасьці распаўсюджваньня праграмы Nuclear Sharing на Польшчу. Тады Дуда патлумачыў, што на фоне ядзерных пагрозаў Польшчы, магчыма, варта падумаць пра «ядзерны парасон». У адказ на заяву Дуды амэрыканцы сказалі, што ня маюць намеру разьмяшчаць ядзерную зброю ў краінах, якія ўступілі ў NATO пасьля 1997 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як NATO адкажа на расейскую ядзерную зброю ў Беларусі? Меркаваньне былога прадстаўніка Альянсу ў МасквеАле цікава, як прапанова, якая зьмяшчалася ў заяве польскага прэзыдэнта, была ўспрынятая польскім грамадзтвам.
Паводле апытаньня , праведзенага ўвосень 2022 году цэнтрам сацыялягічных дасьледаваньняўIBRIS на замову газэты Rzeczpospolita, 54% рэспандэнтаў заявілі, што Польшча павінна ўдзельнічаць у праграме NATO Nuclear Sharing, у выніку чаго на тэрыторыі краіны можа зьявіцца амэрыканская ядзерная зброя. 30% былі супраць, 16% ухіліліся ад выказваньня пэўнай пазыцыі.
Падчас апытаньня за далучэньне Польшчы да Nuclear Sharing выказаліся 64% рэспандэнтаў, якія жывуць у буйных гарадах, і амаль пагалоўна (93%) апытаныя ва ўзросьце да 29 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча гатовая адыгрываць большую ролю ў NATO адносна ядзернага стрымліваньня, але ня будзе разьмяшчаць у сябе ядзерную зброюНа пачатку красавіка гэтага году, ужо пасьля заяваў Пуціна і Лукашэнкі аб разьмяшчэньні расейскай ТЯЗ у Беларусі, дарадца прэзыдэнта Польшчы ў пытаньнях бясьпекі Яцэк Сявера ў інтэрвію нямецкаму інфармацыйнаму агенцтву DPA заявіў: «Польшча патэнцыйна гатовая павялічыць свой удзел і супрацоўніцтва ў NATO ў сфэры ядзернага стрымліваньня і ўзяць на сябе пэўную адказнасьць, але разьмяшчэньне ядзернай зброі — гэта нешта іншае».
Іншымі словамі, магчыма, Варшава перадумала. Амэрыканцаў такая пэрспэктыва таксама не натхняе: пасьля заявы Пуціна аб разьмяшчэньні ТЯЗ у Беларусі прадстаўнік Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША Джон Кірбі сказаў, што ня бачыць неабходнасьці мяняць ядзерную стратэгію.
Але грамадзкая думка ў Польшчы і яе дынаміка ў Нідэрляндах і Нямеччыне паказальныя. Вайна Расеі з Украінай і ядзерныя пагрозы, якія гучалі з Масквы, не адштурхнулі ад амэрыканскай ядзернай зброі грамадзкую думку краінаў, дзе яна разьмешчаная. Рэакцыя была вельмі істотная, але наўпрост супрацьлеглая. А палякі, замест таго каб спалохацца, захацелі амэрыканскага «ядзернага парасона».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ў «пасланьні да народу і парлямэнту» заявіў, што аддаў распараджэньне аднавіць пляцоўкі, дзе былі разьмешчаныя ядзерныя боегалоўкіМагчыма, Пуцін і Лукашэнка разьлічваюць на тое, што разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ТЯЗ ужо абавязкова напалохае, абавязкова адштурхне. Але дадзеныя апытаньняў, прадстаўленыя вышэй, паказваюць, што рэакцыя будзе, хутчэй за ўсё, супрацьлеглая. У прыватнасьці, ня выключана, што ў адказ будзе павялічаны амэрыканскі ядзерны арсэнал у Эўропе і Турэччыне, а ранейшае нежаданьне павялічваць колькасьць удзельнікаў Nuclear Sharing будзе перагледжанае.
Які даброты такое разьвіцьцё падзей прынясе Эўропе і плянэце ў цэлым — пытаньне спрэчнае. Пакуль NATO не сьпяшаецца з радыкальнымі крокамі. Але...
У лістападзе 2021 году Лукашэнка асьцерагаўся амэрыканскіх ядзерных бомбаў у Польшчы і ў адказ пагражаў бомбамі расейскімі. Выкліку не было, але адказ усё роўна здарыўся. Правакуючы менавіта тое, на што зьбіраліся адказаць.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.