Сьцісла
- Шайгу прыляцеў у Менск для абмеркаваньня практычнай рэалізацыі рашэньняў, узгодненых Лукашэнкам і Пуціным на мінулым тыдні ў Маскве.
- Словы Лукашэнкі, што Расея абяцала абараняць Беларусь «як уласную тэрыторыю», могуць азначаць, што расейскія ядзерныя гарантыі будуць распаўсюджаныя і на выпадак няядзернага нападу на Беларусь.
- Найбольш імаверная тэма перамоваў Лукашэнкі і Шайгу — павелічэньне колькасьці трэніровак расейскіх мабілізаваных у Беларусі.
- Імаверна, што бакі абмяркоўвалі рэалізацыю розных формаў адказу на меркаваны наступ украінскага войска на ўсходзе і поўдні Ўкраіны.
Многія зьвярнулі ўвагу на словы Лукашэнкі, сказаныя 10 красавіка ў размове з расейскім міністрам абароны Шайгу, які ў гэты дзень прыляцеў у Менск, — што Пуцін падчас нядаўніх перамоваў у Маскве нібыта абяцаў яму, што ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі Расея абароніць Беларусь як уласную тэрыторыю. Што маецца на ўвазе?
Паводле пагадненьня АДКБ, краіны-чальцы гэтага вайскова-палітычнага саюзу і так узялі на сябе абавязкі абараняць адна адну ў выпадку зьнешняй агрэсіі. Ужо як яны гэта робяць, паказаў сумны досьвед Армэніі. Але абавязак такі ёсьць з 1993 году, калі Беларусь да гэтай дамовы далучылася. Дык пра што ідзецца — пра тое, што Пуцін пацьвердзіў абавязак перад Беларусьсю, узяты Расеяй на сябе 30 гадоў таму?
Не абавязкова. Варта прыгадаць, што 25 сакавіка Пуцін абвясьціў, што ў Беларусі будзе разьмешчаная тактычная ядзерная зброя. Пазьней у сваім штогадовым пасланьні Лукашэнка паведаміў, што даў на гэта згоду.
А ў якіх выпадках Расея можа ўжыць ядзерную зброю? Адказ на гэтае пытаньне дадзены ва ўказе Пуціна ад 2 чэрвеня 2020 году: «Расейская Фэдэрацыя пакідае за сабой права ўжыць ядзерную зброю ў адказ на ўжываньне супраць яе і (або) яе саюзьнікаў ядзернай зброі і іншых відаў зброі масавага зьнішчэньня, а таксама ў выпадку агрэсіі супраць Расейскай Фэдэрацыі з ужываньнем звычайнай зброі, калі пад пагрозу пастаўленае само існаваньне дзяржавы».
Іншымі словамі, расейскі ядзерны патэнцыял можа быць ужыты ў адказ на ядзерны ж напад на Расею і яе саюзьнікаў, а таксама ў выпадку нападу канвэнцыйнай зброяй толькі на Расею, прычым такога нападу, які ставіць пад пагрозу само яе існаваньне.
Ня выключана, што Лукашэнка дамовіўся з Пуціным, што нават на канцэптуальным узроўні расейская ядзерная дактрына будзе мадыфікаваная, і падставай для ўжываньне расейскай ядзернай зброі будзе разглядацца і напад канвэнцыйнай зброяй на Беларусь, «калі пад пагрозу пастаўленае існаваньне Беларусі».
Калі б такая мадыфікацыя дактрыны адбылася, то ў пэўным сэнсе Расея сапраўды ўзяла б на сябе абавязак абараняць Беларусь «як уласную тэрыторыю», яна распаўсюдзіла б ядзерныя гарантыі ўласнай бясьпекі на дзяржаву-саюзьніцу.
Казаць, што дакладна гэта і меў на ўвазе Лукашэнка, не выпадае, але ў межах яго карціны сьвету гэта выглядала б даволі лягічна. Гэта сапраўды былі б дадатковыя гарантыі калектыўнай абароны ў параўнаньні з прадугледжанымі АДКБ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каб адхіліць Лукашэнку, ядзернай зброі, адрозна ад танкаў, Расея выкарыстаць ня можа,— аналітык МажэйкаПраўда, гэтыя палітычныя пытаньні Лукашэнка наўрад ці абмяркоўваў з Шайгу. Узровень міністра абароны — гэта арганізацыйнае і лягістычнае забесьпячэньне палітычных рашэньняў.
З той жа ядзернай зброяй, сховішча для якой, паводле Пуціна, будзе гатовае да 1 ліпеня, насамрэч шмат пытаньняў — шляхі дастаўкі, сыстэмы кіраваньня, ахова (прывітаньне Мачулішчам). Там ёсьць пытаньні і не зусім тэхнічныя, скажам, рэалізацыя працэдураў прыняцьця рашэньняў аб яе ўжываньні. Вось гэта Шайгу і мог абмяркоўваць з Лукашэнкам. А больш дробныя і тэхнічныя пытаньні — пазьней са сваімі калегамі зь Міністэрства абароны Беларусі.
Напад NATO на Беларусь для звычайных людзей уяўляецца нейкім трызьненьнем, Альянс і ў страшным сьне нічога такога не зьбіраецца рабіць. Але палітычнае кіраўніцтва Беларусі і Расеі — людзі незвычайныя, яны могуць усур’ёз гэтага перасьцерагацца і рабіць крокі дзеля прадухіленьня.
Могуць, зразумела, быць і іншыя пляны. Вэрсія Юрыя Фяльштынскага, паводле якой Пуцін плянуе нанесьці несправакаваны ўдар па Польшчы і Літве ядзернай зброяй зь Беларусі, мне асабіста ўяўляецца занадта сьмелай. Але ў сьвятле ўсяго, што адбываецца, у сьвятле ядзерных пагрозаў, якія гучаць з Масквы з вуснаў ня толькі прапагандыстаў, але і высокіх чыноўнікаў, называць такі варыянт абсалютна немагчымым не выпадае.
Але і ён, і плянаваньне далейшых дзеяньняў у працяг такога гіпатэтычнага ўдару, патрабуюць пэўнага арганізацыйнага і лягістычнага забесьпячэньня, і гэта — узровень дзейнасьці і адказнасьці міністра абароны.
Хаця не абавязкова размова ішла толькі пра ядзерную зброю і нават пра яе наагул.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра што дамовіліся Лукашэнка і Пуцін? Абмеркаваньне экспэртаўЦяпер шмат гаворыцца пра наступ украінскага войска, які мае пачацца неўзабаве. Будзе наступ, будуць страты расейскага войска ў жывой сіле і тэхніцы. Жывую сілу трэба папаўняць, пажадана, каб яна была хоць мінімальна падрыхтаваная. Рыхтаваць дадатковыя кантынгенты можна ў Беларусі.
«Сапраўды, тут дастаткова вялікая групоўка. І мы, вядома, сёньня разгледзім усе пытаньні яе далейшага і знаходжаньня, і падрыхтоўкі, і, мусіць, пашырэньня рамак, якія вы абмяркоўвалі разам з Уладзімірам Уладзіміравічам», — сказаў Шайгу ў размове з Лукашэнкам.
«Пашырэньне рамак» можа азначаць проста павялічэньне кантынгенту расейскіх мабілізаваных, якія будуць праходзіць навучаньне ў Беларусі.
Хутчэй за ўсё, пра гэта гаворка і ішла. Але магла ісьці пра рознае — ад выкарыстаньня беларускай тэрыторыі для аднаўленьня ракетных і авіяцыйных удараў па Ўкраіне да чарговага ўдару па Ўкраіне сухапутнымі сіламі — толькі расейскімі ці разам зь беларускімі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў Шайгу, што хоча, каб Расея бараніла Беларусь «як уласную тэрыторыю»Калі ўкраінцы пойдуць у наступ на ўсходзе ці поўдні, удар з поўначы ў любым выпадку ўскладніў бы іх дзеяньні.
Нарэшце, вяртаючыся да тэзы Лукашэнкі пра абяцаньне Расеі абараняць Беларусь «як уласную тэрыторыю». Пра гэта публічна даўно не гаворыцца, але варыянт стварэньня ў Беларусі сталай расейскай вайсковай базы таксама варта ўлічваць. Такая база (такія базы) стварыла б, сапраўды, іншую вайскова-палітычную сытуацыю. Ужо што б пры яе стварэньні засталося ад беларускага сувэрэнітэту — гэта іншае пытаньне. Няшмат бы засталося. Але так — у выпадку зьнешняй агрэсіі расейцы абаранялі б тэрыторыю, на якой былі б разьмешчаныя іх базы, «як уласную».
Але і без нападу гэтая тэрыторыя тады, па сутнасьці, і стала б для расейцаў уласнай.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Інстытуце вывучэньня вайны ацанілі мэты візыту Лукашэнкі ў Маскву і пэрспэктывы разьмяшчэньня ў Беларусі ядзернай зброі