Дзярждэпартамэнт ЗША аб’явіў журналіста The Wall Street Journal (WSJ) Эвана Гершковіча, арыштаванага ў Расеі па абвінавачаньні ў шпіянажы, «неправамерна затрыманым». Гэта дае падставу Дзярждэпартамэнту дзейнічаць у інтарэсах вызваленьня грамадзяніна ЗША, піша Associated Press.
«Дзяржаўны сакратар Энтані Блінкен вынес рашэньне, што Эван Гершковіч зьяўляецца неправамерна затрыманым Расеяй. Журналістыка — не злачынства. Мы асуджаем рэпрэсіі Крамля, якія працягваюцца, супраць незалежных галасоў у Расеі і яго бесьперапынную вайну супраць праўды», — гаворыцца ў заяве зьнешнепалітычнага ведамства ЗША.
Журналіст The Washington Post Джон Хадсан адзначыў у твітэры, што прызнаньне Гершковіча «неправамерна затрыманым» — фармальны крок, накіраваны на паскарэньне працы для яго вызваленьня.
Журналіста The Wall Street Journal Эвана Гершковіча затрымалі ў Екацярынбургу 30 сакавіка. Пазьней Лефортаўскі суд Масквы арыштаваў яго на два месяцы. У дачыненьні Гершковіча завялі крымінальную справу аб шпіянажы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: The Wall Street Journal адклікала з Масквы кіраўніка бюро пасьля арышту журналіста выданьня ГершковічаРасейскае сьледзтва сьцьвярджае, што Гершковіч зьбіраў па замове ЗША сакрэтныя зьвесткі аб адным з прадпрыемстваў вайскова-прамысловага комплексу. Падрабязнасьці абвінавачаньня не вядомыя. Па артыкуле аб шпіянажы журналісту пагражае ад 12 да 20 гадоў пазбаўленьня волі.
Адваката Данііла Бермана не пусьцілі ў будынак суду, нягледзячы на ордэр на прадстаўленьне інтарэсаў Гершковіча.
Эван Гершковіч каля шасьці гадоў жыве ў Маскве, асьвятляючы падзеі ў Расеі і Ўкраіне для свайго выданьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэдакцыя The Wall Street Journal заклікала ўлады ЗША выслаць з краіны расейскіх журналістаў і дыплямата