Міністэрства абароны Беларусі прывезьла журналістаў у Гомельскі раён, каб паказаць, як беларускія вайскоўцы ўзмоцнена ахоўваюць дзяржаўную мяжу з Украінай.
Фатаздымкі распаўсюдзілі ў тэлеграм-канале Міністэрства абароны Беларусі. На іх — журналісты, тэлеапэратары і фотакарэспандэнты, якія працуюць на дзяржаўныя беларускія і расейскія сродкі масавай інфармацыі.
У беларускіх вайскоўцаў на адной руцэ і адной назе — чырвоныя павязкі.
У сярэдзіне сакавіка ўкраінская выведка заявіла аб падрыхтоўцы імавернай правакацыі на мяжы Беларусі і Ўкраіны. У Галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны паведамлялі, што гэтую правакацыю ўчыняць у прысутнасьці расейскіх журналістаў, у тым ліку найбольш вядомага ў Расеі прапагандыста Ўладзіміра Салаўёва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СБУ выставіла запіс гутаркі, дзе абмяркоўваюць правакацыю на мяжы Ўкраіны зь Беларусьсю29 сакавіка Служба бясьпекі Ўкраіны апублікавала запіс тэлефоннай размовы, у якой нібыта расейскія вайскоўцы абмяркоўваюць правакацыю на мяжы Ўкраіны зь Беларусьсю.
У лютым экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) заяўлялі, што ў Крамлі ствараюць умовы, каб імітаваць фальшывае ўварваньне ўкраінскай арміі ў Беларусь і такім чынам уцягнуць Аляксандра Лукашэнку ў вайну з Украінай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут вывучэньня вайны: Крэмль стварае ўмовы для правакацый на мяжы Ўкраіны і Беларусі, каб уцягнуць Лукашэнку ў вайну8 красавіка стала вядома, што ў Гомельскай вобласьці на мяжы з Украінай плянуюць пабудаваць яшчэ дзьве памежныя заставы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Гомельшчыне пачалі падрыхтоўку да будаўніцтва яшчэ 2 памежных застаў на мяжы з Украінай