Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што дамовіліся Лукашэнка і Пуцін? Абмеркаваньне экспэртаў


Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, каляж
Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, каляж

Якія галоўныя вынікі чарговай паездкі Лукашэнкі ў Маскву? Што азначае яго камэнтар наконт пажаданасьці бязьядзернага сьвету? Чаму ён назваў Пуціна «стомленым прэзыдэнтам»?

Гэтыя пытаньні на канале Свабода Premium абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Радыё Свабода Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Сяргей Навумчык.

Карбалевіч

  • Тэмай размоваў Лукашэнкі і Пуціна да 2 гадзіны ночы былі зусім не аб’ём гандлю паміж дзьвюма краінамі і не 28 інтэграцыйных праграмаў, а ядзернае пытаньне. Наяўнасьць гэтай тэмы адрозьнівала гэту сустрэчу ад усіх папярэдніх.
  • Бакі па-рознаму разумеюць, хто павінен кантраляваць ядзерную зброю. Пуцін кажа, што гэта расейская зброя, што ён будзе прымаць рашэньне пра яе ўжываньне, а Лукашэнка, наадварот, — што гэта будзе беларуская зброя.
  • Мяркую, што яны абмяркоўвалі, як павінна функцыянаваць ядзерная зброя, хто павінен ёй кіраваць. І яны мусяць прапанаваць грамадзтву адзіную вэрсію.
Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
  • Лукашэнка адносна стрымана адрэагаваў на асуджэньне прэзыдэнтам Францыі Макронам разьмяшчэньня расейскай ядзернай зброі ў Беларусі. Макрон гэта зрабіў падчас перамоваў з старшынём КНР Сі Цзіньпінам.
  • Апошнім часам Лукашэнка адно лае заходніх палітыкаў («варʼяты», «мярзотнікі», «гніды»). Макрона ён назваў нават таварышам і сказаў, што сам за ліквідацыю ўсёй ядзернай зброі наагул. Гэта, магчыма, зьвязана з інфармацыяй пра нядаўні патаемны візыт у Менск кіраўніка францускай вайсковай выведкі. Так што можна меркаваць, што нейкія кулюарныя кантакты адбываюцца.
  • Пуцін, пачынаючы вайну, хацеў аслабіць NATO, прымусіць Альянс адступіць. А ў выніку атрымалася, як сказаў Байдэн, NATOізацыя Эўропы. Пуцін прайграў гэтую глябальную гульню.
  • Разьмяшчэньне ядзернай зброі ў Беларусі — гэта гульня наўздагон, калі яна ў значнай ступені ўжо прайграная.
  • Словы Лукашэнкі пра «стомленага прэзыдэнта» Пуціна нагадваюць словы, сказаныя Лукашэнкам некалі на адрас Ельцына: «Мне 40, яму 80». Ельцыну тады было значна менш, чым 80.

Навумчык

  • Абсалютна відавочна, што гэта будзе расейская зброя і кіраваць гэтай зброяй будзе толькі Пуцін. Ніякіх іншых варыянтаў ні ў тэхнічным, ні ў палітычным сэнсе не прадугледжана.
  • Адзінае, на што можа разьлічваць Лукашэнка, — гэта на тое, што Пуцін перад загадам ужыць гэтую зброю патэлефануе яму і паведаміць пра сваё рашэньне.
  • Некаторыя экспэрты лічаць, што заява Пуціна аб разьмяшчэньні ў Беларусі ядзернай зброі была нечаканай для Лукашэнкі. Таму ня выключана, што ён яшчэ нешта вытаргаваў у Крамля ў якасьці кампэнсацыі за ўдар па сваім рэнамэ.
Сяргей Навумчык
Сяргей Навумчык
  • А гэта рэнамэ поўнага васала, бо калі на тваёй тэрыторыі разьмяшчаюць ядзерную зброю і цябе нават ня ставяць у вядомасьць, ты — васал абсалютны.
  • Беларусь цяпер вернутая ў сусьветны парадак дня ў сувязі з абвешчаным разьмяшчэньнем на яе тэрыторыі ядзернай зброі. Заходні друк апошнім часам амаль не пісаў пра няспынныя рэпрэсіі, якія абрынаюцца на беларусаў. Але зараз яна выйшла на першыя палосы друку.
  • Прасоўваючы ядзерную зброю ў Беларусь, Крэмль апынаецца ў значна больш выгодных умовах, чым NATO. Грызлоў заявіў, што гэтая зброя будзе набліжаная да заходняй мяжы «саюзнай дзяржавы». Гэта значыць, побач з Польшчай. А бліжэйшая ядзерная зброя NATO — у Нямеччыне.
  • Ня толькі Беларусь, але і Лукашэнка вярнуўся ў сусьветны парадак дня, хай і ў статусе васала. Ён стаў фігурай, зь якой вымушаныя лічыцца. Калі тая ж Францыя заклікае Беларусь не разьмяшчаць ядзерную зброю, яна ж зьвяртаецца не да беларускага грамадзтва (бо што можа грамадзтва ў канцлягеры), а да Лукашэнкі.
  • Словы Лукашэнкі пра Пуціна як «стомленага прэзыдэнта» — гэта крыху ўдар па рэбрах. Пуцін гадамі ствараў сабе вобраз мачо. Думаю, што яму не спадабалася гэтая рэпліка Лукашэнкі. Добрых сяброў так не падколваюць.
  • Магчыма, ён псыхалягічна адчувае сябе ў мацнейшай пазыцыі, чым Пуцін. Ня ён, Лукашэнка, прайграе вайну, а Пуцін. Не на Лукашэнку выдадзены ордэр Міжнародным крымінальным судом, а на Пуціна. Гэта не азначае, што заўтра такі ж ордэр ня будзе выдадзены на арышт Лукашэнкі, але пакуль гэтага няма.

Што было раней

  • Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, будучы ў Кітаі зь візытам, заявіў, што Расея не павінна разьмяшчаць ядзерную зброю ў Беларусі, паведаміла агенцтва Reuters.
  • У прыватнасьці, як паведамляе Reuters, прэзыдэнт Францыі папрасіў лідэра Кітаю Сі Цзіньпіня прымусіць Расею выконваць міжнародныя правілы нераспаўсюджваньня ядзернай зброі.
  • Пазьней інфармацыйнае агенцтва БелТА паведаміла аб рэакцыі Аляксандра Лукашэнкі на заяву Эманюэля Макрона.
  • «Я зь ім згодны, таму трэба выводзіць усю ядзерную зброю амэрыканцам зь пяці ці шасьці краін, дзе яе разьмясьцілі. І кропка. Я наагул у гэтым сэнсе радыкал. Я лічу, што ядзерную зброю трэба на працягу літаральна некаторага часу зьвезьці да кучы і зьнішчыць. Вось і ўсё. А балбатаць языком, кшталту як гэты наш таварыш умее рабіць, усе спэцыялісты. Таму добра, давайце зьбярэм усё да кучы і зьнішчым. Гэта самы лепшы варыянт. А пакуль мы робім так, як робяць яны», — працытавала агенцтва Лукашэнку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG