Міністэрства абароны Беларусі апублікавала відэазапіс, на якім двое вайсковаабавязаных мэдыкаў расказалі, што яны на працы атрымалі позвы на зборы для праверкі баявой гатоўнасьці, абвешчанай па ініцыятыве Аляксандра Лукашэнкі ў пачатку красавіка.
На яшчэ адным відэазапісе Міністэрства абароны Беларусі паказала, як мэдычны атрад (спэцыяльнага прызначэньня) дзяржаўнай установы «432-і галоўны вайсковы клінічны мэдычны цэнтар Узброеных сіл Беларусі» рушыў у палявы выхад.
«На пэўным участку мясцовасьці будуць разгорнутыя падразьдзелы мэдычнага атраду і адпрацаваныя навучальна-баявыя пытаньні мэдычнага забесьпячэньня ў палявых умовах», — паведамілі ў тэлеграм-канале Міністэрства абароны Беларусі.
Зь яшчэ аднаго допісу можна зрабіць выснову, што на зборы прызвалі і журналістаў.
«У межах праверкі баявой гатоўнасьці вайсковаабавязаныя, прызваныя з запасу, увайшлі ў склад каманды інфармацыйнага цэнтру злучэньня, апэратыўна ўсьвядомілі і ўключыліся ў працу і забясьпечваюць выданьне ўласнай друкаванай прадукцыі, беларускай вайсковай газэты „Во славу Родины“, а таксама рыхтуюць матэрыялы для інфармаваньня», — адзначае Міністэрства абароны Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ўпершыню сёлета абвясьцілі праверку баявой гатоўнасьці Ўзброеных сілМіністэрства абароны Беларусі 3 красавіка паведаміла аб пачатку праверкі баявой гатоўнасьці Ўзброеных сіл краіны. Праверка адбываецца пасьля даручэньня Аляксандра Лукашэнкі.
Дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч заявіў, што праверка боегатоўнасьці мае плянавы характар, але будзе ісьці доўга і на розных палігонах і ў мясцовасьцях.
Апошняя праверка баявой здольнасьці Ўзброеных сіл Беларусі праводзілася летась. Яна была абвешчана раптоўна і доўжылася з 13 да 19 сьнежня 2022 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мэдыя-Палесьсе»: У Лунінцы прадстаўнікі ваенкаматаў хапаюць мужчын — каго на вуліцы, каго проста з ложкаЗ пачатку 2023 году ў Беларусі пэрыядычна праводзяць вучэньні тэрытарыяльных войскаў. Ад пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, якое падтрымала кіраўніцтва Беларусі, колькасьць вайсковых вучэньняў на беларускай тэрыторыі значна павялічылася.
Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дало вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне адрэагавалі на правядзеньне ў Беларусі праверкі баявой гатоўнасьці войска