Шматдзетную маці пакаралі за паведамленьні пра вайсковыя вучэньні
Берасьцейскі абласны суд 10 красавіка агучыў прысуд у крымінальнай справе 31-гадовай жыхаркі Баранавічаў Анастасіі Падгайскай, якая нібыта разьмяшчала ў тэлеграм-каналах зьвесткі аб становішчы ў рэгіёнах Расеі і Беларусі і вучэньнях на беларускіх палігонах. Яе абвінавацілі ў садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці (ч. 1 арт. 361-4 КК).
Справу разглядаў судзьдзя Андрэй Васілюк, дзяржабвінаваўца — пракурор Аляксандар Бацюшко.
6 красавіка дзяржабвінаваўца запратрабаваў для Падгайскай тры гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў ПУАТ («хатняя хімія»).
Суд прызнаў яе вінаватай і пакараў тэрмінам, які прапанаваў пракурор: тры гады «хатняй хіміі», паведамляе «Вясна».
Маці траіх дзяцей Анастасію Падгайскую затрымалі ў канцы 2022 года, і да суду яна была пад хатнім арыштам. Па матэрыялах сьледзтва, Падгайская ў кастрычніку 2022 года нібыта неаднаразова перасылала фота- і відэафайлы з тэкставымі паведамленьнямі ў бот Telegram-канала.
Інфармацыя, адпраўленая ёю, нібыта зьмяшчала зьвесткі аб становішчы ў рэгіёнах Расейскай Фэдэрацыі і Беларусі, а таксама аб вучэньнях, якія праводзіліся на агульнавайсковых палігонах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу: супрацоўніка полацкага музэя ня выпусьцілі пасьля 10 дзён арышту; сястра Максіма Знака вымушана зьехала зь БеларусіЗа ўдзел у пасьлявыбарнай акцыі пратэсту ў Жлобіне пакаралі «хіміяй» Уладзіслава Бохана
Суд Жлобінскага раёну 31 сакавіка вынес прысуд мясцоваму жыхару Ўладзіславу Бохану, абвінаваціўшы яго ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або ўдзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса), піша «Вясна».
Судзьдзя Сьвятлана Андрэева пакарала Бохана 2 гадамі абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларускі бок разглядае нас як патэнцыйных ворагаў». Як у Беларусі затрымліваюць грамадзян Украіны і што ім пагражаеУ Менску затрымалі байкера, які ў 2020 годзе ўдзельнічаў у мотапрабегу салідарнасьці
Праваабаронцы адзначаюць, у відэа сілавікоў мужчына кажа, што падпісаны на «дэструктыўныя тэлеграм-каналы», зь якіх рабіў рэпосты. Яму пагражаюць крымінальнай справай.
У Менску затрымалі грамадзяніна Расеі за бела-сіне-белую налепку на машыне
Як паведамляе «Вясна», затрыманы родам з Пскова. У пакаяльным відэа ён кажа, што набыў дома машыну і прыехаў на ёй у Беларусь.
Гэтую сімволіку выкарыстоўвае таксама легіён «Свободная Россия», які ваюе на баку Украіны. Сілавікі называюць арганізацыю тэрарыстычнай і закідваюць мужчыну прапаганду тэрарызму.
У Жлобіне затрымалі былога палітвязьня, які два тыдні таму выйшаў з калёніі
Свабода заўважыла на тэлеграм-канале, зьвязаным з гомельскай міліцыяй, сюжэт з затрыманьнем «асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці».
Сярод затрыманых — былы палітзьняволены са Жлобіна Пётра Канстанцінаў. Ён кажа пра сябе: «Былы асуджаны».
Пётра Канстанцінаў выйшаў на волю 28 сакавіка. Ён цалкам адбыў увесь тэрмін. Пятра затрымалі ў чэрвені 2021 году ў Жлобіне і абвінавацілі ва «ўдзеле ў групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак» (арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
Крымінальная справа датычыцца падзей 9-10 жніўня 2020 года, калі ў Жлобіне праходзілі акцыі пратэсту.
6 жніўня 2021 года судзьдзя суда Жлобінскага раёну Мікалай Сергеевіч прысудзіў Канстанцінаву два гады калёніі агульнага рэжыму. Ён адбываў пакараньне ў калёніі ў Навасадах (Барысаўскі раён).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы расказалі, як 20-гадовай затрыманай з Круглага адмовілі ў мэдычнай дапамозе за кратамі