Міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік 11 красавіка прыбыў зь візытам у Вугоршчыну. Пра гэта паведаміла прэсавая служба беларускага МЗС.
12 красавіка разам са сваім вугорскім калегам міністрам замежных спраў і гандлю Пэтэрам Сіярта яны правядуць паседжаньне Міжурадавай камісіі ў эканамічным супрацоўніцтве.
Тым часам 11 красавіка Сіярта знаходзіцца з візытам у Маскве. Там ён правёў перамовы з віцэ-прэм’ерам расейскага ўраду Аляксандрам Новакам. У выніку падоўжылі пагадненьне аб дадатковых пастаўках газу ў Вугоршчыну звыш абʼёмаў, прадугледжаных доўгатэрміновым кантрактам, а таксама бакі дамовіліся аб адтэрміноўцы плацяжоў у выпадку росту цэнаў на газ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны Ўкраіны адрэагаваў на візыт вугорскага міністра ў МенскПэтэр Сіярта прылятаў у Менск 13 лютага
КІраўнік МЗС Вугоршчыны Пэтэр Сіярта прылятаў у Менск 13 лютага. Гэта быў першы падобны візыт з 2020 году. Сіярта тлумачыў, што прасіў Беларусь не рабіць крокаў для пашырэньня вайны, напісала выданьне Magyar Hírlap.
«Я сказаў пра гэта сваім беларускім партнэрам і папрасіў іх, як мы просім усіх чальцоў міжнароднай супольнасьці, не рабіць ваяўнічых крокаў, крокаў, якія могуць прывесьці да зацягваньня вайны ў часе або, у залежнасьці ад абставінаў, яе геаграфічнага пашырэньня», — падкрэсьліў ён.
Ён таксама назваў фантазіяй гіпотэзы, што ў Менску ён мог сустракацца з прадстаўнікамі РФ, заявіўшы, што калі б ён хацеў весьці перамовы з расейцамі, то паехаў бы ў Маскву.
«Ні я, ні хто-небудзь з чальцоў маёй дэлегацыі ня вёў перамовы ні з кім, акрамя беларускіх перамоўнікаў», — заявіў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віктар Орбан: Мы як ніколі блізкія да перарастаньня вайны ў сусьветнуюПапярэдні раз прадстаўнік Вугоршчыны пабываў у Беларусі 5 чэрвеня 2020 году, яшчэ да сфальшаваных выбараў прэзыдэнта і хвалі масавых рэпрэсій. Тады Беларусь з афіцыйным візытам наведаў прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан. Пасьля таго прадстаўнікі краін Эўразьвязу на ўзроўні прэм’ераў ці кіраўнікоў МЗС у Беларусь не прыяжджалі.
Вугоршчына ад самага пачатку поўнамаштабнай расейска-ўкраінскай вайны 24 лютага 2022-га займала неадназначную пазыцыю, адрозную ад большасьці краін Эўразьвязу, куды сама ўваходзіць. Кіраўніцтва дзяржавы, у тым ліку асабіста Сіярта, выказвалася супраць перадачы ўзбраеньняў Украіне, нібыта праз засьцярогу наконт вугорскага насельніцтва ўкраінскага Закарпацьця.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусь прыляцеў кіраўнік МЗС Вугоршчыны. Ён хоча прадставіць «пазыцыю міру»Прэм’ер-міністра Віктара Орбана і Сіярта абвінавачвалі ў празьмернай супрацы з Масквой. Вугоршчына стала адной з краін, якія адхілілі прапанову забараніць расейцам атрымліваць шэнгенскія візы.
Адносна ўвядзеньня Эўразьвязам «столі» на цану расейскай нафты Пэтэр Сіярта заявіў, што яго краіна «шмат змагалася» за нацыянальныя інтарэсы падчас перамоваў у Эўразьвязе, у выніку чаго была вызваленая ад неабходнасьці прымяненьня гэтых захадаў адносна сябе.
У ліпені 2022 году Сіярта наведаў Маскву, дзе сустрэўся з расейскім калегам Сяргеем Лаўровым. Тады ж Віктар Орбан выказаўся за мірныя перамовы, заявіўшы, што Эўразьвязу ня варта рабіць стаўку на перамогу Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспарт на 90,5 мільёна даляраў, будавалі разам цягнікі. Што аб’ядноўвае Беларусь і Вугоршчыну