«Дык, можа, вы, сьвяты айцец, партыйны?». Каму і чаму боязна крытыкаваць Беларускую праваслаўную царкву

Падчас акцыі пратэсту супраць Маскоўскага патрыярхату ў горадзе Хмяльніцкі, Украіна, 2 красавіка 2023

Украіна чарговы раз стварае нам нагоду правесьці даўно насьпелыя аналёгіі зь Беларусьсю, зважаючы на блізкасьць сытуацыі ва Ўкраіне і Беларусі. Расейскую каляніяльную царкву высяляюць з Кіева-Пячорскай лаўры. Ці ня варта задумацца пра пэрспэктывы яе высяленьня з Жыровічаў?

Большасьць маіх продкаў былі праваслаўнымі, але я ня бачу, за што можна паважаць Расейскую праваслаўную царкву і яе Беларускі экзархат, пагатоў на фоне таго, як гэтая структура, нібыта закліканая дбаць пра духоўнасьць і маральныя арыентыры, паводзіла і працягвае паводзіць сябе на працягу трох дзесяцігодзьдзяў лукашэнкаўскай дыктатуры.

Украінскія ўлады перадаюць Кіева-Пячорскую лаўру (знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасьці) ад УПЦ МП у карыстаньне незалежнай Праваслаўнай царкве Ўкраіны. Паралельна затрымалі былога прамаскоўскага настаяцеля лаўры, а па інтэрнэце ходзяць фатаздымкі ягонай шыкоўнай і безгустоўнай прыватнай вілы, запісы ягоных выказваньняў — часам з апраўданьнем расейскай агрэсіі супраць Украіны.

Пратэст каля Кіеўскай Лаўры. 3 красавіка 2023

Апублікавалі зьвесткі пра наяўнасьць расейскага грамадзянства ў ярархаў УПЦ Маскоўскага патрыярхату, а сьвятары УПЦ МП абражаюць і б’юць украінскіх актывістаў, часам дэманструючы някепскія навыкі рукапашнага бою. Летась у сьвятароў Маскоўскага патрыярхату ва Ўкраіне знаходзілі расейскую нацыяналістычную літаратуру і фіксавалі малебны ледзь не ў падтрымку расейскай ваеннай агрэсіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Кіеве адправіў мітрапаліта УПЦ Паўла пад хатні арышт. Тлумачым, што адбылося

Ня трэба баяцца крытыкаваць БПЦ

Беларусь прайшла празь пяцьдзясят (на захад ад Менску) ці семдзесят (на ўсход ад яго) гадоў савецкай улады з закрыцьцём цэркваў, антырэлігійнай прапагандай, непрыемнасьцямі на працы за хрост і наведваньне набажэнстваў. І тым ня менш вакол рэлігіі, царквы і асабліва Расейскай праваслаўнай царквы і яе духавенства ў постсавецкім грамадзтве — пагатоў сярод старэйшага пакаленьня, былых членаў КПСС і камсамольцаў — застаецца ірацыянальны, амаль паганскі піетэт, не зважаючы на тое, якія прусакі могуць хавацца ў галовах з бародамі і пагоны якога КДБ могуць быць пад царкоўнымі рызамі.

У шырокавядомым у былым СССР сатырычным рамане Ільфа і Пятрова «12 крэслаў» шукальнік скарбаў Іпаліт Вараб’янінаў, абураны пракамуністычнымі выказваньнямі свайго канкурэнта, праваслаўнага папа айца Фёдара, дапытваўся ў апошняга:

«Дык, можа, вы, сьвяты айцец, партыйны?»

«М-можа быць!», — двухсэнсоўна адказваў айцец Фёдар.

Сёньня гэты жарт па-ранейшаму актуальны.

І сацыяльна-палітычная крытыка той ці іншай рэлігійнай арганізацыі не павінна быць табу: ці гэта Каталіцкая царква і ксяндзы-пэдафілы, ці гэта Расейская праваслаўная царква на службе ў дыктатарскіх рэжымаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Два беларускія сьвятары, якія выехалі з краіны празь перасьлед, перайшлі пад юрысдыкцыю Канстантынопалю

Лукашэнка — гэта цар Герад («Ірад» па-расейска-праваслаўнаму), грэшнік, амаральны і бездухоўны тып, які прынёс і працягвае прыносіць гора мільёнам людзей. Ягоная ўлада ёсьць «ад бога» толькі ў якасьці выпрабаваньня беларускаму народу. Ягоныя вязьні — пакутнікі, якія цярпяць дзеля праўды.

Супраць бяскрыўдных геяў Бел-РПЦ мае што сказаць. Супраць ГУБАЗіКу, КДБ і катаваньняў на Акрэсьціна — ня мае.

У маскоўскага патрыярха Кірыла не знайшлося словаў спачуваньня ахвярам расейскіх ваенных злачынстваў у Бучы і Марыюпалі. Але на забойства прапагандыста Татарскага, які расейскія ваенныя злачынствы падтрымліваў і заахвочваў, Кірыл у той жа дзень адрэагаваў шматслоўным публічным спачуваньнем.

Ролю, якую Каталіцкая царква адыграла ў Польшчы ў часы «Салідарнасьці» і барацьбы з камуністычнай дыктатурай, РПЦ адыграць у Беларусі не магла б нават чыста тэарэтычна. Сучасная беларуская Каталіцкая царква, зрэшты, таксама такой ролі не адыгрывае, але яна хаця б пашырае беларускую мову і з рэдкімі выключэньнямі не спрычыняецца да прасоўваньня іншаземнага (польскага ў ягоным выпадку) нацыяналізму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Львова паведамілі, што ў іх не засталося ніводнага храма, які належыць УПЦ Маскоўскага патрыярхату

Галоўны рухавік «русского мира» ў Беларусі

Расейская праваслаўная царква, структурнай часткай якой зьяўляецца БПЦ МП, шмат у чым ёсьць не рэлігійнай арганізацыяй, а палітычнай. Сярод яе цэнтральных задач — дбаць ня толькі пра духоўны дабрабыт людзей, але і пра палітычную прапаганду, пра індактрынацыю паствы ў духу вернасьці Расеі і расейскага нацыяналізму, выкарыстоўваючы аўтарытэт усходняга хрысьціянства як складніка культуры і ідэнтычнасьці, крыніцы традыцый, альбо проста маральнага апірышча для мільёнаў беларусаў.

У Беларусі няма іншага нагэтулькі важнага грамадзкага інстытуту, для якога прасоўваньне «русского мира» было б адной з галоўных профільных задачаў.

Усе два зь лішнім стагодзьдзі сваёй прысутнасьці ў Беларусі — за царамі, саветамі і за Лукашэнкам — РПЦ была неад’емнай часткай трыяды «расейскі чыноўнік, расейская школа і расейскі поп», інструмэнтам зьнішчэньня беларускай ідэнтычнасьці і нацыянальнай культуры — ад выданьня чарнасоценнай літаратуры да нявечаньня беларускіх помнікаў архітэктуры (у тым ліку былых касьцёлаў).

Жаночы Сьвята-Лізавецінскі манастыр БПЦ (названы так ня ў гонар біблейскай сьвятой, а ў гонар цёткі апошняга расейскага цара Мікалая ІІ) зьбірае грошы ў падтрымку расейскай захопніцкай арміі. Пад эгідай БПЦ арганізуюцца парамілітарныя моладзевыя лягеры з адпаведнай «патрыятычнай падрыхтоўкай». Карыкатурны момант: часам такія праваслаўныя лягеры ўключаюць паездкі на так званую «Лінію Сталіна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БПЦ забараніла ў служэньні сьвятароў Кухту і Роя, якія перайшлі ў юрысдыкцыю Канстантынопалю. Што гэта значыць?

І гэта толькі тое, што на паверхні і што ня тычыцца магчымай агентурнай дзейнасьці расейскіх спэцслужбаў пад прыкрыцьцём БПЦ. У цяперашнім выглядзе РПЦ была адроджаная Сталіным у 1943 годзе. Ад самога пачатку яна, мякка кажучы, актыўна супрацоўнічала з савецкай уладай. Патрыярх Кірыл, паводле шматлікіх праўдападобных сьведчаньняў у часыСССР быў агентам КДБ — злачыннай арганізацыі і тайнай паліцыі таталітарнага рэжыму, які перасьледаваў вернікаў і наўмысна забіў тысячы манахаў і сьвятароў. Але як КДБ СССР нікуды не падзеўся і толькі ператварыўся ў карпарацыю, якая кіруе сучаснай Расеяй, дык куды маглі падзецца сувязі Кірыла і РПЦ з Лубянкай?

Я шчыра лічу, што пасьля аднаўленьня дэмакратычнага ладу дзейнасьць Беларускай праваслаўнай царквы павінна быць прадметам пільнага расьсьледаваньня.

А пакуль што, мяркую, любы сумленны чалавек павінен трымацца ад БПЦ МП як мага далей — як ад адной з найбольш крывадушных структураў лукашэнкаўскага рэжыму. Усходняе хрысьціянства ў Беларусі традыцыйна прадстаўлена грэка-каталіцкай і аўтакефальнай праваслаўнай цэрквамі, якія, быццам раньнія хрысьціяне, цярпяць у сучаснай Беларусі незаконны перасьлед. Падтрымаць іх — нашмат больш годны хрысьціянскі ўчынак, чым мець хоць нешта агульнае з БПЦ МП. На маю сьціплую асабістую думку.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мітрапаліт Веньямін перажывае, што Кіева-Пячэрская лаўра становіцца «прадметам палітычных гульняў і ціску»