«Укренерго»: Расея за паўгода выпусьціла па энэргааб’ектах Украіны 1200 ракет і дронаў

Расейскія вайскоўцы з пачатку кастрычніка 2022 году выпусьцілі па ключавых абʼектах энэргетычнай інфраструктуры Ўкраіны больш за 1200 ракет і дронаў, паведаміла «Укренерго» у сувязі з заканчэньнем ацяпляльнага сэзона, які кампанія назвала «самым цяжкім у гісторыі ўкраінскай энэргасыстэмы».

Больш за 250 ракет і дронаў, па дадзеных «Укренерго», патрапілі ў цэлі, пашкодзіўшы каля 43% абʼектаў магістральных сетак. Усе цеплавыя і гідраэлектрастанцыі краіны атрымалі пашкоджаньні той ці іншай ступені, адзначаецца ў паведамленьні.

На цяперашні момант прыкладна 80% пашкоджанай магістральнай сеткі, як паведамляецца, ужо вярнулі ў працу.

Паводле ацэнкі Сусьветнага банка і ПРААН маштабы разбурэньняў, нанесеных украінскай энэргасыстэме, выключныя: толькі першачарговыя запатрабаваньні ў аднаўленьні і абароны высакавольтнай сеткі «Укренерго» сёлета складаюць амаль 1 млрд даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Самая складаная зіма пройдзеная». Украіна аднаўляе экспарт электраэнэргіі, бо сыстэма ўжо працуе з запасам

7 красавіка Мінэнэрга Ўкраіны паведаміла, што ўкраінская энэргасыстэма ўжо амаль два месяцы працуе без абмежаваньняў спажыўцоў з запасам магутнасьці, што дазваляе пачаць працэс аднаўленьня экспарту электраэнэргіі.

Украіна экспартавала электраэнэргію ў Малдову і краіны ЭЗ з чэрвеня па 11 кастрычніка 2022 году. З 11 кастрычніка 2022 году Ўкраіна спыніла экспарт электраэнэргіі для стабілізацыі ўласнай энэргасыстэмы пасьля расейскіх ракетных удараў па энэргетычных аб’ектах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На аднаўленьне Ўкраіны спатрэбіцца ня менш як 411 мільярдаў даляраў, — Сусьветны банк