Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На аднаўленьне Ўкраіны спатрэбіцца ня менш як 411 мільярдаў даляраў, — Сусьветны банк


Патрэбы Ўкраіны на рэканструкцыю і аднаўленьне краіны вырасьлі да 411 мільярдаў даляраў, паведаміў Сусьветны банк 22 сакавіка.

Гэта ацэнка заснаваная на шкодзе, нанесенай Украіне ў першы год поўнамаштабнага ўварваньня Расеі. Яе правялі сумесна ўрад Украіны, Сусьветны банк, Эўрапейская камісія і ААН. У параўнаньні зь верасьнем 2022 году сума вырасла на 62 мільярды даляраў — у папярэдняй справаздачы гаворка ішла пра 349 мільярдаў даляраў, піша ўкраінская служба Радыё Свабода.

Неабходныя 411 мільярдаў даляраў у 2,6 раза перавышаюць разьліковы валавы ўнутраны прадукт краіны за 2022 год.

У справаздачы гаворыцца, што ацэнкі «варта разглядаць як мінімум, паколькі патрэбы будуць расьці, пакуль ідзе вайна».

Аднаўленьне Ўкраіны «патрабуе некалькіх гадоў», заявіла віцэ-прэзыдэнт Сусьветнага банка з Эўропы і Цэнтральнай Азіі Ганна Бʼердэ. Яна дадала, што падтрымка дзяржаўных інвэстыцый таксама павінна быць дапоўнена значнымі прыватнымі інвэстыцыямі для павелічэньня даступнага фінансаваньня для рэканструкцыі Ўкраіны.

Уварваньне Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 году прывяло да перамяшчэньня мільёнаў людзей, а глябальныя цэны на прадукты харчаваньня і энэрганосьбіты падскочылі з прычыны наступстваў вайны.

Як адзначыў прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль, частка работ па рэканструкцыі ўжо выкананая. Таксама ён дадаў, што «сума ўрону і патрэбы ў аднаўленьні пакуль не ўключаюць дадзеныя аб страце інфраструктуры, жыльля і бізнэсу на акупаваных тэрыторыях».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG