«Беларускі бок разглядае нас як патэнцыйных ворагаў». Як у Беларусі затрымліваюць грамадзян Украіны і што ім пагражае

Затрыманьне ў Гомлі ў 2020 годзе. Ілюстрацыйнае фота

З пачатку поўнамаштабнай вайны, разьвязанай Расеяй ва Ўкраіне, у Беларусі затрымліваюць людзей з украінскім грамадзянствам. Ёсьць асуджаныя, падазраваныя і арыштаваныя.

Паўла Купрыенку пакаралі 7 гадамі зьняволеньня за агентурную дзейнасьць. Мікалая Швяца абвінавачваюць у падрыве расейскага вайсковага самалёта на аэрадроме ў Мачулішчах, за што пагражае сьмяротнае пакараньне. Андрэя Шмая падазраюць у супрацоўніцтве з замежнай выведкай. Арцём Макавей ужо больш за два месяцы знаходзіцца ў ІЧУ Берасьця, ня ведаючы, за што яго хочуць выслаць зь Беларусі. Яшчэ сем грамадзян Украіны арыштавалі за шпіянаж.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нясе пагрозу Рэспубліцы Беларусь». У Кобрыні затрымалі яшчэ аднаго грамадзяніна Ўкраіны

«Сказалі: „Сын нясе пагрозу нацбясьпецы Беларусі“»

23-гадовага жыхара Кобрыні Арцёма Макавея арыштавалі 27 студзеня 2023 года. Ён жыў у Беларусі з 2009 года і працаваў дыджэем. Як расказала «Настоящему Времени» яго маці Іна Макавей, напярэдадні арышту сын паведаміў ёй, што яго выклікаюць у міграцыйную службу «прайсьці паліграф». Ён адмовіўся, бо не разумеў, навошта гэта патрэбна, а 27 студзеня ў кватэры Арцёма выламалі дзьверы і затрымалі яго. У міліцыі Іне Макавей сказалі, што сына затрымлівалі супрацоўнікі КДБ. Цяпер ён знаходзіцца ў ІЧУ Берасьця.

«Прычыну арышту мне ў КДБ не назвалі, сказалі толькі, што сын нясе пагрозу нацбяспецы Беларусі і будзе высланы з краіны, але крымінальная справа на яго не заведзена. Я прыехала ў Беларусь, але мне не дазволілі ўбачыць сына. 24 сакавіка яго наведала адвакатка, якую я наняла, зь яе слоў я даведалася, што за два месяцы ў ІЧУ яго так і не дапыталі. За што затрымалі, ён не разумее, ніякіх дакумэнтаў яму не паказвалі», — кажа Іна Макавей.

У яе ёсьць толькі здагадкі:

«У яго ў тэлефоне было шмат украінскіх нумароў. Магчыма, ён посьціў у сацсетках нейкія фота ў падтрымку Ўкраіны».

Цяпер жанчына чакае адказу з Генпракуратуры і Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі з тлумачэньнямі.

Грамадзянам Украіны, якія могуць апынуцца ў сытуацыі Арцёма Макавея, праваабаронцы рэкамэндуюць наступнае: калі прыйшло апавяшчэньне з аддзела грамадзянства і міграцыі, зьявіцца туды, пры гэтым лепш узяць з сабой адваката або паведаміць пра візыт блізкім, знаёмым, сябрам, бо ня выключана, што чалавека могуць проста паставіць перад фактам: вырашаецца пытаньне аб высылцы або дэпартацыі. І проста там затрымаць.

Калі блізкія ў курсе, яны змогуць хутка зарыентавацца і знайсьці адваката, які зможа абскардзіць гэтае рашэньне ў вышэйшым органе, а потым у судзе. Тэрмін абскарджаньня — пяць працоўных дзён. Для абскарджаньня юрысты рэкамендуюць сабраць розныя дакумэнты, якія пацьвярджаюць сувязь грамадзяніна з краінай, якія даказваюць адсутнасьць правапарушэньняў і іншае. Асноўныя дакумэнты, якія рэгулююць гэтыя пытаньні, — гэта закон «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь» (арт. 67) і дзве пастановы Савета міністраў: «Аб зацьвярджэньні палажэньня аб парадку дэпартацыі замежных грамадзян і асоб без грамадзянства» і «Аб парадку высылкі замежных грамадзян і асоб без грамадзянства з Рэспублікі Беларусь».

Аднак, падкрэсьлівае юрыстка Human Constanta, сёньня тое, што адбываецца ў Беларусі, можна апісаць як прававы дэфолт, таму на практыцы ўсё можа працаваць інакш, чым прадпісваюць законы.

«Даваць дадатковыя камэнтары на гэтую тэму лічым недарэчным»

Пасольства Ўкраіны ва ўмовах вайны і ўнутрыпалітычнай сытуацыі, якая склалася ў Беларусі, таксама абмежавана ў магчымасьцях аказваць дапамогу сваім грамадзянам. 10 сакавіка 2023 года пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім у інтэрвію ўкраінскаму выданьню LIGA.net заявіў, што на сёньняшні дзень у Беларусі арыштаваны за шпіянаж 7 грамадзян Украіны і доступу да іх няма:

«Сваякі і мы стараемся неяк да іх дабрацца, але калі ўзяўся КДБ, то не пускаюць нават консула і прызначаюць свайго адваката, які нічога не гаворыць... Цяпер магчымасьці амбасады і консульства вельмі абмежаваныя, бо беларускі бок разглядае нас як патэнцыйных ворагаў».

Украінскія дыпляматы заклікаюць сваіх грамадзян, калі гэта магчыма, устрымацца ад паездак у Беларусь.

«Настоящее время» зьвярнулася ў пасольства Украіны ў Беларусі з просьбай паведаміць, колькі дакладна ў краіне затрыманых і арыштаваных украінцаў, а таксама расказаць, ці была магчымасьць у дыпляматаў сустрэцца зь Мікалаем Швяцом, Паўлам Купрыенкам і іншымі. Амбасада паведаміла, што ня можа даць камэнтар:

«Амбасада кантралюе гэтую праблематыку, аднак даваць дадатковыя камэнтары на гэтую далікатную тэму лічым недарэчным, паколькі гэта можа пашкодзіць грамадзянам Украіны, якія знаходзяцца пад сьледзтвам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 31 сакавіка: Менчука затрымалі з-за падазрэньняў «у сувязях са спэцслужбамі Ўкраіны і Польшчы»