Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла закон аб спыненьні дзеяньня дамовы зь Беларусьсю аб супрацы ў сфэры тэхнічнай абароны інфармацыі, падпісанай у студзені 2003 году ў Менску.
Да верасьня 2014 году апэратарамі рэалізацыі гэтай дамовы былі Служба бясьпекі Ўкраіны і Дзяржаўны цэнтар бясьпекі інфармацыі пра прэзыдэнце Беларусі, а пасьля падпісаньня пратаколу да яе паўнамоцнымі органамі сталі Дзяржаўная служба спэцыяльнай сувязі Ўкраіны і Апэрытыўна-аналітычны цэнтар пры Аляксандры Лукашэнку.
«Улічваючы рэаліі двухбаковых дачыненьняў і падтрымку Беларусьсю ўзброенай агрэсіі Расеі супраць Украіны, прыняцьце закону дазволіць абараніць нацыянальныя інтарэсы Ўкраіны ў сфэры тэхнічнай абароны інфармацыі і стане чарговы крокам для далейшай міжнароднай ізаляцыі Беларусі», — адзначалася ў абгрунтаваньні неабходнасьці выхаду Ўкраіны з гэтай дамовы.
Дамова рэгулявала дзейнасьць, накіраваную на папярэджаньне выцеку інфармацыі і несанкцыянаванага доступу да яе, парушэньню яе цэласнасьці або блякаваньню.
Згодна з гэтай дамовай, кожны бок гарантаваў, што ня будзе перадаваць інфармацыю з абмежаваным доступам іншым дзяржавам, юрыдычным ці фізычным асобам без пісьмовай згоды на гэта другога боку.
Гэтая дамова падпісвалася на пяць гадоў, а яе тэрмін падаўжаўся аўтаматычна. У 2023 годзе заканчваўся чарговы пяцігадовы тэрмін дзеяньня дакумэнту. Пасьля падпісаньня гэтага закону прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім, Міністэрства замежных спраў Украіны паінфармуе беларускі бок аб выхадзе з дамовы. Яе дзеяньне будзе спынена не пазьней, чым праз шэсьць месяцаў пасьля гэтага паведамленьня ад украінскага боку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Украіны пачаў дэнансацыю дамовы зь Беларусьсю аб пэнсійным забесьпячэньніЗ пачатку расейскага ваеннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, якое падтрымала кіраўніцтва Беларусі, Украіна выйшла, дэнансавала або спыніла дзейнасьць больш за 20 пагадненьняў, дамоў, мэмарандумаў і пратаколаў, якія падпісваліся з урадам Беларусі з 1991 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна выходзіць з мэмарандуму аб памежнай супрацы зь Беларусьсю і Расеяй