Перад гэтым больш за дваццаць гадоў лацінка ў трохі зьмененым варыянце фармальна была стандартам для трансьлітарацыі беларускіх геаграфічных назваў.
Вядома, гэта быў недастатковы і чыста дэкаратыўна-тэхнічны статус. Вядома, малапісьменныя беларускія чыноўнікі, у тым ліку з МЗС ці замежнамоўных рэдакцый БелТА, звычайна не карысталіся гэтым стандартам, а далей пісалі каляніяльным расейскім трансьлітам «Grodno» і «Vitebsk» замест правільнага «Hrodna» і «Viciebsk». А адзінкавыя выкарыстаньні лацінкі на менскіх вулічных шыльдах, паказальніках ці ў менскім мэтрапалітэне выклікалі агрэсію расейскіх нацыяналістаў і рэжымных ідэолягаў — што, маўляў, яшчэ за «польскія літары»?
Але мяне ня гэтулькі абурыла рашэньне лукашэнкаўскіх чыноўнікаў, колькі прымусіла задумацца сама сытуацыя: а хто гэтыя людзі ўвогуле такія, каб разглядаць пытаньні, якія тычацца беларускай мовы?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўны камітэт маёмасьці скасаваў беларускую лацінку ў трансьлітарацыі геаграфічных назваўДзяржаўная мова, не патрэбная гэтай дзяржаве
Правілы беларускай мовы беларускае грамадзтва павінна пачаць рэгуляваць само, а не аддаваць гэта некампэтэнтным, непісьменным і несумленным бюракратам, якія ў закрытым рэжыме, без публічнага абмеркаваньня працягваюць нявечыць мову сумнеўнымі новаўвядзеньнямі кшталту «Токіа» замест «Токіё», альбо, як цяпер, уводзячы бязглуздую сыстэму перадачы беларускіх назваў лацінскім альфабэтам.
Лукашэнкаўскаму рэжыму беларуская мова не патрэбна. Ён ёй не карыстаецца і ненавідзіць яе. Я моцна сумняваюся, што людзі, якія прымаюць рашэньні датычна беларускай мовы і пагатоў моўнай палітыкі ўвогуле карыстаюцца беларускай мовай у побыце і нават на працы.
Дык чаму яны павінны яе рэгуляваць і ствараць правілы, якія ўсім сьветам будуць лічыцца легітымнымі і якія будуць як бы распаўсюджвацца на нас і, як у выпадку з адмовай ад гістарычнай лацінкі на карысьць непрактычнага і непрыгожага новага варыянту трансьлітарацыі, як бы і ганьбіць нас?
Ніхто не сумняваецца, што Лукашэнка не прадстаўляе інтарэсы большасьці беларусаў. Але ягоныя чыноўнікі ад мовазнаўства ня больш легітымныя за яго самога. Я чвэрць стагодзьдзя прынцыпова карыстаюся тарашкевіцай, пішу «Менск», «Берасьце» і «Янаў» замест «Мінск», «Брэст» і «Іванава». Гэта, калі хочаце, таксама маніфэстацыя свабоды ад лукашэнкаўскай дзяржавы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што ня так з увядзеньнем новай сыстэмы трансьлітарацыі. Тлумачыць мовазнаўцаКалі ёсьць «пераходны кабінэт» у выгнаньні, чаму ня быць «інстытуту беларускай мовы» ў выгнаньні?
Тэма рэгуляваньня беларускае мовы ў нечым нават больш актуальная, чым стварэньне, скажам, тэарэтычных праграмаў рэформаў (што, канечне ж, таксама важна). Бо тут пытаньне вельмі практычнае: пісаць, як вызначаюць лукашэнкаўскія расейскамоўныя чыноўнікі ці як рэкамэндуюць найбольш кампэтэнтныя і публічна вядомыя мовазнаўцы, не падпарадкаваныя лукашэнкаўскай адміністрацыі?
Гэта наша мова, нарэшце, ці Лукашэнкава?
Мы маем беларускія ўрадавыя органы ў выгнаньні (або структуры, якія прэтэндуюць на такі статус), якія ня маюць фактычнага кантролю над тэрыторыяй Беларусі.
Але кантроль над беларускай мовай усталяваць, мабыць, прасьцей, чым кантроль над беларускай тэрыторыяй. Тым больш што пераважная большасьць сапраўдных неабыякавых карыстальнікаў беларускае мовы, пераважная большасьць беларускамоўных СМІ, беларускамоўных літаратараў, адзіны ў сьвеце беларускамоўны тэлеканал — вось яны, тут, на нашым з вамі баку.
У выгнаньні ёсьць дастатковая колькасць беларускіх філёлягаў, якія дастаткова кампэтэнтныя, каб утварыць альтэрнатыўны інстытут беларускай мовы. У выгнаньні нядаўна адрадзілі Таварыства беларускай мовы, якое магло б стаць пляцоўкай для стварэньня такога сеткавага і грамадзкага інстытуту. У выгнаньні ёсьць Аб’яднаны пераходны кабінэт, які мог бы даць гэтай ініцыятыве рэсурсы, і Рада БНР, якая магла б даць ёй дадатковы афіцыйны статус.
Усё ёсьць, патрэбна толькі воля. Можа, паспрабаваць?
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нашу Ніву» цяпер можна чытаць на лацінцы